Я прыехаў у Эстонію два гады таму вучыцца ў магістратуры аддзялення “Міжнародныя зносіны” Талінскага тэхнічнага ўніверсітэта. І ўлюбіўся ў гэту прыгожую краіну, у стары Талін. Быў здзіўлены, калі даведаўся: тут у радыёэфір рэгулярна выходзіць праграма на беларускай мове “Бацькаўшчына”.
Паслухаў яе… Пра беларускую культуру гаварылі вельмі спрошчана. Нашы дранікі ды каўбаскі, вядома, смачныя, але ж культура багацей ды глыбей. Як чалавек актыўны, даслаў тады кіраўніцтву Радыё-4 ліст з прапановамі. Яны там спадабаліся, праз месяц я стаў адным з аўтараў “Бацькаўшчыны”.
Радыёстанцыя Радыё-4, на хвалях якой гучыць беларуская перадача, — частка структуры грамадска-прававога тэлебачання і радыё Эстоніі. Кіруе ёй рада назіральнікаў, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ад палітычных сілаў, грамадства, творчай ін-тэлігенцыі краіны. Сюды ўключаны два тэлеканалы — ETV-1 і ETV-2 — і шэраг радыёстанцыяў. З тэлеканала ETV-2 зыходзяць праграмы на рускай мове, а адна з радыёстанцыяў, Радыё-4, з’яўляецца рускамоўнай. Праграма “Бацькаўшчына” выходзіць у эфір кожныя тры першыя нядзелі штомесяц, з 19.15 да 20.00. Нас можна слухаць і праз інтэрнэт з сайта Радыё-4 (http://r4.err.ee/rukuulaotse). На працягу тыдня перадача захоўваецца ў архіве сайта, і ў тых, хто не паспеў паслухаць прамы эфір, ёсць мажлівасць пачуць яе ў запісе.
Самі аўтары праграмы, а нас двое, намагаюцца, каб эфір быў прамы. Ніна Савінава робіць штомесяц нібы ўводную перадачу. Яна любіць запрасіць да сябе ў студыю гасцей ці вывесці ў эфір тэлефанаванні слухачоў. Атрымліваецца жыва, хоць і малаінфармацыйна. Эфір спадарыні Ніны разлічаны на слухачоў старэйшага ўзросту, гучыць тут класічная і народная музыка, абмяркоўваюцца адпаведныя тэмы. Я ж, другі аўтар “Бацькаўшчыны”, арыентуюся на больш шырокі спектр слухачоў. Для моладзі гучыць сучасная беларуская музыка розных стыляў, для старэйшага пакалення — віншаванні з днямі нараджэнняў прадстаўнікоў дыяспары. Рэгулярна падаем сюжэты, звязаныя з праявамі беларускай культуры ў Эстоніі, прыездам цікавых гасцей з Беларусі.
Практычна ў кожную праграму ўключаны блок на 15 хвілін, прысвечаны літаратуры. У канцы кожнай маёй перадачы ў форме дыялогу з Алесяй Цурбаковай ці Ганнай Гамс я тлумачу значэнне і вымаўленне беларускіх словаў на пэўную тэму: кватэра, сям’я, кухня.... Так мы дапамагаем землякам у Эстоніі памятаць родную мову. У кожнай маёй перадачы ладзіцца сувязь з журналістамі з Мінска, і найчасцей Кацярына Ткачэнка па тэлефоне распавядае пра навіны Беларусі, гістарычныя даты, новыя кнігі, тэатральныя пастаноўкі і музычныя альбомы.[b]Артур Цурбакоў, Талін[b]