Больш за год таму беларуская дыяспара страціла аднаго з найбуйнейшых сваіх прадстаўнікоў, на жаль, малавядомага на Бацькаўшчыне, — Уладзіміра (Вальтэра) Кіта, намесніка адміністратара Цэнтра па экспарту NASA (National Aeronautks and Space Admіnіstratіon), доктара навук, сына знакамітага прафесара матэматыкі і даследчыка ракетнага паліва, акадэміка Барыса Уладзіміравіча Кіта.
Андрэй МАЙСЯЁНАК, прафесар, Гродна
Незадоўга да таго Уладзімір Кіт выйшаў на пенсію і пераехаў са штаб-кватэры NASA ў Вашынгтоне ў лагодны Сіэтл, што знаходзіцца ў штаце Вашынгтон недалёка ад ціхаакіянскага ўзбярэжжа ЗША. Яго смерць стала цяжкім выпрабаваннем для сям'і і блізкіх і, зразумела, для 100-гадовага Барыса Кіта, які адзначыў юбілей 6 красавіка 2010 года з цяжкім сэрцам. Вось што гаворыцца ў некралогу, апублікаваным удавой Уладзіміра ў буйнейшай газеце Злучаных Штатаў «The Washmgton Post»: «Памёр Вальтэр Кіт у сераду, 4 лістапада 2009 года ў Сіэтле, штат Вашынгтон. Самы дарагі і ўкаханы муж Марго Шэнет, любячы бацька Марыны Алмулер. Выдатны інтэлектуал, аматар оперы, ігрок у тэніс, нядаўні супрацоўнік NASA. Яго вельмі будзе нам не хапаць. Мемарыяльныя ахвяраванні могуць быць пералічаны на адрас Pancreatk Cancer Acton network. Мемарыяльная служба адбудзецца пазней». Памёр Уладзімір Кіт ад рака падстраўнікавай залозы на аперацыйным стале, падчас паўторнага хірургічнага ўмяшання. * * * А нарадзіўся ён у Беларусі. Вось урывак з успамінаў маці Уладзіміра Кіта: «4 лістапада 1941 г. радзіўся сын у бацькоў Барыса Уладзіміравіча і Ніны Корсак у Лебедзеве, раён Маладзечна, Беларусь. У гэты перыяд сям'я Кіт жыла ў бацькоў Ніны—Івана Сцяпанавіча і Наталлі Максімаўны Корсак. Пасля другой сусветнай вайны сям'я Кіт пераехала ў Злучаныя Штаты Амерыкі ў лютым 1948 г. Два гады жылі на ўсходзе Амерыкі ў мястэчку Саўт-Рывер (New Gersсy). У 1950 годзе летам пераехалі ў Каліфорнію і жылі ў Норд Галівуд, дзе Вова хадзіў у школу і дзе ён навучыўся гуляць у тэніс. Гэты спорт ён любіў і гуляў да канца жыцця. У 1950 годзе, 16 снежня, нарадзіўся ў іх другі сын, брацік у Вовы, Віктар.
