16 лістапада, у дзень Маці Божай Вострабрамскай, сябры Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча здзейснілі паломніцтва ў старажытны Херсанес, адкуль князь Альгерд вывез абраз Маці Божай Вострабрамскай у Вільню.
16 лістапада, у дзень Маці Божай Вострабрамскай, сябры Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча здзейснілі паломніцтва ў старажытны Херсанес, адкуль князь Альгерд вывез абраз Маці Божай Вострабрамскай у Вільню. У саборы святога Уладзіміра ў цэнтральнай частцы іканастаса знаходзіцца вялікая ікона маці божай Вострабрамскай. Маецца надпіс, што сапраўдная ікона знаходзілася ў Херсанесе да 1365 года. Абраз маці божай Вострабрамскай лічыцца апякункай Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча “Пагоня”.
26 лістапада сябры таварыства “Пагоня” адзначылі 90-годдзе Слуцкага Збройнага Чыну. У гонар Слуцкіх паўстанцаў на мысе Гвардзейскі Севастопольскай бухты быў усталяваны бел-чырвона-белы сцяг. У сядзібе таварыства святар аўтакефальнай беларускай праваслаўнай царквы айцец Серафім адслужыў паніхіду за герояў, якія загінулі за свабоду Беларусі. Намесніца старшыні таварыства Ганна Малахоўская-Васюніна зрабіла даклад пра Слуцкае паўстанне.
Удзельнікі пасяджэння адзначылі 80-гадовы юбілей класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Старшыня таварыства Валер Барташ спасылаючыся на артыкулы пісьменнікаў Васіля Быкава, доктара Адама Мальдзіса і іншых літаратуразнаўцаў раскрыў нацыянальную сутнасць творчасці пісьменніка. Прагучала інфармацыя аб 155-годдзі са дня смерці паэта Адама Міцкевіча. Чарговыя чытанні, прысвечаныя яго творчасці, адбудуцца ў снежн. Значная частка мерапрыемства была прысвечана 20-годдзю дзейнасці Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына". Сябры таварыства “Пагоня”, якія прымалі ўдзел ў З’ез дах беларусаў свету, арганізаваных “Бацькаўшчынай”, распавялі пра свае ўражанні і адзначылі актыўнасць і выніковасць працы "Бацькаўшчыны". Было агучана віншаванне ўдзельнікам святочнай вечарыны, прысвечанай юбілею “Бацькаўшчыны”, у Мінску і выказана ўпэўненасць у будучых пазітыўных зменах у Беларусі ў дачыненні да роднай мовы, гісторыі і культуры. Таксам падчас пасяджэння было зачытана віншаванне кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” прадстаўнікам беларускай дыяспары.
Старшыня Севастопальскага таварыства беларусаў імя Максіма Багдановіча "Пагоня" Валер Барташ