У Бельгіі правялі ў апошін шлях Янку Жучку

Беларусы Бельгіі 22 лістапада праводзілі ў апошнюю дарогу Раднага БНР спадара Янку Жучку. Для многіх з прысутных гэта быў Чалавек найвышэйшага аўтарытэту і павагі. Ад пачатку свайго жыцця ў эміграцыі ён ні на хвіліну не забываў пра сваю родную Беларусь.

Беларусы Бельгіі 22 лістапада праводзілі ў апошнюю дарогу Раднага БНР спадара Янку Жучку. Для многіх з прысутных гэта быў Чалавек найвышэйшага аўтарытэту і павагі. Ад пачатку свайго жыцця ў эміграцыі ён ні на хвіліну не забываў пра сваю родную Беларусь.

Праводзіць Янку прыйшла вялікая колькасць ягоных родных і блізкіх. Святар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы разам з пробашчам парафіі Святых Пятра і Паўла ў Бруселі адслужылі заўпакойную Імшу з Паніхідай. У часе Набажэнства, пробашч Беларускай Царквы ў Атверпене святар Ян Майсейчык зазначыў: “Сёння мы развітваемся не проста з земляком, не са звычайным беларусам з паходжання, а з чалавекам, які стаўся для нас родным і блізкім, як бацька. Ягоная цеплыня і ветлівасць, якімі ён атачаў кожнага, хто так ці інакш сутыкаўся з ім, прываблівалі і вымагалі такое самае цеплыні і ветлівасці ў адносінах да яго самога. Шчыры Беларус, адданы патрыёт і руплівы вернік – на пачатку двухтысячных гадоў ён стаў тым, хто прыклаў намаганні да заснавання Беларускай Грэка-Каталіцкай парафіі ў Антверпене, старанна і ахвярна прысвячаючы свой час і здольнасці, каб пераканаць святаначальства ў неабходнасці гэтай святой справы. Потым, на працягу многіх гадоў ён быў як маральным, так і матэрыяльным фундатарам Царквы, якая заўсёды ўважала яго за ганаровага парафіяніна. Ягоная смерць стала для нас момантам пэўнага сіроцтва, пасяліўшы ў нашыя сэрцы глыбокі сум і боль страты, але мы верым, што добры Бог вернаму сыну зямной Бацькаўшчыны дасць Бацькаўшчыну Нябесную, дзе няма ні болю, ні суму, ні плачу, ні войнаў, ні інтрыгаў, ні несправядлівасці, але жыццё шчаслівае і бясконцае. Вечная Вам памяць, дарагі наш і любы Спадар Янка!”

Развітальнае слова ад родных і блізкіх сказаў Янкаў ўнук Серж, які яго вельмі любіў, як і ўсе яго родныя. На працягу ўсёй прамовы слёзы перашкаджалі яму, але гэты малады чалавек знайшоў у сабе сілы сказаць пра дзядулю ўсе добрыя словы, якія ён папярэдне прыгатаваў. Дзед Янка быў моцным Чалавекам і ён можа ганарыцца тым, што ягоны ўнук стараецца быць годным яго аўтарытэту.

На могілках да труны была ўскладзена вялікая колькасць вянкоў і жывых кветак, сярод якіх былі вянкі ад Рады БНР, ад вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы і ад беларусаў Бельгіі.

pahavanne_zhuchki1.JPG

Радны БНР Зміцер Піменаў распавёў прысутным пра тое, хто якім быў Янка Жучка: “Ад пачатку сваёй вымушанай эміграцыі маладога вясковага хлопца з -пад Клецка не пакідала думка атрымаць добрую адукацыю, каб вярнуцца на Радзіму і будаваць яе вольнай ад розных акупантаў. Яму прыходзілася цяжка працаваць на вугальных капальнях, каб заробіць грошы на жыццё , але кожную вольную хвіліну займаўся самаадукацыяй і падвышэннем сваіх ведаў. […] За кароткі тэрмін навучання ў Клецкай тэхнічнай школе ён даведаўся пра гісторыю Беларусі, якая была невядомай і якую не дазвалялі ведаць ані польскія , ані савецкія акупацыйныя ўлады. Падчас навучання ён стаў актывістам Звязу Беларускай Моладзі, сябры гэтай арганізацыі рыхтаваліся стаць гаспадарамі вольнай Беларусі і верылі, што нямецкая ўлада часовая і што яны здолеюць знайсці сілы, каб пазбавіцца ад нямецкай акупацыі, якая вызваліла беларускія землі ад маскоўскіх асаднікаў. Гэта актыўная моладзь не ўяўляла іншую Беларусь, акрамя як пад Бел-Чырвона-Белым сьцягам і з Пагоняй. […] Спадар Янка быў з першых, хто стаў дапамагаць беларускім дыпламатам набываць і адчыняць Беларускую Амбасаду. Галоўнай маральнай узнагародай яму было бачыць, што беларускае прадстаўніцтва ў сталіцы Еўропы пад Бел-Чырвона-Белым сцягам. […]Да апошніх сваіх дзён Янка цікавіўся беларускім палітычным жыццём. Памятаю, як два гады назад, Янка зрабіў выступ у Еўрапарламенце пад час вырашэння беларускіх праблемаў, ён шчыра быў незадаволены, тым, што пад час палітычнай працы не ўжывалася беларуская мова і не было беларускага перакладчыка. Праз год мне прыйшлося зноў прысутнічаць на слуханнях па беларускіх пытаннях у будынку Еўрапарламента. І я быў прыемна здзіўлены і з удзячнасцю пачуў, што словы Раднага БНР былі пачутыя і прынятыя да ведама, паседжанне вялося з перакладам на беларускую мову. Можна шмат што распавесці цікавага пра гэтага старога Беларуса, але самае адметнае, што ён не хацеў мець ніякіх іншых размоў, як размовы пра Беларусь і пра надзею, што Беларусь будзе вольнай ад часовай чорнай навалачы. Ён вельмі хваравіта перанёс, што сённяшнія чужынскія дыпламаты Беларускай Амбасады не адчынілі яму візы для ўезду ў Беларусь пару гадоў назад. Гэта яму было вельмі балюча.  […] Хацелася б верыць, што гэтыя людзі пакаюцца перад адыйшоўшым да Бога старым Беларусам.”

Зміцер Піменаз заклікеаў усіх беларксаў быць годнымі памяці беларускага актывіста і палымянага патрыёта Янкі Жучкі, які праз усё сваё жыцьцё пранёс любоў да Радзімы.

“Мы ўсе Беларусы, таксама павінны верыць, што вуліцы Беларусі будуць мець назву Янкі Жучкі”, -- адзначыў Зміцер Піменаў.

Паводле bielarus.eu