Пляменнік Якуба Коласа ў Нью-Ёрку адзначыў 91-я народзіны

Учора, 11 лістапада, у Нью-Ёрку адзначыў 91-ы дзень народзінаў завадатар беларускай дыяспары ў ЗША, пляменнік Якуба Коласа Алесь Міцкевіч.

фотоУчора, 11 лістапада, у Нью-Ёрку адзначыў 91-ы дзень народзінаў завадатар беларускай дыяспары ў ЗША, пляменнік Якуба Коласа Алесь Міцкевіч.

Аляксандар Іванавіч Міцкевіч нарадзіўся 11 лістапада 1919 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага павета. Яго маці Міхаліна — родная сястра народнага паэта Беларусі. Яшчэ ў 7-гадовай польскай пачатковай школе, якую скончыў у 1935-м, хлопчык паабяцаў сабе жыць і працаваць "для беларускай справы". Скончыўшы ўжо савецкія настаўніцкія курсы ў Стоўбцах, вучыў дзетак у вясковай Жыгалкаўскай школцы. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у пачатковай школе вёскі Крамец Стаўбцоўскага раёна. З лета 1944-га — на эміграцыі. “Я падзяляў пазіцыю дзядзькі Міхася (брат Якуба Коласа, вядомы ў літаратуры пад псеўданімам Антось Галіна. — TUT.BY), які лічыў, што бальшавікі не дазволяць нам спакойна жыць, — распавядаў мне Алесь Міцкевіч. — Сам дзядзька ў часе вайны працаваў інспектарам школ. Лёс склаўся так, што на эміграцыі для беларушчыны былі значна большыя магчымасці, чым на радзіме”.Амаль дзесяць год Коласаў пляменнік прабавіў у Аўстрыі, Францыі і Бельгіі, удзельнічаў у працы першых беларускіх паваенных арганізацый на выгнанні. Нарэшце ў 1955-м на запрашэнне дзядзькі Міхася прыбыў у Нью-Ёрк, дзе жыве дагэтуль. Працаваў цяжка і старанна: спачатку садоўнікам, потым — у абслузе 40-павярховага хмарачоса на 42-й вуліцы ў самым цэнтры Манхэтана. “Занятак, канечне, не надта прэстыжны, але праз тое, што арганізацыяй апекаваліся гарадскія ўлады, атрымліваў сацыяльную падтрымку на сям'ю, а ў пазнейшыя гады - і чатырохтыднёвыя вакацыі. Тут гэта лічыцца раскошай”, — узгадвае спадар Алесь. Алесь Міцкевіч не быў на радзіме 65 гадоў, але ў думках не расставаўся з ёй ні на дзень. На сценах гасцінай ў яго доме ў Куінсе, дзе мне пашчасціла пабываць, вісяць святыя абразы і “Пагоня”, над працоўным сталом у кабінеце — партрэт слыннага дзядзькі, на якога ён так падобны. Доўгія дзесяцігоддзі пляменнік Якуба Коласа быў адным з арганізатараў жыцця беларускай дыяспары за акіянам. Аднак пра свае дасягненні адзін з найстарэйшых беларускіх імігрантаў у Злучаных Штатах гаварыць не любіць: "Мая роля ёсць сціплая". Між тым Алесь Міцкевіч быў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларуска-Амерыканскага дапамогавага камітэта (дабрачынная арганізацыя для дапамогі беларусам у працэсе эміграцыі і ўсталявання ў ЗША. - TUT.BY). Старшынстваваў у нью-ёркскім аддзеле найбуйнейшага грамадска-палітычнага згуртавання дыяспары Беларуска-Амерыканскае задзіночанне і ў Царкоўнай радзе пры Кафедральным саборы Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Арганізоўваў распаўсюд галоўнай эмігранцкай газеты “Беларус”. 15 гадоў выдаваў двухтыднёвік “Весткі і паведамленьні”. Актыўна ўдзельнічаў у зборы сродкаў на дапамогу пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы на Беларусі... Шырачэзны жыццёвы кругагляд і надзвычайная адказнасць дазволілі яму ў роўнай ступені паспяхова пісаць і рэдагаваць газетныя артыкулы, цягам многіх гадоў выконваць функцыі скарбніка ды трымаць кантакты з усімі канцамі вольнага свету (ад Аўстраліі да Аргенціны), дзе пусцілі карэнне беларусы.“Цяпер, на жаль, узрост і здароўе не даюць многа пісаць. Ды і большасці тых, з кім я падтрымліваў лучнасць, ужо няма. На беларускіх імпрэзах таксама амаль не бываю. Сам ужо не магу. Трэба, каб мяне нехта забіраў машынай, але ўсе занятыя, ва ўсіх свае праблемы”, — прызнаецца спадар Алесь. Апошнім часам колішняга завадатара беларускага жыцця ў Амерыцы дакучаюць хваробы, але ён не губляе аптымізму. “Амерыканская медыцына ёсць добрая. Дактары кажуць, што з гэтым можна жыць”, — кажа Міцкевіч, бадзёры голас якога выдае ў ім чалавека гадоў 60-ці. — А наогул я вельмі рады тым, як дажываю свой век”. Побач з ім любая жонка Тэрэса, дочкі Яланта, Марыя ды ўнук Юзік, якім ён ганарыцца найбольш. Да нядаўняга часу Джэймс Парзьяле працаваў вэб-рэдактарам спартовага аддзела адной з найбуйнешых нью-ёркскіх газет New York Daily News. Цяпер перайшоў у другую топавую газету — New York Post. “Ён нарадзіўся ў Амерыцы, ягоны бацька італьянец, але Юзік цудоўна ведае беларускую мову. І па-польску таксама можа. Мы ж гадавалі!” — пахваляецца Алесь Міцкевіч.Сябра Рады БНР паўтарае, што для яго заўжды галоўным было “жыць сярод свайго народа і працаваць для беларускае справы з упэўненасцю, што не раблю шкоды”. Калі я распавядаю яму пра перадвыбарчую сітуацыю ў Беларусі, спадар Алесь са скрухай адзначае: “Ва ўсіх народаў хапае спрэчак і непаразумення, але ў нас асабліва. Беларусам трэба яднацца, ісці на кампрамісы адзін з адным дзеля агульнай мэты. Галоўным у беларускай справе мае быць сумленне. На гэтым грунтуюцца ўсе чалавечыя зносіны. Так пайшло яшчэ з біблейскіх часоў. Аб гэтым кажа “Евангелле”. Ветэран беларускага руху лічыць, што на карэнныя перамены на радзіме неабходна “гадоў 30”, а таму “трэба адбудоўваць сапраўды беларускую Беларусь”. "Справа за моладдзю", — з вышыні пражытых гадоў кажа Алесь Міцкевіч.

Кастусь Лашкевіч, Tut.by