Вечар быў арганізаваны з мэтай зблізіць беларусаў розных пакаленняў.
“На мерапрыемстве сабраліся прадстаўнікі трох пакаленняў, – распавядае старшыня НКА “Беларусь” Аркадзь Крупенька. – Людзі майго пакалення – гэта старэйшае пакаленне, нашыя дзеці – гэта сярэдняе пакаленне і нашыя ўнукі. У цёплай сяброўскай атмасферы мы ўзгадвалі, як праходзіла наша маладосць, гады вучобы. Людзі старэйшага пакалення распавядалі пра складанасці, з якімі яны сутыкаліся падчас вайны. Я, да прыкладу, тры гады не вучыўся, хтосьці працягваў вучыцца. Умовы тады былі жорсткія, галоўнае было выжыць. Распавядалі пра вучобу ў пасляваенны перыяд, многія школы згарэлі, падручнікаў фактычна не было, захаваліся падручнікі толькі ў старэйшых вучняў, адзін падручнік на дзесяць чалавек, і мы адзін да аднаго хадзілі. Потым была вучоба ў навучальных установах. Тады ў людзей было вялікае імкненне, каб атрымаць адукацыю”.
Прадстаўнікі старэйшага пакалення дапоўнілі свой расповед песнямі ваеннага і пасляваеннага перыяду. Сярэдняе пакаленне спявала ўжо камсамольскія песні.
“Тады ўжо ўмовы для жыцця лепшыя былі, – гаворыць Аркадзь Сцяпанавіч. – З’явілася больш магчымасцяў: ездзілі ў студэнцкія атрады, у піянерскія летнікі. А нашыя ўнукі ўжо зусім па-іншаму жывуць. Яны больш дасведчаныя, могуць ездзіць свабодна за мяжу, у тым ліку і на вучобу, маюць доступ да тэлебачання, інтэрнету, сучасных тэхналогій”.
Па словах Аркадзя Сцяпанавіча, моладзь з вялікай цікавасцю слухала расповеды старэйшага пакалення. Са свайго боку маладыя людзі падрыхтавалі для вечарыны некалькі сучасных музычных нумароў. Вечарына ўсім спадабалася, таму сябры аўтаноміі “Беларусь” вырашылі не спыняцца на дасягнутым, а праводзіць падобныя сустрэчы розных пакаленняў у будучыні, а таксама ладзіць супольныя канцэрты, тэматычныя праграмы.
“Мы гэта дзеля нашай моладзі рабілі, дзеля іх далучэння да Беларушчыны. Падчас вечарыны мы таксама пра Беларусь гаварылі, – адзначыў Аркадзь Сцяпанавіч.
У наступным годзе сябры нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” плануюць зладзіць вандроўку ў Беларусь.
“Трэба нашай моладзі паказаць Беларусь, – гаворыць Аркадзь Крупенька. – А то мы толькі распавядаем, а яны ж ужо тут нарадзіліся, і ў Беларусі ніколі не былі.”
З мэтай захавання беларускай прысутнасці ў Рэспубліцы Комі сябры нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь” напярэдадні ўсерасійскага перапісу насельніцтва праводзілі тлумачальную працу ў Сыктыўкары і ў рэгіянальных аддзяленнях аўтаноміі з тым, каб як мага большая колькасць людзей падчас перапісу назвала сябе беларусамі. Цяпер з нецярпеннем чакаюць вынікаў перапісу.
Сярод бліжэйшых планаў аўтаноміі – правядзенне навагодняй вечарыны 24 снежня. “Збяром каля 40 чалавек, самых актыўных. Болей, на жаль, запрасіць не зможам, бо магчымасці памяшкання не дазваляюць”, – тлумачыць Аркадзь Сцяпанавіч.
Падчас вечарыны адбудзецца святочны канцэрт, пасля якога за навагоднім сталом сябры аўтаноміі ўзгадаюць зробленае за год, падвядуць вынікі працы ды абмяркуюць планы на будучы год.