“Вечны вандроўнік” у Берліне

Язэп Драздовіч і яго творчая спадчына пераўтварыліся ў сучасны мастацкі твор, які пабачылі тысячы гледачоў з усяго свету.

Язэп Драздовіч. 1950 годЯзэп Драздовіч і яго творчая спадчына пераўтварыліся ў сучасны мастацкі твор, які пабачылі тысячы гледачоў з усяго свету.

А ці ведаеце вы, што з кастрычніка ў Берліне праходзіць выстава “Вечны вандроўнік Язэп Драздовіч і ягоныя сябры”? Калі б раней мне сказалі, што такое можа здарыцца, і я б не паверыў, ды час вымагае смелых ідэй. Галоўны завадатар праекта — беларускі мастак Алесь Родзін, які працуе ў берлінскім арт-цэнтры “Тахелес”. Такую назву, дарэчы, часткова знесены будынак набыў у 1990-м — у перакладзе з ідзіш яна азначае “гаварыць шчыра, выяўляць некаму сваё меркаванне, тлумачыць”. Цяпер пад яго дахам твораць людзі больш чым з 30 краін, гэта месца правядзення розных выстаў, інсталяцый, тэатральных пастановак. “Тахелес” лічыцца адной са славутасцяў “маладзёжнага” Берліна, штогод яго наведваюць каля 400 тысяч чалавек. Некалькі дзён у “Тахелесе” ладзілі экспазіцыю, разам з А. Родзіным працавалі вядомы ўдзельнік перфомансаў Зміцер Юркевіч, навуковы супрацоўнік музея-запаведніка “Заслаўе” Юрась Малаш і некалькі добраахвотнікаў.

Часткова матэрыялы былі загадзя падрыхтаваны ў Мінску: рэпрадукцыі з твораў Я. Драздовіча вялікіх памераў, буклеты на англійскай мове “Earth and Space Jazeps Drazdovich”, фотакалажы нашых сучаснікаў, якія ў творчасці звяртаюцца да ўнікальнай спадчыны “вечнага вандроўніка”... Вялікія фотакалажы дапоўнілі рукапісныя тэксты па-англійску пра жыццё і творчасць Я.Драздовіча. Адкрывала экспазіцыю копія маляванага дывана Язэпа, усталяваная між “каланад” з рэпрадукцыямі яго твораў, фотавыяў з тэкстамі. На чорным фоне сцен і падлогі эфектна паўсталі астралагічныя знакі-сімвалы, значыўся і шлях “вечнага вандроўніка” ад родных мясцін (вёска Пунькі, цяпер на Глыбоччыне) да Вільні, Менска, Наваградка, быў адюстраваны і накід “касмічнай тарпеды” — паводле малюнка, пакінутага ў запісах Я. Драздовічам.

У кожным закутку экспазіцыі гасцей чакала смелая інсталяцыя ці арт-аб’ект: размаляваны драўляны ідал, пакладзены на дзіцячыя вагі, незвычайнай канструкцыі тэлескоп, за якім сядзіць манекен чалавека і ўглядаецца ў зорнае неба... А на небе — велізарная сетка, побач “лятаюць” і размаляваныя шары, што сімвалізуюць планеты. Такім чынам беларускі “небазнаўца” і ягоная багатая творчая спадчына як бы пераўтварыліся ў адзін вялікі сучасны мастацкі твор, і яго пабачылі ўжо тысячы гледачоў. Падобнай выставы не было яшчэ ў свеце. Варта ўзгадаць яшчэ і перфоманс, які адбыўся перад вернісажам на вуліцы, гэткую тэатралізаваную ахвяру, якую прынеслі Усявышняму беларускія мастакі. Потым Алесь Родзін ды Зміцер Юркевіч, з моцна пафарбаванымі ў аранжавы колер тварамі, доўга яшчэ размаўлялі з гасцямі выставы, слухалі словы захаплення на розных мовах. На адкрыцці выставы Юрась Малаш расказаў гасцям пра каштоўную калекцыю маляваных дываноў, якая захоўваецца ў музеі-запаведніку “Заслаўе”. Засяродзіў увагу публікі на тым, што менавіта наш зямляк Язэп Драздовіч быў першым мастаком у свеце, які ўжо ў 1930-я гады маляваў разумнае жыцце ў космасе, на Месяцы і планетах Сонечнай сістэмы — Марсе, Сатурне. Ён жа стварыў сваю касмалагічную тэорыю аб паходжанні планет з парназоркавых сістэм.

Вось так, праз Берлін, гэты сапраўды цэнтр еўрапейскага мастацтва, пачалося далучэнне жыхароў Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Галандыі і іншых краін свету да шматграннай творчасці нашага земляка. На вернісажы ў хвіліны разышліся сотні буклетаў. Былі шчырыя, хвалюючыя словы ўдзячнасці арганізатарам выставы ад шматлікіх гасцей, якія да дзвюх гадзін ночы заходзілі ў выставачную залу, каб падзівіцца на скарбы “вечнага вандроўніка” з Беларусі.

Юрась Нястомны, "Голас Радзімы"