Як цюменскія школьнікі Беларусь адкрывалі

На тэрыторыі Расійскай Федэрацыі з 14 па 25 кастрычніка праводзіўся перапіс насельніцтва. З гэтай нагоды ў Цюмені прайшло мерапрыемства “Я, ты, ён, яна, разам --цэлая краіна”, арганізаванае супрацоўнікамі аддзела беларускай культуры Палаца культуры "Будаўнік" сумесна з супрацоўнікамі абласной дзіцячай бібліятэкі.

На тэрыторыі Расійскай Федэрацыі з 14 па 25 кастрычніка праводзіўся перапіс насельніцтва. З гэтай нагоды ў Цюмені прайшло мерапрыемства “Я, ты, ён, яна, разам --цэлая краіна”, арганізаванае супрацоўнікамі аддзела беларускай культуры Палаца культуры "Будаўнік" сумесна з супрацоўнікамі абласной дзіцячай бібліятэкі.

Гледачы атрымалі унікальную магчымасць пазнаёміцца з беларускай культурай, звычаямі і традыцыямі, мовай, убачыць, што займацца традыцыйнай культурай могуць не толькі людзі старэйшага пакалення, але і дзеці, і моладзь.

Вядучыя распавялі дзецям пра гісторыю беларусаў-перасяленцаў у Цюменскай вобласці, якія прыйшлі ў Сібір за зямлёй і лепшай доляй у 19 ст. сваім ходам, за што і атрымалі назву “самаходы”. Многія ўпершыню адкрылі для сябе беларускага першадрукара Францыска Скарыну, дзякуючы макету кнігі Бібліі 1519 года, выкананаму метадыстам аддзела Людмілай Татарынцавай, арыгінал захоўваецца ў запасніках Цюменскага абласнога краязнаўчага музея. Метадыст аддзела Алеся Азаранка расказала пра  беларускія ручнікі, пра значэнне кожнага ўзору, кожнага шыўка на прыкладзе ручнікоў, вышытых яе мамай-майстрыцай Н.Я. Азаранка. Дзеці даведаліся пра тэатралізаваныя пастаноўкі, абрадавыя дзеянні, аўтарскія вечары, паданні і святы, якія праводзяцца аддзелам беларускай культуры, і атрымалі запрашэнне  прыняць у іх удзел.

Асноўны акцэнт быў зроблены на неабходнасць павагі іншай культуры. На тэрыторыі Цюменскай вобласці пражывае больш за 145 нацыянальнасцяў, сёння амаль у кожнай сям'і ёсць прадстаўнік той ці іншай нацыі, прычым многія нават і не падазраюць, што ў іх сямейным дрэве ёсць іншыя карані. Падчас імпрэзы былі выкананы песні і вершы на беларускай мове салістамі аддзела.

На працягу ўсяго мерапрыемства дэманстраваліся фатаграфіі з жыцця беларусаў Цюменскай вобласці, у завяршэнні быў паказаны відэа-ролік аб экспедыцыі ў месцы кампактнага пражывання беларусаў-самаход ў Вікулаўскім раёне, якая праходзіла летам 2009 г, гэта адно з нешматлікіх месцаў дзе амаль у першапачатковым выглядзе захавалася традыцыйная культура нашых продкаў-беларусаў.

Пасля заканчэння мерапрыемства на пытанні школьнікаў адказвалі: нашчадак беларусаў-перасяленцаў Юлія Чарапанава, начальнік аддзела беларускай культуры Уладзіслаў Татарынцаў, метадыст аддзела, карэнная беларуска Алеся Азаранка.

Начальнік аддзела Уладзіслаў Татарынцаў Фота аўтара