Шэраг беларускіх музыкаў, што жывуць і працуюць у Польшчы аб’ядналіся разам, каб выказаць сваё стаўленне да падзеяў на Радзіме. Іх праект атрымаў назву Tim Taler, а дэбютны інтэрнэт-сынгл — "Саша, сыходзь".
"Мы не маглі застацца ў баку ад таго, што робіцца ў нашай краіне. Сваёй песняй мы хочам разварушыць беларускую моладзь. Яна зроблена сур’ёзна, гэта не праект прыкалістаў-клоўнаў, што спяваюць на трасянцы, якіх становіцца ўсё больш", — заяўляюць удзельнікі праекту Tim Taler. Усе яны граюць у Польшчы ў ангельскамоўных і польскамоўных камандах. Ад спробаў утварыць беларускамоўны гурт яны адмовіліся. "Па-беларуску я перастаў спяваць, бо задзяўбло тое, што да нас, беларусаў, у Польшчы ставяцца як да нейкіх непаўнавартасных, — кажа вакаліст Tim Taler. — Ладзяць канцэрты, не таму што музыка класная, а таму што ў нас дрэнны прэзідэнт. А нам не трэба, каб нас хлопалі па плячу ды шкадавалі".Тым не менш, на час музыкі сабраліся разам, каб запісаць беларускамоўную песню і прадэманстарваць сваю неабыякавасьць да таго, што адбываецца на Радзіме. Праект назвалі Tim Taler, гуляючыся са словамі "team" (каманда), "талер" (беларуская валюта) і імём героя папулярнай кнігі, які прадаў свой смех. Музыкі кажуць, што калі іх песня-маніфест будзе мець розгалас, то яны могуць вярнуцца да выканання беларускага патрыятычнага року.Tim Taler — Саша, сыходзь (музыка і словы гурта)