Уладзiмiр Кiт у дзяцiнстве
У 1958 г. сям'я пераехала на ўсход Амерыкі, у Марыланд. Там Вова закончыў сярэднюю школу і быў прыняты ў Джорджстаўнскі ўніверсітэт на тэнісовую стыпендыю. Ён закончыў гэты ўніверсітэт у 1964 г. са стужкай бакалаўра са школы замежных спраў. Другі BS (ступень бакалаўра) ён атрымаў у 1968 г. і MS (ступень магістра, А.М.) з «George Washmgton» універсітэту. На апошняй працы ў 2002 годзе ён атрымаў ступень доктара з «Engmeermg Menagement». Увесь час ён працаваў у дзяржаўных установах. Апошнія 22 гады ён працаваў для NASA, як «manager of іnformatіon technology polіcy and planning». Першае сужэнства Уладзіміра Кіта, на жаль, скончылася разводам. У 1986 годзе Вова ажаніўся другі раз з Марго Шэнет. Яны пражылі шчасліва 24 гады. У верасні 2009 г. яны выйшлі на пенсію і выехалі ў штат Вашынгтон. Вова захварэў на рак падстраўнікавай залозы. 4 лістапада 2009 г. ён памёр, акурат на свой дзень нараджэння. Яму было 68 год.» * * * У навуковым асяроддзі Уладзімір Барысавіч Кіт быў вядомы як Вальтэр Кіт. Атрымаў амерыканскае грамадзянства ў 1958 годзе. Яго працоўны шлях увесь час пралягаў у Вашынгтоне: спачатку ў Міністэрстве арміі, Міністэрстве камунікацый і, нарэшце, у NASA. Яго галоўны накірунак дзейнасці — каардынацыя экспарту вынаходстваў і адкрыццяў у галіне касманаўтыкі. Выхаваны ў беларускамоўнай сям'і, ён валодаў рафінаванай беларускай мовай, якой вольна карыстаўся ў беларускамоўным асяроддзі. У 1960-х гадах па прапанове Міністэрства інфармацыі ЗША ён удзельнічаў у якасці асістэнта кіраўніка выставы «Амерыканская архітэктура» ў СССР (дырэктарам выставы была жонка Уладзіміра — Тамара Кіт, у той час супрацоўніца Міністэрства інфармацыі). Падчас адкрыцця выставы ў Мінску Уладзімір Кіт шакаваў савецкіх чыноўнікаў сваёй прамовай і вядзеннем экскурсій на беларускай мове, якой ніхто з іх не валодаў. Наведвальнікі выставы былі ўражаны прыгажосцю і сакавітасцю беларускамоўных аповедаў маладога амерыканца. Яны не ведалі, што перад імі сапраўдны беларус.
Сям’я Барыса Уладзiмiравiча Кiта ў 1976 г. у дзень вяселля малодшага сына Вiктара: злева направа — Тамара (нявестка), Барыс Уладзiмiравiч Кiт, Вiктар, Нiна Iванаўна, Марына (дачка Уладзiмiра) i Уладзiмiр Барысавiч Кiт
У 1970-х гадах Уладзімір Кіт быў камандзіраваны ў арабскі свет, Каралеўства Саудаўская Аравія, па міжурадаваму пагадненню, дзе кіраваў распаўсюджваннем кампутарных тэхналогій у гэтай арабскай краіне. Па вяртанні ў ЗША ўвесь час працаваў у галіне трансферу тэхналогій і камерцыялізацыі распрацовак NASA. Дарэчы, гэта стала тэмай яго доктарскай дысертацыі, абароненай 19 мая 2002 года ў The George Washington University Аналіз трансфераў праграмнага забеспячэння і камерцыялізацыя пяці галоўных цэнтраў NASA ў іх параўнанні з нацыянальнымі лабараторыямі Міністэрства энергетыкі ЗША дазволіў Уладзіміру Кіту зрабіць высновы аб ролі і эфектыўнасці партнёрскіх дамоўленасцей, мэтанакіраванай інфармацыі пра новыя тэхналогіі праграмнага забеспячэння, аб значэнні стымулу ўзнагароджвання. Рэалізацыя прапаноў дысертанта значна падвысіла эфектыўнасць камерцыялізацыі распрацовак NASA, узровень ліцэнзавання праграмнага забеспячэння і атрымання прыбытку за інтэлектуальны прадукт. Як кажуць, доктар Вальтэр Кіт апынуўся на «сваім месцы». Атрыманы ў спадчыну матэматычны