Беларусы Малдовы хочуць усталяваць у Кішынёве помнік Францыску Скарыне

Беларусы Малдовы маюць намер усталяваць у Кішынёве помнік беларускаму першадрукару Францыску Скарыне. Пра гэта паведаміў старашыня Беларускай грамады ў Рэспубліцы Малдова Юры Статкевіч.

З просьбай аказаць дапамогу ў вырабе помніка беларусы Малдовы звярнуліся ў Міністэрства культуры Беларусі. Са свайго боку беларуская суполка Малдовы возьмецца за пошук месца для помніка і афармленне неабходных дакументаў, звязаных з дазволам на ўсталяванне помніка.

У адпаведным лісце, накіраваным на імя Міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі, Юры Статкевіч адзначыў, што ў беларусаў Малдовы няма культавага месца, дзе яны маглі б збірацца для розных урачыстасцяў.

“Мы па-добраму зайздросцім рускім, украінцам, балгарам і другім нацыянальным дыяспрам, якія могуць у любы час прынесці кветкі да помнікаў сваім выдатным  дзеячам гісторыі і культуры: А.Пушкіну, Т.Шаўчэнку, Х. Боцеву. А таму вельмі спадзяемся, што і ў нас таксама з’явіцца помнік, да якога не зарасце травой стяжынка”, -- піша Юры Стакевіч.

Беларуская  грамада  ў  Рэспубліцы Малдова дзейнічае амаль 20 гадоў. За гэты час яна аб’яднала сотні беларусаў, якія па волі лёсу трапілі ў Малдову. Сёння у  7 самых  вялiкiх гарадах  Малдовы (Кiшынеу, Бельцы, Цiраспаль, Бэндэры, Комрат, Рыбнiца, Грыгаропаль)  арганiзаваны i дзейнiчаюць  беларускiя суполкi. I на працягу ўсіх гэтых гадоў беларусы Малдовы захоўваюць родную мову, культуру і традыцыі.

Кожны год у суполцы правoдзяцца шматлікія літаратурныя чытанні, адзначаюцца юбілеі беларускіх грамадска-культурных дзячаў, выдаюцца кнігі беларускіх пісьменнікаў Малдовы.

Шэраг культурніцкіх мерапрыемстваў запланаваны на 2011 год. Ужо ў лютым пройдуць першыя літаратурныя чытанні, прысвечаныя 90-годдзю народных пісьменнікаў Беларусі Івана Мележа і Івана Шамякіна.

Затым беларусы Малдовы адзначаць юбілейныя даты з дня нараджэння Кандрата Крапівы, Змітрака Бядулі, Янкі Лучыны, Уладзіміра Мулявіна,  Цётки, Міхася Чарота.

Паводле “БЕЛТА”