У газэце Rzeczpospolita (далей – Rz) ад 12 лістапада яе гарадзенскі карэспандэнт і дзяяч тамтэйшай палёніі Андрэй Пісальнік зьмясьціў артыкул пад назвай “Pół miliona Polaków pojedzie na Białoruś bez wiz” (Паўмільёны палякаў паедзе ў Беларусь бязь візаў). Тэкст тычыцца ратыфікацыі беларускім парлямэнтам дамовы аб малым памежным руху з Польшчай. Зьмест артыкулу выглядае даволі інфармацыйным і быццам бы комплексна апісвае як неабходнасьць такога кроку, так і пэрспэктывы для жыхароў памежных тэрыторыяў з абодвух бакоў беларуска-польскай мяжы. Сярод іншага цытуюцца меркаваньні Валера Варанецкага і Яраслава Раманчука. У слушнасьці адкрыцьця малога памежнага руху, прынамсі, як прамежкавай формы лібэралізацыі візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі, а таксама для грамадзка-культурнага супрацоўніцтва памежных рэгіёнаў, што стагодзьдзямі ня мелі гэтай мяжы, нават і сумнявацца ня варта. А вось расстаноўка акцэнтаў, згобленая спадаром Пісальнікам, выклікае шмат пытаньняў.
Ужо з самай назвы артыкулу і яго далейшага зьместу паўстае пытаньне, які сэнс мае слова “паляк” у назьве артыкулу – этнічнае ці грамадзянскае? У тэксьце цытуецца цалкам слушнае меркаваньне прадстаўнікоў беларускага МЗСу, пра тое, што ў выніку адкрыцьця малога памежнага руху актывізуецца эканамічная супраца, ажывяцца кантакты лякальных уладаў і сама галоўнае стануць цясьнейшымі сямейныя сувязі грамадзянаў, што жывуць паабапал двух бакоў мяжы. Далей Пісальнік згадвае, што польскі бок у асобе Браніслава Камароўскага падпісаў гэтую дамову яшчэ ў чэрвені на памежным пераходзе ў Кузьніцы Беластоцкай. У якасьці дэталі гэтага падпісаньня згадваецца прысутнасьць кіраўнічкі “нелегальнага” Зьвязу Палякаў (чальцом якога ёсьць і Пісальнік) Анжалікі Арэхвы і ейная фраза пра “гістарычнасьць гэтага моманту для палякаў у Беларусі”. Такім чынам, у інтэрпрэтацыі Пісальніка і Арэхвы ў кантэксьце Беларусі і яе грамадзянаў слова “палякі” набывае этнічны сэнс, і ў такі спосаб гэтая этнічная група вылучаецца сярод грамадзянаў Беларусі іншых нацыянальнасьцяў, што жывуць у беларуска-польскім памежжы. У такі спосаб з артыкулу складаецца ўражаньне быццам бы для беларускай Палёніі пачатак малога памежнага руху мае большы сэнс, чымся для грамадзянаў Беларусі любой іншай як польскай нацыянальнасьці. Пры гэтым, Пісальнік канстатуе, што памежная прастора ахопіць больш за мільён грамадзянаў Беларусі – у тым ліку жыхароў Берасьця і Горадні, а таксама каля паўмільёну грамадзянаў Польшчы – у тым ліку жыхароў Белай (Падляскай), Аўгустова і Бельска-Падляскага.
Ня варта хіба прыгадваць, што ў склад памежнай прасторы ўваходзяць тэрыторыі кампактнага пражываньня беларускай меншасьці ў Польшчы, адным з культурных цэнтраў якой ёсьць згаданы Пісальнікам у артыкуле Бельск. Аднак, пра беларускую меншасьць у Польшчы ў кантэксьце адкрыцьця малога памежнага руху спадар Пісальнік чамусьці ня згадвае. Такім чынам гэтая даволі значная група насельніцтва памежных зь Беларусьсю раёнаў Польшчы “растае” ў тым паўмільёне палякаў. Адсюль вынікае, што датычна Польшчы і этнічнай структуры яе насельніцтва спадар Пісальнік выкарыстоўвае слова “паляк” у грамадзянскім значэньні. У выніку ў чытача Rz ад гэтага артыкулу складаецца ўражаньне, што на польскім баку мяжы жывуць толькі этнічныя палякі і няма аніякіх этнічных беларусаў, у сваю чаргу як на беларускім баку мяжы этнічныя палякі складаюць ці ня большасьць, бо паводле Пісальнікавага тэксту менавіта для іх адкрыцьцё малога памежнага руху набывае найбольшы сэнс.
Ніхто ня будзе спрачацца, што адкрыцьцё малога памежнага руху карысна ўсім жыхарам памежнай тэрыторыі паабапал беларуска-польскай мяжы без разрозьненьняў на падставе нацыянальнасьці.
Карысным яно ёсьць безумоўна і для тых, хто лічыць сябе палякамі ў Беларусі, а таксама тых, хто лічыць сябе беларусамі ў Польшчы. Менавіта такую афарбоўку мусіў мець гэты адносна кароткі артыкул спадара Пісальніка. Замест гэтага, артыкул, хочацца спадзявацца ненаўмысна, стварае зманіпуляваную карціну рэчаіснасьці праз адмысловую расстаноўку ў ім спадаром Пісальнікам акцэнтаў.
Хочацца нагадаць спадару Пісальніку, што Rz (у тым ліку і ягоныя артыкулы там) чытаюць ня толькі палякі, але і беларусы, а таксама – прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў, прычым ня толькі ў Беларусі ці Польшчы. Таму, хай сабе і міжвольная маніпуляцыя акцэнтамі можа стварыць у чытача Rz нават на падставе маленькага артыкулу зманіпуляванае ўяўленьне пра шматграннасьць і шматкультурнасьць беларуска-польскага памежжа. А таму як аўтар артыкулаў спадар Пісальнік нясе маральную адаказнасьць за спробу спрашчэньня гэтай культурнай мазаікі.
* Невідавочная відавочнасьць (польск.)
Кірыл Касьцян, arche.by