талент бацькі, знакамітага сваім абгрунтаваннем плыўкага вадароду ў якасці ракетнага паліва, у спалучэнні з мэтанакіраванай працай далі свой плён у новай сферы. Як часта бывае з таленавітымі людзьмі, Уладзімір быў таленавітым ва ўсім. У прыватнасці, у музыцы. Гэта ўжо спадчыннасць ад маці — Ніны Іванаўны (10 жніўня 2009 года ёй споўнілася 90 гадоў), з роду Лебедзеўскіх-Корсакаў, аматараў капельнага спявання і народнай музычнай культуры. Сам Уладзімір не знайшоў часу, каб рэалізаваць свае музычныя здольнасці, якія ён дэманстраваў выдатна валодаючы фартэпіяна. Але гэта быў меламан высокага гатунку, прысутны амаль на ўсіх оперных прэм'ерах. А вось для адзінай дачкі яго — Марыны — музыка стала прафесіяй. Яна паспяхова скончыла балетную студыю і школу і была выбрана ў ліку 5 балерын (з 350 студэнтак) у балетную трупу славутага Нурыева, калі ён разам з рэжысёрам Пановым ставіў «Ідыёта» па Дастаеўскаму ў Вашынгтоне. Пра іншыя здольнасці Уладзіміра (ці, як яго называлі ў сям'і, Вовы) успамінае бацька Барыс Уладзіміравіч: «...У свае маладыя гады ён шмат займаўся спортам, асабліва тэнісам, у якім быў вельмі паспяховым. Лічыўся адным з найбольш выдатных маладых амерыканскіх тэнісістаў. Як, напрыклад, падчас студыяў ва ўніверсітэце Джорджтаўн у Вашынгтоне на працягу 4-х гадоў займаў становішча першага іграка ў тэніснай групе і ў такой якасці рэпрэзентаваў універсітэт ва ўсіх амерыканскіх спаборніцтвах таго часу паміж універсітэтамі, атрымліваючы перамогі і адпаведныя ўзнагароды. Аб гэтым было паказана ў газетах тых часоў. Граў у тэніс да апошніх дзён свайго жыцця». * * * У мінулым годзе мы абмяркоўвалі з Барысам Уладзіміравічам Кітом праграму візіту яго старэйшага сына ў Беларусь. Праца яго ўжо не стрымлівала і можна было падумаць пра сумесную вандроўку ў родныя мясціны. Хацелі разам убачыць у Маладзечне знакамітага хормайстра і кампазітара Іосіфа Сушко, які ў свой час кіраваў Лебедзеўскай капэлай, а ў ваеннае ліхалецце быў. вучнем Барыса Кіта ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. Мне, дарэчы, давялося вучыцца на баяне і спяваць у Варапаеўскіх хорах пад кіраўніцтвам Іосіфа Фаміча Сушко таксама на Маладзечаншчыне. Свет, сапраўды, вельмі цесны, але ж у ім ёсць пачэснае месца для нашых землякоў, якія сваім талентам, працавітасцю, няўрымслівасцю даказалі сваю чалавечую і нацыянальную годнасць. Шкада, што некаторым з іх не хапіла месца ў Беларусі. У Нацыянальнай акадэміі навук паспяхова дзейнічае Парк высокіх тэхналогій. Не вядома, ці мелі нашы маладыя спецыялісты праграмнага забеспячэння кантакты з NASA, але нішто не перашкаджае ім пазнаёміцца з навуковымі даследаваннямі Уладзіміра (Вальтэра) Кіта, якія, безумоўна, не страцілі сваёй актуальнасці па сённяшні дзень. Прафесар Барыс Кіт вельмі ганарыцца сваім сынам, яго навуковымі і службовымі дасягненнямі, называючы яго «сучасным Дамейкам». Гэта параўнанне двух вучоных — прадстаўнікоў розных эпох, але ўраджэнцаў аднаго рэгіёна — справядлівае. Аднак узмацню яго: нацыянальны герой Чылі адносіў сябе да польскай традыцыі, а Уладзімір Кіт заўсёды лічыў сябе беларусам. І будаваў сваё жыццё ў сучасным высокатэхналагічным постіндустрыяльным амерыканскім грамадстве, займаючы высокае становішча ў сусветна знакамітай NASA. У поўнай ступені ажыццявіўшы «амерыканскую мару».