Прафесар Аляксандр Баршчэўскі, якому споўнілася 80 гадоў, вядомы і як вучоны, і як паэт.
З прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта і беларускім паэтам Аляксандрам Баршчэўскім (літаратурны псеўданім Алесь Барскі) я знаёмы з 1964 года. Памятаецца, тады, у час маёй першай зарубежнай камандзіроўкі, мы сустрэліся на яго кватэры, яшчэ халасцяцкай, і гаварылі дапазна — ажно давялося заначаваць. У памяці засталіся ціканне мноства насценных гадзіннікаў ды вялікая калекцыя самавараў, да якой і я потым нешта дадаў. І, вядома, кнігі, мноства кніг на польскай, беларускай і іншых мовах па літаратуразнаўстве, фалькларыстыцы. Многія з іх тычыліся Беласточчыны, адкуль, з вёскі Бандары, сённяшні юбіляр родам. Тады ён, жывучы “адной нагой у сталіцы, а другой у любімай глушэчы”, возячы туды з Беларусі розныя сельскагаспадарчыя прылады, толькі што ўзначаліў — ні многа, ні мала — Беларускае грамадска-культурнае таварыства з цэнтральнай сядзібай у Беластоку і аддзяленнямі ў розных гарадах Польшчы. Выступаў у беластоцкай “Ніве” як публіцыст і паэт. Выкладаў на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, якой тады загадвала прафесар Антаніна Яблонская –Абрэмбская, рыхтаваў там дактарат (па-нашаму: кандыдацкую дысертацыю).
З цягам часу Алесь Баршчэўскі сам пачаў загадваць той жа кафедрай, стаў і доктарам габілітаваным, і прафесарам. Навуковы рост адбіваўся і на кватэры, у якой я час ад часу бываў. Пасля шлюбу з прыгажуняй Нінай, здаецца, яго студэнткай і таксама аступененым філолагам, аднапакаёўка была заменена двух-, а там і трохпакаёўкай на прэстыжнай вуліцы Яна Паўла ІІ. У кватэры большала кніг — прынамсі, яны выцеснілі самавары на балкон. І на кнігах гэтых усё часцей з’яўляліся прозвішча або псеўданім гаспадара. Я маю на ўвазе зборнікі вершаў “Белавежскія матывы”, “Жнівень слоў”, “Блізкасць далёкага”, “Лірычны пульс”, даследаванні “Ігнат Дварчанін, палітык і вучоны”, “Гісторыя беларускай літаратуры”, “Гісторыя беларускай культуры”, “Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беларусі”. З’явіліся драматычныя творы, пераклады з беларускай, рускай і ўкраінскай моваў.
Алесь Баршчэўскі многа падарожнічаў — па СССР, Англіі, ЗША, пісаў пра гэтыя краіны нарысы. З гадамі прыходзіць прызнанне. Ён выбіраецца прэзідэнтам Польскай асацыяцыі беларусістаў, віцэ-прэзідэнтам МАБ. Быў выбраны акадэмікам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, ганаровым доктарам БДУ, атрымаў медаль Францыска Скарыны, іншыя прэстыжныя ўзнагароды.
Сёння Алесь Баршчэўскі па-ранейшаму бадзёры, поўны новых задум. У маі месяцы ён у каторы раз наведаў разам з Нінай Мінск як дэлегат V Міжнароднага кангрэсу беларусістаў, выступіў з цікавым дакладам. Спадзяюся, што такім жа энергічным наш сёлетні юбіляр застанецца па меншай меры на бліжэйшыя два дзесяцігоддзі.
Адам Мальдзіс, "Голас Радзімы"