Сустрэчу распачаў прывітальным словам старшыня Таварыства Беларускай Культуры сп. Хведар Нюнька. Кіраўнік таварыства закрануў шэраг істотных для беларускай грамады Вільні пытанняў. Так, Хведар Нюнька выказаў надзею на супрацу беларускай супольнасці Літвы з міністэрствам культуры Літвы па праблематыцы аднаўлення дзейнасці Беларускага музею імя Івана Луцкевіча ў Вільні.
Старшыня ТБК таксама закрануў пытанне аб усталяванні мемарыяльнай шыльды ў гонар беларускага ксяндза Адама Станкевіча на адным з касцёлаў у Вільні. ТБК дамаглося падтрымкі з боку аб’яднання нацыянальных мяншыняў Літвы, якое выступіла з агульным лістом на імя Віленскай Курыі з просьбай аб атрыманні дазволу на камемарацыю вядомага беларускага дзеяча.
Цёплымі словамі ўзгадаў Хведар Нюнька светлай памяці старшыню Таварыства Беларускай Мовы – Юрыя Гіля, якога ўжо год як няма з намі. Дзякуючы яго намаганням быў атрыманы дазвол, і намаганнямі спадкаемцаў справы ўсталявана дошка ў гонар беларускага паэта і пісьменніка Францішка Багушэвіча. Да прагляду прысутных была прапанавана кароткаметражная дакументальная стужка пра жыццё і дзейнасць Юрыя Гіля - самаадданага беларуса і творчай асобы.
Сустрэчу працягнуў студэнт ЕГУ Юрась Юркевіч, які прысвяціў частку свайго выступу Другой усебеларускай канферэнцыі, што адбылася ў Берліне ў 1925 годзе. Магістрант звярнуў увагу на той факт, што рашэнні аб роспуску Рады і Урада Беларускай Народнай Рэспублікі не маюць сілы. Вынікі рады не былі зацверджаны вышэйшым органам БНР - Прэзідыюмам Рады БНР, а сімвал дзяржаўнасці - пячатка - засталася ў Пятра Крэчэўскага, потым яна перадавалася наступным старшыням Рады БНР.
Дактарант Віленскага педагагічнага ўніверсітэта Алесь Адамковіч распавёў пра цікавае дзяржаўнае ўтварэнне – Сярэднюю Літву. Такая краіна паўстала ў кастрычніку 1920 г. як вынік узаемадзеяння федэралісцкай канцэпцыі Юзэфа Пілсудскага з вайскоўцамі і палітычнымі рэаліямі 1918-1920 гадоў. Так, на думку начальніка Польскай дзяржавы, магла паўстаць яшчэ і Усходняя Літва, на чале з генералам Булак-Балаховічам, але гэтага не адбылося.
Алесь Адамковіч звяруў увагу прысутных на беларускі складнік новаўтварэння 20-ых гадоў. На тэрыторыі ў 14 км2 пражывала больш за 40% беларусаў, беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай як і польская. За кароткі час былі адчынены некалькі сотняў школ з беларускай мовай навучання – усё гэта заклала трывалы падмурак для станаўлення беларускасці ўвогуле і цэнтру беларускага космасу – гімназіі ў Вільні.
Другую частку свайго выступу Алесь прысвяціў жыццю і дзейнасці беларускага святара і публіцыста – Віктара Шутовіча. Ён нарадзіўся ў Ашмянскім павеце і быў высвечаны ў святары ў 1913 г. у Вільні. Малады Шутовіч хутка далучыўся да руху беларусізацыі касцёлу і быў асуджаны польскімі ўладамі за казанні на беларускай мове. У 1932 годзе Віктара Шутовіча касцёльныя ўлады пераводзяць падалей ад Віленшчыны ў якасці прэфекта ў Хорашчы каля Беластока. Кароткі час Шутовіч служыў у Чырвоным касцёле, аднак быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволяння Савецкімі ўладамі. Пасля вяртання ў 1955 асеў у Барысаве, дзе нелегальна праводзіў імшу на каталіцкіх могілках, дзе і сам зараз пахаваны.
Наступным распавёў аб палітычным становішчы ў Беларусі палітолаг Артур Юдзіцкі. Ён адзначыў “тэатральнасць” і непразрыстасць бягучай прэзідэнцкай кампаніі і пэўную прадвызначанасць народнага выбару.
Сустрэчу завяршыў студэнт Юрась Юркевіч словамі пра апошні падзел Рэчы Паспалітай у 1795 г. Малады гісторык вызначыў асноўныя сюжэты ўрокаў гісторыі для сённяшняга дня і будучыні, адказнасці эліт за лёсы дзяржавы і народа, а таксама праблемы легітымнасці ўлады.