З 4 снежня чэшскую сталіцу можна правамоцна лічыць сталіцай беларускіх інавацый у сферы культуры. Менавіта ў Празе не толькі з’явілася на свет першая друкаваная беларуская кніга, але і прайшла першая он-лайн прэзентацыя беларускай кнігі ў жывым фармаце.
4 снежня ў Пражскай кавярні “Krásný Ztráty” адбылася інавацыйная прэзентацыя дэбютнай кнігі прозы Макса Шчура "Ліст, знойдзены на папялішчы". Заснавальнік і дырэктар выдавецтва “Белы Крумкач”, у якім выйшла кніга, Віталь Воранаў паабяцаў у будучыні зрабіць такія акцыі звычайнай практыкай: “Як віртуальныя ўдзельнікі трансляцыі, так і арганізатары палічылі гэты эксперымент удалым, таму ад свайго імя, магу паабяцаць, што гэтае новаўвядзенне станецца для майго выдавецтва звычайнай практыкай”.
Карцінка, якую бачылі віртуальныя ўдзельнікі прэзэнтацыі
Макс Шчур (злева) і Віталь Воранаў
Макс Шчур — беларускі паэт, перакладчык, эсэіст.
Нарадзіўся ў 1977 годзе ў Брэсце. Вывучаў ў Мінскім лінгвістычным універсітэце гішпанскую мову. Ад 1998 жыве ў Празе.
Аўтар п’есы “Смерць тырана” (Мн., 1997), зборніка вершаў “Амфітэатар” (Прага-Гданьск, 1999), шэрагу літаратуразнаўчых эсэ. Ягоныя вершы друкаваліся ў чэшскіх, шведскіх і польскіх перакладах. Лаўрэат прэміі Янкі Юхнаўца за раман “Там дзе нас няма” (2004).
Перакладае з чэшскай, гішпанскай, англійскай моваў.