Уладзімір Караткевіч
У апошнюю суботу лістапада ў Таварыстве Беларускай Культуры ў Літве адбылося чарговае мерапрыемства.
Пачаў старшыня таварыства Хведар Нюнька з прыемнага -- днямі адзначыў свой дзень народзінаў сябра Рады Вацлаў Гульбіновіч, войт Вільні. Потым перайшоў да навіны сумнай -- на мінулым тыдні адышоў у іншы свет шчыры беларус Янка Жучка. Ён быў чальцом СБМ, змагаўся ў беларускім войску, пасля вайны ў яго былі два шляхі: вярнуцца ў Беларусь, альбо ўцякаць з немцамі далей на Захад. Ён выбраў апошняе, жыў у Бельгіі. Калі Літва стала незалежнай, Янка Жучка некалькі разоў прыязджаў у ТБК , першы раз у 1997 годзе на раду БНР.
Гэта была першая сустрэча сяброў-змагароў: Янка Жучка, Барыс Рагуля, Кастусь Шышэя, Мікола Рулінскі і іншыя. Потым адбылося яшчэ некалькі сустрэч. Пра свайго сябра-аднадумца расказаў старшыня Хведар Нюнька.
27 лістапада 1920 года адбылося Слуцкае паўстанне, якое ўвайшло ў гісторыю як яркая старонка барацьбы за незалежнасць Беларусі. У ТБК Літвы штогод адзначаецца Слуцкі Збройны Чын, ён стаў Днём Герояў, прыкладам змагання для моладзі, сімвалам барацьбы. Гэтым разам дзень Слуцкага Збройнага Чыну супаў з датай правядзння мерапрыемства. Споўнілася 90 гадоў з дня паўстання. Аб гісторыі Слуцкага Збройнага Чыну расказаў Хведар Нюнька. Ён зачытаў і віншаванне ад Прэзідэнта рады БНР Івонкі Сурвіллы.
У лістападзе споўнілася 40 гадоў з дня смерці Адольфа Клімовіча. Крысціна Балаховіч зачытала ліст Мар’яна Пецюкевіча да Зоські Верас пра інжынера А.Клімовіча, які даслала ў таварыства з Рыму ягоная дачка Марыля Пецюкевіч. Гэты ліст быў агучаны ўпершыню.
Мар’ян Пецюкевіч піша:
...Пару дзён назад атрымаў ліст ад Людвікі Войцік (Зоські Верас), які прынёс мне вельмі сумную вестку.Яна паведамляе, што 24 лістапада на 70-мідзісятым годзе жыцьця памёр інжынер Адольф Клімовіч. Думаю,што вестка пра сьмерць Адольфа Клімовіча цяжкая і балючая, вельмі сумная для кожнага беларуса, які яго асабіста знаў, які супрацоўнічаў з ім на роднай беларускай ніве, які знаў яго як чалавека і дзеяча. Я інжынера Клімовіча пазнаў даўно. Калі ён вярнуўся з Чэхаславаччыны на Радзіму, закончыўшы там аграномію, я яшчэ вучыўся (здабываў) у сярэдняй школе. Ён адразу, па прыезьдзе з заграніцы, прыступіў да культурна-грамадскай і палітычнай працы за незалежнасьць Бацькаўшчыны, якую ўзначальваў выдатны палітык , грамадскі і культурны беларускі дзеяч, вучоны і непахісны патрыёт-ксёндз Адам Станкевіч... Інжынер Адольф Клімовіч, як кажа пагаворка, з галавой акунуўся ў кіпучую працу для свайго народу. І хіба не было дня і гадзіны ў ягоным жыцьці(у розных акалічнасьцях), каб ён не працаваў для дабра свайго беларускага народу, каб ня думаў пра яго лёс.Ніколі і нідзе ні чынам , ні думкай не адарваўся ад свайго народу, ці-то ў Картузкай Бярозе, куды вывезлі яго ўлады санацыйнай Польшчы, ці-то ў савецкім канцлагеры, ці-то да канца свайго жыцьця ў Вільні, дзе савецкія ўлады не далі яму ніякай працы па сьпецыяльнасьці, ці якой іншай разумовай працы. Чэсна зарабляў скромны кавалак хлеба ў ролі арганістара пры каталіцкім касьцёле на Зьвярынцы. Гэту працу ён дастаў ад літоўскага ксяндза, які разумеў цяжкое палажэньне чэснага чалавека, гарачага патрыёта братняга беларускага народу. Інжынер А.Клімовіч да апошніх дзён свайго жыцьця цікавіўся беларускімі справамі і сумленна, як мог працаваў для свайго народу. Да канца жыцьця застаўся верны ідэі, якой служыў - гэта ідэі поўнай незалежнасьці беларускага народа. Застаецца пытаньне яшчэ не разгаданым:"А што станецца з тымі скарбамі нашага народу, якія па-зярняці зьбіраў інжынер А.Клімовіч?"...
Вельмі падобны і лёс аўтара гэтага ліста – Мар’яна Пецюкевіча. Іх абодвух помняць і шануюць віленчукі-беларусы.
27 лістапада адзначалі і 80-годдзе з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Пра ягоную творчасць расказала Леакадзія Мілаш. Мы можым ганарыцца, што з’яўляемся сучаснікамі пісьменніка, ягонымі чытачамі. Памятаю 90-я гады мінулага стагоддзя, у кнігарнях Вільні адкрыліся аддзелы беларускай кнігі, Ул.Караткевіч -- першы пісьменнік, на збор твораў якога падпісаліся не толькі беларусы Вільні. Валдас Банайціс - першааткрывальнік,ён у той час з’яўляўся кніганошам. Ён вельмі ганарыўся тым, што змог набыць пасмяротны зборнік Ул. Караткевіча "Быў. Ёсьць, Буду."
Леакадзія Мілаш
Гэтым разам у ТБК адбылася прэзентацыя апошняй кнігі Зянона Пазняка "Цяжкі час - Працяг", агляд зрабіла Крысціна Балаховіч. На жаль, аўтар кнігі не змог быць на імпрэзе, ён быў у Вільні ў сярэдзіне лістапада.
Крысціна Балаховіч
Напрыканцы быў паказаны відэафільм пра Слуцкі Збройны Чын.
Старшыня Таварыства абвесціў, што ў наступным годзе Таварыства запланавала дзве вандроўкі -- адну ў Беларусь, на Мядзельшчыну, дзе пахаваны сябра ТБК Валера Місюк, які трагічна загінуў 2 гады назад, другую -- у Калінінград. Кожны год ТБК ладзіць такія пазнавальныя, цікавыя, запамінальныя вандроўкі.
Паводле Леакадзіі Мілаш, Вільня