Міхась Андрасюк: "Ваяваць беларусы пачынаюць, калі ўжо няма куды адступаць"

На пытанні анкеты "Быць беларусам – што гэта значыць?" адказвае Міхась Андрасюк, сябра Беларускага літаратурнага аб’яднання "Белавежа", журналіст радыё "Рацыя".

"Быць беларусам – што гэта значыць?" — у супольным праекце Budzma.org i TUT.by вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Сёння на пытанні анкеты адказвае Міхась Андрасюк, сябра Беларускага літаратурнага аб’яднання "Белавежа", журналіст радыё "Рацыя".

andrasiuk1

Быць беларусам - што гэта значыць? Якое значэнне вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?

Нічога асаблівага. Тое, што і быць палякам ці французам. Калі я раніцай прачынаюся, то ніколі не крычу, што я беларус. Толькі ў маім выпадку гэта крыху іначай, бо я жыву па-за адміністрацыйнымі межамі Беларусі. Быць беларусам – гэта захаваць сваю мову і культуру. Прынамсі, ведаць іх. Быць беларусам – гэта думаць, чым я магу паспрыяць Беларусі? Я пытаю ў сябе: што пасля мяне застанецца? У маім выпадку я не шмат магу. Я пакіну па сабе некалькі запісаных радкоў – мае кніжкі. Я магу даць кніжку троху іншую, чым аўтар, які нарадзіўся ў Беларусі і ўсё жыццё там пражыў. Я спадзяюся, што мае кнігі будуць жыць даўжэй за мяне.

Якія ўнікальныя беларускія рысы характару і светагляду ўласцівыя беларусам?

Існуюць стэрэатыпы, што беларус – гэта чалавек вельмі ветлівы, спакойны, гасцінны і талерантны. Беларус такі, якім яго сфармавала гісторыя: войны, канфлікты, 30-ыя гады ХХ стагоддзя. Усё гэта паставіла перад беларусамі галоўную праблему – выжыць, дачакаць лепшага часу. Часам нават любой цаной. Цаной свабоды: "мы не выйдзем на вуліцу", "мы не зробім рэвалюцыю". Мы пачакаем і пабачым, што будзе далей. Калі шукаць еўрапейскую нацыю, што была нам найбліжэй, то я назваў бы чэхаў. Яны таксама ветлівыя і неваяўнічыя. Пад час ІІ Сусветнай вайны прыйшлі немцы –"О’к, прыйшлі немцы", пайшлі немцы – "Пайшлі немцы". Галоўнае, што яны выжылі, не зруйнавалі Прагу. Ваяваць беларусы пачынаюць, калі ўжо няма куды адступаць. Прычым часта ваююць не за свае інтарэсы.

Назавіце тры/пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх – беларус не беларус.

Кожны беларус павінен ведаць пра Вялікае княства Літоўскае. Мы павінны ведаць праўду пра ІІ Сусветную вайну – усё было больш складна, чым прадстаўляюць падручнікі па гісторыі. Беларуская Краёвая Абарона абсалютна мае права на існаванне ў нашай памяці і свядомасці. Трэба ведаць, што быў Францыск Скарына. Для беларусаў у Польшчы важна ведаць пра тое, што ў Грунвальдскай бітве ваявалі беларусы. Нашы падручнікі па гісторыі прадстаўлялі гэта з аднаго боку: было польскае войска і крыжакі.

Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?

Традыцыі дзяржавы. Я памятаю, калі ў Польшчы пачалася палітычныя транфармацыя, і пачалі вяртацца такія паняцці як "бургомістр", "ваявода", "маршалак", "сойм", "сенат". Спачатку людзі сумняваліся, навошта яно. Пазней людзі пачалі разумець, што гэта слушна, бо гэта працяг нашай дзяржавы.

Беларус без ведання мовы - беларус?

Беларус. Але вельмі хворы. Мы мяжуем з імперыяй, і без ведання мовы будзем з кожным годам губляць сваё. Гэтак і беларусы ў Польшчы. Мы зможам існаваць, калі не будзе нармальнай беларускай дзяржавы. Але як доўга?

Чым беларускім вы ганарыцеся?

Калі нейкі мой сябра з Варшавы прапанаваў бы паехаць у Беларусь і я быў бы гідам, то я паказаў бы яму Гродна. Толькі не ведаю, ці варта было б цяпер ісці на Савецкую плошчу (раней яна была лепшай). Далей мы паехалі б у Наваградак. Я паказаў бы яму дом-музей Адама Міцкевіча і патлумачыў бы яму, што Міцкевіч быў і беларусам. Гэта, напэўна, было б адкрыццём для паляка! Абедалі б салянкай. Прапанаваў бы свайму госцю таксама добрае беларускае сала. Прапанаваў бы яму пачытаць штосьці з Быкава. Паказаў бы Полацк. І яшчэ параіў бы паглядзець на беларускіх дзяўчын, якія прыгажэйшыя ва ўсёй Еўропе. Каб ён потым здагадваўся: як яны могуць быць такімі прыгожымі, калі зарабляюць прыкладна 200 даляраў, а іх вопратка каштуе 1000!

Што робіць нас беларусаў адметнымі сярод суседзяў і ва ўсім свеце?

Калі я сустракаю ў Беластоку чалавека, то даведваюся, што ён беларус, толькі калі пачнем размаўляць. Прынамсі, заходнія беларусы, якія да нас часта прыязджаюць, нічым не адрозніваюцца.

А ва ўсім свеце… На жаль, альбо жорсткі разгон дэманстрацыі на вуліцы, альбо сфальсіфікаваныя выбары. Толькі тады Еўропа і свет пачынае цікавіцца Беларуссю. Пра нас нічога не ведаюць. Можа, так працуюць медыі, што добрая інфармацыя – гэта дрэнная інфармацыя. Часам добрым словам выступаюць спартсмены. Тады гучыць слова "Беларусь".

Як вы бачыце будучыню Беларусі?

Я бачу аналогіі з Польшчай. Па дамове круглага стала быў абраны Прэзідэнт Польшчы Войцех Ярузэльскі. Ён быў абсалютна недэмакрытычным. Не атрымалася адразу, каб былі свабодныя прэзідэнцкія выбары. Але ўжо другі Прэзідэнт Лех Валэнса быў польскім Прэзідэнтам. Рабацяга, але аўтарытэт. І першым прынцыпам для яго былі інтарэсы Польшчы. І толькі пасля яго прыйшоў Аляксандр Кваснеўскі, які быў адукаваным еўрапейскім палітыкам.

Так будзе і ў Беларусі. Не разумею, адкуль спадзяванне, што пасля Лукашэнкі павінен прыйсці дасканалы чалавек і ўсё выправіць? Так не бывае. Усё трэба рабіць паслядоўна і крок за крокам.

Пра праект "Быць Беларусам: другі сезон"

Усе гісторыі

budzma.org