Святло пераможа цемру

У Познані на акцыю салідарнасці "Святло пераможа цемру", арганізаваную "Беларускім культурна-асветніцкім цэнтрам" і "Маладымі дэмакратамі", сабралася каля ста чалавек.

У Познані на акцыю салідарнасці "Святло пераможа цемру", арганізаваную "Беларускім культурна-асветніцкім цэнтрам" і "Маладымі дэмакратамі", сабралася каля ста чалавек. Прысутныя запалілі знічы белага і чырвонага колераў, з якіх на помніку Адаму Міцкевічу быў выкладзены беларускі сцяг.

Старшыня Беларускага цэнтру ў Познані Віталь Воранаў зачытаў прозвішчы ўсіх асобаў, якія знаходзяцца пад арыштам у сувязі з падзеямі 19 снежня. Адзін з затрыманых па гэтай справе, Сяргей Марцалеў, кіраўнік выбарчага штабу Міколы Статкевіча, наўпрост звязаны з Познанню, дзе на працягу некалькіх гадоў атрымліваў адукацыю. Прысутны на акцыі Франак Вячорка падзякаваў польскаму народу за актыўную і няспынную падтрымку грамадскай супольнасці ў Беларусі.

У канцы быў зачытаны выбарчы верш Уладзіміра Някляева, які быў перакладзены на польскую мову адным з сябраў Беларускага Цэнтру ў Познані, прафесарам Радаславам Акулічам-Казарынам. Дзякуючы інфармацыйнай кампаніі PAP навіна пра акцыю разышлася па найбуйнейшых сродках масавай інфармацыі ў Польшчы.

Беларускі культурна-асветніцкі цэнтар у Познані
Фота: Павал Абазовік-Далідовіч