Дні беларускай культуры ў Цюменскай вобласці праходзілі з 25 па 27 лістапада. На тры дні гарады і вёскі скінулі дакучлівую штодзённасць і апранулі свае лепшыя строі, стаўшы царствам майстроў народных песень, танцаў, промыслаў. Беларуская гаворка гучала ў дзіцячых садках, школах, музеях, бібліятэках, санаторыях, дамах культуры.
Адкрыла Дні беларускай культуры творчая сустрэча Ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі ў г. Цюмень Уладзіміра Фёдаравіча Шуглі з ветэранамі, студэнтамі, пісьменнікамі.
26 лістапада ў Цюмені адбылося ўрачыстае адкрыццё Дзён беларускай культуры. Гэты дзень запомніцца гледачам цеплым ад усмешак, яркім ад рознакаляровых касцюмаў, сонечным ад сузор'я гасцей.
Пачалося ўсё з адкрыцця выставы прыкладной творчасці. Тое, што добра зробленыя рэчы важна яшчэ і правільна прадставіць, ні для каго не сакрэт. Сваю фантазію і прафесіяналізм праявілі: Любоў Фуфаева -- выстава вырабаў з саломкі “Дотык да вытокаў”, Надзея Азаранка -- выстава ручнікоў “Ручнік - беларускі манускрыпт”, Вольга Грыгор'ева вырабы з лазы “Чароўная лаза”, Галіна Безгодава – выстава вышыўкі “Ніткі часу”, Надзея Аніканава -- выстава прадметаў побыту “Народныя матывы”.
У другой палове 19 стагоддзя ў Сібір за зямлёй і лепшай доляй пайшлi беларусы сваім ходам, за што і атрымалі назву "самаходы". Яны прынеслі з сабой шматвяковыя звычаі і традыцыі, якія і сёння старанна захоўваюць іх нашчадкі, удзельнікі народнага фальклорнага ансамбля “Россияночка" (кіраўнік Надзея Вычужаніна) з сяла Ермакі Вікулаўскага раёна і ўладальнікі прэміі Гран-пры Усерасійскага фестывалю беларускіх зямляцтваў у Маскве, удзельнікі Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар” у Віцебску, удзельнікі народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля "Вячоркі" (кіраўнік Заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі Валянціна Міхеенка, з сяла Вікулава). Яны адкрылі канцэртную праграму абрадавых дзеяннем “Вяртанне да вытокаў. Родная мова”. Старадаўнія народныя песні ў іх выкананні ажывалі і пераліваліся ўсімі фарбамі вясёлкі.
Ансамбль “Россияночка"
Салісты аддзела беларускай культуры Палаца нацыянальных культур "Будаўнік" Алеся Азаранка і Юлія Чарапанава, прадставілі літаратурна-музычную кампазіцыю “Сястрыца родная”. Яны, як дзве галубкі, якія паляцелі з бацькоўскага гнязда і пасяліліся ў розных краях, тужылі і перажывалі адна за адну. Гледачы доўга апладзіравалі дзяўчынам.
Устрывожыла душу замова, якую прамаўлялі нашы продкі пры нараджэнні дзіцяці, яе запісалі ў 2009 годзе, калі беларусы Цюмені сумесна з супрацоўнікамі Цюменскага навуковага цэнтра Расійскай акадэміі навук з мэтай збору фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу арганізавалі экспедыцыю ў месцы кампактнага пражывання беларусаў. Пранікнёныя галасы разам з тэкстам-малітвай водкук у многіх сэрцах.
З самых маленькіх артыстаў варта адзначыць ансамбль “Зярняткі” з дзіцячага садка № 176 (кіраўнік Алена Гардубей). Дзеткі не толькі спявалі, але і танчылі ... Як заўсёды, дзіцячая творчасць выклікала ўсмешкі на тварах і бурныя апладысменты.
