На красавік-май 2011 г. запланавана наступная пілігрымка з Беларусі ў Святую Зямлю. Яна будзе прысвечана асвячэнню табліцы з малітвай «Ойча наш» на беларускай мове, якую Касцёл у Беларусі атрымаў дазвол змясціць на сцяне храма Pater Noster у Іерусаліме.
Аб гэтым паведаміў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 9 снежня 2010 г. у Мітрапалітальнай курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Сёння на сценах гэтай святыні змешчаны ўжо каля 130 тэкстаў з малітвай «Ойча наш» на нацыянальных мовах, і хутка сярод іх будзе таксама керамічная табліца з нашай краіны (памер 1,2 х 2 м). Тэкст малітвы на беларускай мове, як падкрэсліў Мітрапаліт, з’явіцца ў Святой Зямлі ўпершыню. Акрамя гэтага, у Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ёсць і жаданне ўсталяваць у Святой Зямлі каменную выяву Маці Божай Будслаўскай.