“Карынція” заяўляе пра сябе

Гадоў восем таму выпускніца Мінскага культурна-асветніцкага вучылішча Эла Шпілеўская выйшла замуж у Аўстрыю. Цяпер яна — фраў Ella Hraschan, у яе двое дзяцей. Менавіта яны, дарэчы, і падштурхнулі дарослых стварыць першую беларускую суполку.

Суполку, якую стварылі выхадцы з Беларусі, Расіі і Украіны ў Аўстрыі, узначальвае былая мінчанка.

Гадоў восем таму выпускніца Мінскага культурна-асветніцкага вучылішча Эла Шпілеўская выйшла замуж у Аўстрыю. Цяпер яна — фраў Ella Hraschan, у яе двое дзяцей. Менавіта яны, дарэчы, і падштурхнулі дарослых стварыць першую беларускую суполку. “Дзеці мае, маіх сябровак з Беларусі жывуць у адрыве ад этнічнай радзімы, яны мала ведаюць пра нашу культуру, звычаі, вось мы і вырашылі стварыць суполку: разам лягчэй працаваць, — голас Элы Храшан па мабільніку бадзёры, яна ад’язджае з Беларусі ў добрым настроі. — Дарэчы, паглядзіце ў інтэрнэце, пра суполку “Карынція” пісала аўстрыйская прэса. Праўда, у таварыстве ёсць не толькі беларусы, збіраюцца разам і выхадцы з Расіі, Украіны. Ды нашых землякоў найболей: пэўна, тры чвэрці з трохсот чалавек”.

Спадарыня Эла распавяла, што прыальпійскі горад Філах — гэта папулярнае месца турызму і лыжнага спорту, другі па велічыні горад федэральнай зямлі Карынція, на поўдні Аўстрыі. У паселішча багатая гісторыя, а цяпер у ім ведаюць і пра Беларусь. “І нават аўстрыйцы, бывае, падпяваюць ды прытанцоўваюць пад нашу “Польку беларускую”, — расказвае Эла. — Калі раней ладзіліся імпрэзы, то мне самой даво-дзілася быць і за дыджэя, і спяваць, і танцаваць. Цяпер у мяне і Святланы (у дзявоцтве Разуменкі, яна Віцебскі педінстытут закончыла) памочнікаў шмат, асабліва дзяцей — з імі заўсёды цёплая атмасфера ў зале”.

У суполку “Карынція” ўваходзяць цэлымі сем’ямі, актывісты ладзяць разам цікавыя балі і святы, сабралі бібліятэку, дбаюць і пра заняткі, курсы, класы для дзяцей дыяспары на рускай і беларускай мовах.Паводле "Голасу Радзімы"