Не атрымаўшы хоць якой-небудзь рэакцыі ці адказу з боку афіцыйных уладаў Беларусі (студэнты ЕГУ ўжо накіроўвалі адкрыты зварот у СМІ, а таксама падалі заявы Генеральнаму пракурору Беларусі і амбасадару Беларусі ў Літве), было прынятае рашэнне пра арганізацыю бестэрміновай акцыі салідарнасці з Міколам Дзядком да яго поўнага вызвалення.
16 лістапада, у Дзень Салідарнасці з ахвярамі палітычнага рэжыму ў Беларусі, студэнты ЕГУ заклікаюць усіх неабыякавых людзей далучыцца да акцыі салідарнасці з Міколам Дзядком. Арганізатары акцыі салідарнасці патрабуюць ад сілавых структур Беларусі альбо вызваліць Дзядка з-пад варты з-за адсутнасці наўпроставых доказаў яго датычнасці да якіх бы там ні было правапарушэнняў і злачынстваў, альбо правесці адкрыты і справядлівы суд па матэрыялах справы.
У звароце, распаўсюджаным студэнтамі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, адзначаецца: “Той факт, што дзяржаўныя абвінаваўцы ўжо некалькі разоў змянялі свае абвінавачанні, гаворыць толькі пра тое, што абвінаваўцы не маюць наўпроставых доказаў датычнасці Дзядка да правапарушэнняў. Трымаючы нашага калегу за кратамі, абвінаваўцы намагаюцца зламаць Міколу (пра гэта сведчыць перавод Міколы з СІЗА-1 г. Мінска ў Жодзінскую турму, дзе нашмат больш жорсткія ўмовы ўтрымання). […] Мы заяўляем, што будзем дамагацца неадкладнага вызвалення Міколы Дзядка з-пад варты любымі законнымі дзеяннямі, як у Беларусі, так і праз міжнародныя інстытуты і арганізацыі”.
Ініцыятары акцыі салідарнасці заклікаюць пісаць лісты падтрымкі Міколу Дзядку ў жодзінскую турму: Рэспубліка Беларусь, Мінская вобл., г. Жодзіна, 222160, вул. Савецкая 22А, турма №8, для Міколы Дзядка.
Паводле прэс-службы “StudAlliance”