Сапраўдныя традыцыйныя беларускія Каляды можна ўбачыць не толькі ў самой Беларусі, але і за 6 000 кіламетраў ад яе – у Іркуцку. Менавіта там Іркуцкаве таварыстыва беларускай культуры імя Яна Чэрскага на працягу ўжо амаль пятнаццаці гадоў адраджае і захоўвае беларускія традыцыі і абрады.
Сябры таварыства размахам сваіх святаў не перастаюць здзіўляць гасцей. Сёлета беларусы Іркуцка адзначылі Каляды 7 студзеня ў Іркуцкім музычным каледжы. З Беларусі на свята прыехала бард Таццяна Беланогая.
“Я была вельмі ўражаная. Не чакала, што ў Іркуцку столькі заўзятых беларусаў. У мяне было ўражанне, што няма ніякай розніцы паміж Мінскам і Іркуцкам, столькі там беларусаў, -- падзялілася ўражаннямі ад паездкі Таццяна. -- Імпрэза была арганізавана на вельмі высокім узроўні. Сабралася каля 70 чалавек. Ведаеце, у Беларусі часам ладзяць нешта такое штучнае – квазі-каляды ці квазі-купалле. А тут усё было вельмі натуральна, шчыра, з любоўю. Натуральныя строі. Дзяўчаты з суполкі самі вышывалі. Натуральныя вершы, песні. Мне было вельмі прыемна, што мяне запрасілі на гэтае свята. Гэта для мяне вялікі гонар”.
На Іркуцкім канцэрце Таццяны Беланогай гучалі песні на калядную тэматыку, балады. Таксама спявачка парадавала слухачоў песнямі з новага альбому “Ніткі”.
Пачалося свята з калядак, якія спявалі дзяўчаты з маладзёжнага клуба “Крывічы” і ўдзельнікі фальклорнага гурта “Ленушка”. За імі на сцэну выйшла Таццяна Беланогая. Пасля яе канцэрту ўдзельнікі моладзевага клуба “Крывічы” паказалі тэатралізаванае прадстаўленне “Калядкі”. А затым была танцавальная гадзіна. Усе ахвотныя (а іх было шмат) маглі навучыцца танчыць беларускія бытавыя народныя танцы.
Па словах Таццяны Беланогай у Іркуцкай суполцы шмат не беларусаў.
“Яны далучыліся, бо там весела, -- гаворыць Таццяна. – Усё вельмі цёпла і шчыра, і гэта адразу бачна. Вельмі шмат моладзі. Усе ведаюць беларускую мову. Шэсць тысяч кіламетраў, а як быццам бы нікуды і не з’язджала!”
На наступны дзень Таццяна Беланогая, старшыня ІТБК Алег Рудакоў і старшыня маладзёвага клуба “Крывічы” Воля Галанава з’ездзілі на Байкал і разам падняліся на пік Я. Чэрскага.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”