Алег Латышонак: “Беларускай нацыі без беларускай мовы не ўяўлялю”

На пытанні анкеты “Быць беларусам – што гэта значыць?” супольнага праекта Budzma.org i TUT.by адказвае Алег Латышонак - доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, выкладчык Беластоцкага універсітэту.

На пытанні анкеты , супольнага праекта Budzma.org i TUT.by адказвае Алег Латышонак - доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы, выкладчык Беластоцкага універсітэту.

latysonak_1

Быць беларусам - што гэта значыць? Якое значэнне вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?

Колькі сябе памятаю, быў беларусам. Гэта для мяне натуральна. Я не ўяўляю, што можна быць кімсьці іншым. Змалку мне казалі, што я беларус. Быў час, што я не зацеў ім быць. Але гэта не мяняе факта, што быў беларусам заўжды.

Якія ўнікальныя беларускія рысы характару і светагляду ўласцівыя беларусам?

Беларусы – гэта тутэйшыя. Мы тут спрадвеку. Таму не паддаемся чужынцам. Яны прыходзяць то з усходу, то з захаду, то поўдня, то з поўначы. А мы застаемся тут.

Назавіце тры/пяць асноўных падзеяў з гісторыі Беларусі, без ведання якіх беларус - не беларус.

З сярэднявечнай - гісторыя Рагвалода і Рагнеды; панаванне Усяслава Чарадзея (гэта мой улюбёны герой яшчэ з маладосці); Грунвальдская бітва і бітва пад Вошай, Біблія Скарыны, Літоўскі Статут. З навейшай - паўстанне 1863 года, але тут трэба казаць пра двух герояў Кастуся Каліноўскага і Міхайлу Каялоўскага і на іх гісторыі паказваць, як беларус не павінен адносіцца на другога беларуса, да якіх трагедый гэта вядзе. Варта тут таксама дадаць постаць Аляксандра ІІ, які даў волю сялянам. На жаль, мы прызнаем толькі Ігната Грынявіцкага, які забіў яго. Натуральна, гісторыя БНР – абвяшчэнне незалежнасці і слуцкае паўстанне. Гэта падмурак сучаснай Беларусі, таму даты 25 сакавіка 1918 г. i 27 лістапада 1920 г. - самыя важныя ва ўсёй нашай гісторыі. І незалежнасць ў 1991. Хоць часта крытыкуюць, што гэта незалежнасць звалілася нам на галовы, гэта быў вялікі крок у гісторыі нацыі.

Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?

Тое, што трымаемся сваіх традыцый, - моцны бок беларусаў. Мне падабаецца, што асноўныя традыцыі захоўвацца натуральна. Да іх ніхто не прымушае. Напрыклад, Дзяды.

Беларус без ведання мовы - беларус?

Беларус. Я шмат ведаю такіх. Але лічу, што гэта калецтва. Калі ён не ведае беларускай мовы, то такі ён беларус, як чалавек без рукі ці нагі. Я беларускай нацыі без беларускай мовы не ўяўлялю.

Чым беларускім вы ганарыцеся?

Па праўдзе, не бачу патрэбы чымсьці ганарыцца. Быць беларусам – мой натуральны стан. Гэта не справа, каб нечым ганарыцца. Ну, крышачку ганаруся тым, што Сяргей Ляховіч быў чэмпіёнам свету ў боксе :)

Што робіць нас беларусаў адметнымі сярод суседзяў і ва ўсім свеце?

На жаль, тое, што мы самі сябе не шануем. Усе не могуць надзвіцца, як можна грэбаваць роднай мовай? Як можна не паважаць гісторыю сваёй краіны? Няма чаго сябе падманваць: нават самымі вялікімі нашымі грузавікамі і дасягненнямі сельскай гаспадаркі тут не дапаможаш.

Як вы бачыце будучыню Беларусі?

Ёсць процьма людзей, якія адчуваюць сябе часткай гэтай краіны. Маю надзею, што гэта пачуццё будзе выклікаць прагу, каб гэта была краіна беларуская.

budzma.org