Эпісталярная спадчына эміграцыі ў новым нумары “Запісаў БІНІМ”

Убачыў свет новы нумар альманаха “Запісы БІНІМ” (Беларускі інстытут навукі і мастацтва). Тэма гэтага нумару – эпісталярыі.

Убачыў свет новы нумар альманаха “Запісы БІНІМ” (Беларускі інстытут навукі і мастацтва). Тэма гэтага нумару – эпісталярыі.

Як адзначацца ў прадмове да выдання, у эпісталярыях “можна знайсці такія дэталі эміграцыйнай штодзённасці, адценні міжасабовых дачыненняў, якія не знойдзеш ні ў дзённіках, ні ў мемуарах, ні ў вусных сведчаннях. Эпісталярыі, як дэталізаваны адбітак адносінаў паміж аўтарам і адрасатам, шмат даюць для разумення часу і спецыфікі эміграцыйнага жыцця, тых ці іншых учынкаў у яго кантэксце”.

У нумары чытач знойдзе падборку ліставання Антона Адамовіча з Наталляй Арсенневай і прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка з Янкам Запруднікам, а таксама лісты Міхася Міцкевіча, Яўхіма Скурата, Масея Гітліна, біяграфічныя тэксты пра мастака  Уладзіслава Старэвіча, святара Апанаса Рэшаця, пасла польскага сейма Аляксандра Стагановіча, грамадскага дзеяча, публіцыста Ізыдыра Плашчынскага і інш.

Упершыню друкуецца праца Сымона Брагі  (Вітаўта Тумаша) “На Захад і Ўсход” (Пра беларускую культурную экспансію).

У віртуальным музеі БІНІМу – тэкст пра маркі і кружэлкі, а таксама падборка фотаздымкаў марак, значкаў і медалёў, вырабленых эмігрантамі розных часоў.

У гэтым нумары “Запісаў БІНІМ” з’явілася новая рубрыка – “Дзеці эміграцыі”, у якой плануецца публікаваць артыкулы пра жыццё і дзейнасць другога, трэцяга і наступнага пакаленняў беларускай дыяспары. Адкрывае рубрыку гутарка з дачкой вядомых дзеячаў беларускага замежжа Зоры і Вітаўта Кіпеляў Алесяй.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”