Грамадскія актывісты Літвы і Беларусі 10 лістапада зладзілі у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце прэзентацыю антыатамнай інсталяцыі.
У літоўскай сталіцы ўжо цягам месяца адбываюцца разнастайныя мерапрыемствы, мэта якіх - прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы атамнай энергетыкі. У канцы верасня ў цэнтры Вільні была зладжаная вулічная акцыя пратэсту з мэтай нагадаць пра небяспеку атамнай энергетыкі. Пазней на мосце ў адным з раёнаў горада быў вывешаны антыатамны банэр з надпісам "За будучыню - без атамных пачвараў!". Таксама была арганізаваная фотавыстава на тэму небяспекі атамнай энергетыкі.
На гэтым спіс мерапрыемстваў не сканчаецца. Грамадскія актывісты Літвы і Беларусі працягваюць звяртаць увагу грамадства да актуальных праблем атамнай энергіі ў рэгіёне.
Анатацыя да інсталяцыі:
Інсталяцыя прысвечаная праблеме выкарыстання атамнай энергетыкі і будаўніцтва новых атамных электрастанцый. Мэта – звярнуць увагу на небяспеку і адначасовую прывабнасць атамнага энергарэсурсу. Пабудаваць АЭС – тое ж, што і наступіць на міну. Што можа адбыцца далей – невядома. Ці можна даць гарантыю ад аварыі; наколькі “бяспечныя” выкіды атамных станцый; што рабіць з радыёактыўнымі выкідамі; ці можна кампенсаваць наступствы аварыі на АЭС? Гэтыя пытанні застаюцца адкрытымі для ўсяго чалавецтва. Перад Вамі ж стаіць галоўнае пытанне: ці патрэбныя нам новыя АЭС?
Інсталяцыя стала магчымай пры падтрымцы беларускай экалагічнай арганізацыі “Экасфера” і маладзёвай ініцыятывы StudAlliance.
Прэс-служба StudAlliance