
Атрыманы дазвол на адкрыццё беларускай нядзельнай школы ў Таліне за подпісам Міністра адукацыі Эстоніі. Пра гэта паведаміў ініцыятар стварэння школы і яе будучы выкладчык Дзмітры Панфіленка.
“У школе будзе навучацца 20 вучняў, але да адкрыцця, можа быць, знойдзем і болей, -- сказаў Дзмітры Панфіленка. – Дакладную дату адкрыцця пакуль не ведаем. Яшчэ трэба з арганізацыяй, якая дае нам памяшканне, дамовіцца аб раскладзе працы, бо там яшчэ будуць заняткі ў татарскай і рускай школах. Магчыма, заняткі пачнуцца ўжо з наступнага месяца. Пакуль рыхтуем хадайніцтва ў Міністэрства адукацыі Эстоніі на атрыманне фінансавання для школы.”
Плануецца, што ў школе будзе некалькі ўзроставых груп. “Будзем вывучаць мову, культуру, звычаі. Праводзіць святы, экскурсіі. Калі будзе тэхніка, то глядзець фільмы,” – паведаміў Дзмітры Панфіленка.
Нагадаем, дзякуючы намаганням Дзмітрыя Панфіленкі, у адной са школ Кохтла-Ярве з верасня 2010 года дзейнічае зборны беларускі клас для вучняў 5-12 класаў. Клас працуе па адмыслова распрацаванай праграме две гадзіны ў тыдзень, у часе якіх вучні вывучаюць беларускую мову, гісторыю і культуру. У будучым плануецца адкрыццё яшчэ аднаго беларускага класа ў Маарду.
Дзмітры Панфіленка прапануе бацькам, якія жадаюць, каб іх дзеці навучаліся ў беларускіх класах і беларускіх нядзельных школах у Таліне ці Кохтла-Ярве, дасылаць заяўкі на навучанне на электронны адрас dzmitry@or.ee або dzima85@rambler.ru.