Міра Лукша: “Трэба вучыць мову, бо яна можа загінуць”

Сёння на пытанні анкеты "Быць беларусам – што гэта значыць?" адказвае Міра Лукша, журналістка, пісьменніца, перакладчыца з Беласточчыны.

"Быць беларусам – што гэта значыць?" — у супольным праекце Budzma.org i TUT.by вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Сёння на пытанні анкеты адказвае Міра Лукша, журналістка, пісьменніца, перакладчыца з Беласточчыны.

d0bcd196d180d0b0

Быць беларусам - што гэта значыць? Якое значэнне вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?

Мы, беларусы Беласточчыны, нарадзіліся імі. Частка выказала свою тоеснасць пад час перапісу насельніцтва. Быць беларусам – гэта вывучаць мову і захоўваць традыцыі. У гэтым сэнсе ў нас усе дарогі вядуць у "Ніву". З 1956 года яна з’яўляецца як бы хронікай беларускага жыцця ў Польшчы. Аднойчы я сустрэла чалавека на вуліцы і ён загаварыў да мяне вершам, які быў напярэдадні надрукаваны ў "Ніве".

Якія ўнікальныя беларускія рысы характару і светагляду ўласцівыя беларусам?

Падляшскія беларусы рэлігійныя. Асабліва старэйшыя людзі. Частка беларусаў адсюль з’ехала ў Савецкі Саюз. Засталіся самыя ўпартыя, якія ўчапіліся за сваю зямлю. Таксама мы занадта рахманыя. Польшча ў Еўрасаюзе і паводле закону беларусы могуць увесці на сваёй тэрыторыі падвоеныя назвы на ўказальніках. Толькі некаторыя гміны скарысталіся гэтым. А іншыя кажуць "А на што нам? На нас будуць пальцам паказваць!" Вось беларусы вельмі часта не хочуць вылучацца. Абы было ўсё спакойна.

Назавіце тры/пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх – беларус не беларус.

Трэба проста ведаць гісторыю. Не пачынаць яе ад Кастрычнікай рэвалюцыі, а ведаць князёў, каралёў, творцаў мастацтва, палітыкаў.

Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?

Перш за ўсё сямейныя. Павінен ведаць, адкуль яго род, сваякоў, кім былі дзяды, дзе іх магілы. На Дзяды і Каляды трэба збірацца, ісці на магілы дзядоў, ісці ў царкву. На нацыяльныя святы трэба таксама збірацца, бо, калі мы ўсведамляем, што мы гэта мы і што святкуем, то гэта моцна дапамагае чалавеку.

Беларус без ведання мовы - беларус?

Гэта цэлая дыскусія сярод беларусаў свету! Я думаю, што ён беларус. Тым больш што мы параскіданы па ўсім свеце. Але трэба вучыць мову, бо яна можа загінуць.

Чым беларускім вы ганарыцеся?

Дранікамі! Я вельмі іх люблю, дарэчы, па мне гэта відаць.  Ганаруся нашымі тутэйшымі людзьмі. Звычайнымі сялянамі, якія трымаюць традыцыі. Я пішу пра іх у сваіх кніжках. Мае "Бабскія гісторыі" – гэта звычайныя лёсы звычайных людзей. Яны не гавораць пра сябе "Я беларус", але гэта відаць.

Што робіць нас беларусаў адметнымі сярод суседзяў?

Для еўрапейцаў мы досыць цікавыя людзі. Калі прыязджаюць мае сябры са Швецыі, то яны кажуць, што беларусы прыгожыя людзі, што чыста, што гаспадаркі дагледжаныя. Асабліва, калі з Расіі едзеш, то відаць, што тут жывуць гаспадары.

А ва ўсім свеце?

Непавага да ўласнай мовы. Калі народ сам па сабе хоча, каб яго не было.

Як вы бачыце будучыню Беларусі?

Звязваю яе з новым пакаленнем. Як Маісей вадзіў свой народ 40 год па пустэчы, замест таго, каб наўпрасткі пайці ў Зямлю Абяцаную. Іншая Беларусь будзе, калі вымрэ пакаленне, якое выхавана як пакаленне савецкая. Каб не 1994 год, то ўжо іншая краіна б.

Пра праект "Быць Беларусам: другі сезон"

Усе гісторыі

budzma.org