У Іркуцку прайшла канферэнцыя, прысвечаная перасяленню беларусаў у Прыбайкалле

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная 100-годдзю Сталыпінскай рэформы - самага масавага перасялення беларусаў у Прыбайкалле – адбылася 16-18 снежня ў Іркуцку.

Сталыпінская аграрная рэформа праходзіла з 1906 па 1917 гады. Асноўная маса сялян у Расіі да рэформы паставілася адмоўна. Але беларускія сяляне, маючы вялікія сем’і і маленькія зямельныя надзелы, успрынялі рэформу як магчымасць набыцця зямлі на бязмежных прасторах Сібіры, а значыць як магчымасць выжывання.

У выніку рэформы, па некаторых дадзеных, у Сібір перасяліліся ад 800 тысяч да 1,5 мільёна беларускіх сялян. У Прыбайкаллі ўзніклі цэлыя анклавы размешчаных блізка адна да адной беларускіх вёсак. Так, па архіўных дадзеных, толькі ў Тулунскім раёне Іркуцкай вобласці з 157 вёсак, утвораных падчас правядзення Сталыпінскай рэформы, 124 вёскі ўтварылі беларусы.

Арганізатарам навуковай канферэнцыі, прысвечанай 100-годдзю Сталыпінскай рэформы, выступіла Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

Па словах старшыні ІТБК Алега Рудакова, акрамя навукоўцаў з Іркуцка, у канферэнцыі бралі ўдзел госці з Беларусі, з Масквы, Навасібірска, Екацерынбурга. З віншавальнымі словамі выступілі прадстаўнікі польскай і літоўскай суполак Іркуцка.

“Мы нават не разлічвалі на такую цікавасць да мерапрыемства, -- сказаў Алег Рудакоў.  – Зала была разлічана на 50 чалавек, а ўдзельнікаў было 90, так што нават месца не хапіла ўсім.”

З Беларусі для ўдзелу ў канферэнцыі ў Іркуцк прыехаў гісторык Андрэй Кіштымаў. Ён выступіў на канферэнцыі з дакладам на тэму “Сталыпін і Беларусь”.

“Усё прайшло вельмі добра. Мне вельмі спадабалася, -- падзяліўся сваімі уражаннямі Андрэй Кіштымаў. – Гэта была не толькі навуковая імпрэза, але і культурная. У межах мерапрыемства адбыўся яшчэ і канцэрт мясцовых беларускіх суполак з тых мясцін, якія былі заселены беларусамі як раз у перыяд Сталыпінскай рэформы. Нашчадкі тых беларусаў і цяпер захоўваюць і шануюць беларускія традыцыі. Дарэчы, Сталыпінская рэформа – гэта было першае добраахвотнае перасяленне беларусаў у Сібір, бо раней перасяленне адбывалася пад прымусам: гэта былі паўстанцы 1830-31 гг., удзельнікі паўстання 1863-64 гг., сярод якіх, між іншым, быў і Ян Чэрскі, чыё імя носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры. Мяне прыемна ўразіла, як актыўна працуе іркуцкая суполка і яе кіраўнік Алег Рудакоў. За Уральскім хрыбтом, напэўна, чатыры вялікія суполкі, але Іркуцкая найбольш актыўная і вядзе, на мой погляд, найбольш цікавую працу”.

Вынікі канферэнцыі былі падведзены падчас круглага стала, які адбыўся ў сядзібе ІТБК. Яго удзельнікі абмеркавалі неабходнасць правядзення юбілейных мерапрыемстваў, прысвечаных 150-годдзю паўстання Кастуся Каліноўскага, якое будзе адзначацца праз некалькі год.

“Мы павінны запланаваць нейкія дзеянні па ўшанаванні юбілею. У першую чаргу з беларускага боку, але і для іркуцкіх беларусаў гэтая тэма не чужая”, -- адзначыў Андрэй Кіштымаў.

Па матэрыялах канферэнцыі будзе выдадзены зборнік навуковых артыкулаў.

На думку Алега Рудакова, пытанні Сталыпінскай рэформы і перасялення беларусаў у Сібір вельмі мала даследаваныя. З мэтай прыцягнуць увагу навукоўцаў і студэнтаў да гэтай тэмы плануецца арганізаваць чарговую навуковую канферэнцыю, прысвечаную Сталыпінскай рэформе, напрыканцы 2011 года, -- паведаміў Алег Рудакоў.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”