Ілона Карпюк: “Быць беларусам – гэты пэўны выклік”

На пытанні анкеты "Быць беларусам – што гэта значыць?" адказвае Ілона Карпюк, старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў, журналістка Тыднёвіка беларусаў у Польшчы "Ніва" і Радыё "Рацыя", салістка гурта ILO&friends.

"Быць беларусам – што гэта значыць?" — у супольным праекце Budzma.org i TUT.by вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Сёння на пытанні анкеты адказвае Ілона Карпюк, старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў, журналістка Тыднёвіка беларусаў у Польшчы "Ніва" і Радыё "Рацыя", салістка гурта ILO&friends.

d196d0bbd191_d0bad0b0d180d0bfd18ed0ba

Быць беларусам - што гэта значыць? Якое значэнне вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?

Імкнуся,каб у маім жыцці гэта слова было натуральным, звычайным, штодзённым. Каб не трэба было пра гэта нагадваць і думаць, як гэта захаваць. Цешуся, што мой муж таксама беларус з Падляшша, і можам ствараць такую ж сям’ю.

І ўсё ж пры нашых умовах быць беларусам – гэты пэўны выклік. Зараз, напрыклад, турбуюся, ці змагу выхаваць беларусам сваё дзіця, ці ў гэтых умовах навучым яго нашай хатняй, беларускай мове. На беларускасць трэба надалей працаваць, таму прысвячаю гэтаму частку сваёй дзейнасці. І для мяне гэта таксама значыць быць беларусам.

Якія ўнікальныя беларускія рысы характару і светагляду ўласцівыя беларусам?

Пра гэта часта гаворыцца ў рамках стэрэатыпаў, але ў якіх часта многа праўды. Пра беларусаў наогул гаворыцца, што яны ветлівыя, а з-за той ветлівасці беларусы занадта сціплыя. Трэба больш, мацней, хутчэй! А мы так спакойненька ідзем па сваім шляху, за мэту абіраючы сабе выратаванне. Гэта мусім пераадолець. Трэба жыць паўнавартасна і такім сябе лічыць пасярод іншых грамадстваў і народаў.

Назавіце тры/пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх – беларус не беларус.

Магу, зразумела, пералічыць Грунвальд, Слуцкі чын ці 25 сакавіка, але па шчырасці самыя важныя падзеі для мяне адлюстраваныя ў апошняе дваццацігоддзе. Ніколі не забуду, як у ліцэі мы рыхтавалі розныя ўрачыстасці з нагоды Дня волі і з гонарам чыталі "Рэквіем для бензапілы" Уладзіміра Арлова. Гэта быў знак новых часоў для нас. З перспектывы Падляшша шмат зменаў прынес пачатак 90-х гадоў. Гэты час узрушыў беларусаў па абодвух баках мяжы. Беларусізацыя ў Беларусі вельмі моцна паўплывала і на беларускую суполку ў Польшчы, а дэмакратызацыя Польшчы памяняла магчымасці і ўмовы нашай дзейнасці.

Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?

Калі гаварыць пра беларусаў Падляшша, нашы традыцыі вельмі моцна звязаны з праваслаўнай культурай. Яна вызначае нашу беларускасць. Напрыклад, у нашых вёсках вельмі важныя парафіяльныя святы. Адначасова гэта і беларускія святы: тады мы сустракаемся, гаворым паміж сабой па-беларуску, сядзім за адным сталом. Раство, Вялікдзень, Дзяды, Правадная нядзеля, калі збіраліся на могілках і ўсе пакаленні бяседавалі з продкамі. Іх я лічу вельмі моцнымі беларускімі традыцыямі. У нашай сямейнай парафіі Пятра і Паўла – тады кшталтавалася мая беларускасць таксама. А на фоне святаў пералічыла б яшчэ традыцыі беларускіх спеваў, але і прыстройвання хаты, дбання пра панадворак, суседскае жыццё. Усё гэта можам спецыфічна адчуць сёння, хаця носьбітаў гэтых традыцыяй штораз менш.

Беларус без ведання мовы ці беларус?

Не магу адмовіць такім людзям у праве лічыць сябе беларусамі. У дзяцінстве адзінай мовай, якую ведала я і многія з маіх сяброў, была польская мова, так як і шматлікія беларусы хаваліся ў расейскай мове. Асноўнае, каб прыйшло разуменне, што нашым абавязкам ёсць вывучыць родную мову. Гэта вызначальны чыннік! Мне пашанцавала, бо беларускі дыялект дзядоў пачала засвойваць вельмі хутка.

Чым беларускім вы ганарыцеся?

Пачну, безумоўна, з беларускай вытворчасці, у тым ліку спажывецкай. Сыркі, квас, хлеб, касметыка, валенкі і яшчэ можна пералічваць так доўга, доўга. Напэўна беларускім словам і гучаннем мовы. Гэта і ёсць адметнае і адзінае ў свеце, як у выпадку кожнай мовы, але нашая вельмі спеўная і мілагучная. Дзякуючы гэтаму музыка лёгка ствараецца пад нашае слова.

Ганаруся нашай матэрыяльнай культурай. Я праўда не тая асоба, што сядзіць па вечарах і вышывае. Але ведаю такіх людзей. Праз гэту вышыўку і ўзоры між іншымі, як і праз нашыя сямейныя традыцыі, як мне падаецца, да нас пранікае жыццё народа і нашых продкаў.

Можам свабодна ганарыцца тым, што пасля гадоў русіфікацыі (ці як у нас паланізацыі) ёсць людзі, якія спрабуюць у розных галінах жыцця і мастацтва паказаць сваё майстэрства, яшчэ й з беларускімі рысамі. Без комплексаў. Без прыніжэння.

Што робіць нас беларусаў адметнымі сярод суседзяў і ва ўсім свеце?

Гісторыя барацьбы за захаванне сваёй культуры і адметнасці. Беларусы не ёсць тым народам, які лёгка дабіваецца свайго. Шмат часу прасядзелі сціпла ў куточку паміж вялікімі нацыямі, якія вырашалі нас лёс. Але нават у такіх умовах умеем перадаваць тое, што важнае. Мая беларускасць была прыхаваная дзядамі і бацькамі пад паверхняй, па якой я ступала. Трэба было да гэтага ўмела дабірацца. Дык мы ўмеем шукаць і выцягваць на паверхню.

Як вы бачыце будучыню Беларусі?

Наша культура будзе развівацца і, можа, будзем больш значнымі на еўрапейскім плане. Вядома, што магчымасці для папулярызацыі культуры знішчае становішча, у якім знаходзіцца дзяржава. Адчуваем гэта балюча тут, на Беласточчыне. Але вось, апрача беларусаў, што жывуць у Беларусі, ёсць беларусы па-за межамі. Спадзяюся, што супольна вытрымаем гэтая палітычнае выпрабаванне і ахвотных захоўваць ды папулярызаваць беларускасць не будзе бракаваць. Гэтая машына працуе і спыніць яе не так лёгка.

Пра праект "Быць Беларусам: другі сезон"

Усе гісторыі

budzma.org