Салісты дзіцячага ансамбля "Зярняткі" і метадыст аддзела беларускай культуры Алеся Азаранка
Яркасцю і неардынарнасцю вылучалася выступленне дзіцячага харэаграфічнага ансамбля “Акварэль” (кіраўнікі Надзея Цялежкіна і Наталля Носава). Сваімі танцамі выканаўцы адразу ж пакарылі залу!
Некалькі гадоў таму беларускія песні звонкімі дзіцячымі галасамі загучалі ў вёсцы Дзесятава Ішымскага раёна Цюменскай вобласці. Там была створана дзіцячая вакальная студыя “Вясёлка”. Кіраўнік калектыву Алена Антончанка змагла зацікавіць беларускай культурай і згуртаваць дзяцей з бліжэйшых сёлаў. Цяпер удзельнікі “Вясёлкі” не прапускаюць ніводнай рэпетыцыі, з задавальненнем наведваюць заняткі ў гурткках, удзельнічаюць ў канцэртах. Стагоддзямі беларускі народ з яго невычэрпнай фантазіяй ствараў мноства яркіх самабытных народных святаў. Многія з іх сталі традыцыйнымі і ў Сібіры. Юныя артысты паказалі урывак з абрадавага дзеяння “Гуканне вясны”, яны з задавальненнем чыталі заклічки, гукалі вясну, выпускалі ў палёт папяровых жаўрукоў.
Яшчэ адны госці з сяла Дзесятава вакальны ансамбль “Жывіца” (кіраўнік Алена Антончанка) у гэтым годзе адзначае свой 5-гадовы юбілей. Спецыяльна да гэтай даты пры фінансавай падтрымцы камітэта па справах нацыянальнасцяў Цюменскай вобласці быў выпушчаны буклет. Яркім і запамінальным было выступленне ансамбля на свяце беларускай культуры.
Ансамбль "Жывіца"
Беларускія цымбалы не пакінулі абыякавымі нікога. Інструмент гучыць светла і радасна, калі над ім чаруюць рукі майстра - мастацкага кіраўніка ансамбля “Палессе” Тамары Грыгор’евай. У складзе ансамбля студэнты Цюменскіх каледжаў і ВНУ.
Ансамбль “Палессе”
У заключнай частцы канцэрта выступаў калектыў добра вядомы не толькі ў Цюменскай вобласці, але і далёка за яе межамі - народны ансамбль “Лянок” (кіраўнік Клаўдзія Зуева). Дзякуючы высокаму прафесіяналізму і багатаму вопыту ўдзельнікаў ансамбля быў закладзены той клас песеннага мастацтва, які забяспечваў прызнанне і поспех на такіх фестывалях як: “Радзіма мая – Беларусь” (г. Томск), фестываль беларускіх зямляцтваў (г. Масква), "На белых крылах"(г. Губкінскі),"Сібірскія крыніцы" (г. Цюмень), Міжнародны фестываль "Сожскі карагод” (г. Гомель), "У гасцях у Лявоніхі" (г. Навасібірск "),"Пеўчае поле "(г. Мінск ).
“За вялікі ўклад ва ўмацаванне міжнацыянальных адносін, сяброўства і супрацоўніцтва паміж народамі Цюменскай вобласці, захавання і развіцця народных традыцый, культуры і ў сувязі з актыўным удзелам у падрыхтоўцы і правядзенні Дзён беларускай культуры ў Цюменскай вобласці” актывісты былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і лістамі падзякі ад Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Рэспублікі Беларусь Леаніда Гулякі; старшыні камітэта па справах нацыянальнасцяў Цюменскай вобласці Яўгена Вараб'ёва; Надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі Васіля Далгалёва.
Загучала фінальная песня “Калі ты ў маім сэрцы Расія, значыць у сэрцы маім Беларусь”, на сцэну выйшлі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства, кожны ў сваім яркім, унікальным беларускім касцюме, сцэна зазззяла разанастайнасцю галасоў і фарбаў. Раз'ехаліся па гарадах і вёсках калектывы і салісты, але радасць і цяпло ад сустрэч застануцца з намі да наступнага года.
Фрагмент экспазіцыі ў межах Дзён беларускай культуры