Новую кнігу Ганны Кандрацюк “Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.” толькі па форме можна назваць журналісцкім дзённікам. Насамрэч гэта хутчэй за ўсё літаратурна-псіхадэлічнае эсэ, поўнае містыцызму і жыццесцвярджэння.
Каларытная незаштампаваная мова, цудоўныя ілюстрацыі, удалая вокладка робяць выданне прывабным для любога чытача.Галоўны герой – паэт Анатоль Сыс, які прысутнічае на старонках кнігі ва ўспамінах сяброў і сваякоў, часам як паэт, а часам як дух, што з’яўляецца ў самых нечаканых месцах.Кніга выдадзеная праграмнай радай тыднёвіка “Ніва” пры падтрымцы Беларускага радыё “Рацыя” ў Беластоку.Напрыканцы мінулага і напачатку гэтага года дарожныя нататкі Ганны Кандрацюк друкаваліся ў беластоцкім тыднёвіку “Ніва” і з нязначнымі зменамі былі прадубляваныя ў кнізе “Дзядоўскае турнэ з Анатолем С.".
Ганна Кандрацюк-Свярубская
Нарадзілася ў вёсцы Кутлоўка на Падляшшы (Польшча). Закончыла Варшаўскі ўніверсітэт. З 1993 г. працуе журналісткай тыднёвіка беларуаў Польшчы "Ніва", дзе вядзе рубрыку для дзяцей і моладзі “Зорка”. Надрукавала больш за 200 рэпартажаў з Падляшша, Украіны, Беларусі, Прыднястроўя, Малдовы, Літвы, Славакіі, Латвіі, Канады. Аўтарка кніг " W stronę Tarasiewicza" (2004), "Царская трызна" (2007). Жыве ў Беластоку.