"З музея сучаснага мастацтва ў Лондане я скраў... семку!.."

Лявон Вольскі правёў у Брытаніі 10 дзён — даў канцэрт і агледзеў мясцовыя адметнасці. Адразу па вяртанні славуты музыка распавёў "Звяздзе", як пабачыў яхты мільярдэраў, патрымаў у руках арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага і наведаў Кембрыджскі ўніверсітэт.

Лявон Вольскі правёў у Брытаніі 10 дзён — даў канцэрт і агледзеў мясцовыя адметнасці. Адразу па вяртанні славуты музыка распавёў "Звяздзе", як пабачыў яхты мільярдэраў, патрымаў у руках арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага і наведаў Кембрыджскі ўніверсітэт.

"Англійскія беларусы жывуць дружна — і гэта нетыповая з'ява!.."

— Як атрымалася, што дагэтуль вы ніводнага разу не былі ў Лондане? Здаецца, столькі беларусаў ужо туды пераездзіла, а Вольскі — не быў...

— Мне здаецца, што для шараговага беларуса, які нават імкнецца і мае магчымасць часта выязджаць, — гэта вельмі распаўсюджаная з'ява. Звычайна ездзяць у Парыж, кудысьці адпачываць на поўдзень — Іспанія, якая-небудзь Італія. Ездзяць там у Варшаву, Прагу. У нас, напрыклад, мала знаёмых да Лондана дабіраліся. Усё-ткі гэта выспа, асобная віза трэба, ды і лічыцца, што там страшна дорага, таму лепш туды не трапляць. Неяк у мяне з Брытаніяй дагэтуль не перакрыжоўваліся біяграфіі...

— І якім чынам перакрыжаваліся?

— Мы з жонкай Ганнай паехалі па запрашэнні Англа-беларускага таварыства. Таварыства запрасіла мяне на творчую сустрэчу са мной (усміхаецца). Намі апекаваліся доктар Вадзім Дзямідчык — беларус, які ўжо колькі гадоў жыве ў Брытаніі, а таксама Джым Дынглі, старшыня гэтага таварыства.

— Чым займаецца гэтае таварыства?

— Займаецца запрашэннем цікавых асоб... Прабачце, што пра сябе так кажу!.. (смяецца). Але я не пра сябе — там перада мной шмат цікавых людзей было: Уладзімір Арлоў, Зміцер Бартосік, Дзяніс Раманюк... Там ёсць дзве суполкі — гэта Англа-беларускае таварыства (куды ўваходзяць беларусы і англічане) і Задзіночанне беларусаў Вялікабрытаніі. Усцешвае нетыповая беларуская сітуацыя — яны не пасвараныя раз і назаўсёды! І не пішуць скаргі ў пракуратуру англійскую ды ў гаспадарчы суд пра злоўжыванні!... (смяецца). Наадварот, цэлы шэраг асоб уваходзіць і ў адно, і ў другое аб'яднанне, яны сябруюць. На канцэрце было вельмі шмат людзей таксама са Згуртавання беларусаў, яны нам дапамагалі.

— Калі эмігрыравалі беларусы, якія ўваходзяць у гэтыя суполкі?

— Першая хваля была ў 1940-х гадах. І яны былі досыць актыўныя, гуртаваліся, рабілі нейкія суполкі, займаліся справамі. Другая значная хваля — "дзеці перабудовы", якія з'ехалі не так даўно. Спачатку яны былі менш інтэграваныя, а цяпер тыя, хто прыехаў ужо ў 1990-х, пачалі яднацца, пачаўся рух. Цікава было пачуць ад саміх англічан, што цяпер беларуская тусоўка па актыўнасці, па дзейнасці на трэцім месцы пасля латышоў і ўкраінцаў. Гэта прыемна... Бо ва ўсіх астатніх краінах сітуацыя кардынальна розніцца з гэтай.

"Гадавы праязны на ўсе віды каштуе 7500 долараў!"

— Вы жылі ў самім Лондане?

— Не, спачатку мы жылі ў доктара Вадзіма Дзямідчыка ў ягоным катэджы — нам быў адведзены там пакой. Гэта Колчэстэр, альбо як мы казалі на беларускі капыл — Калчэсцер. Вельмі вядомы горад, там нават захаваўся стары рымскі мур, там знаходзіцца адзін з самых старажытных англійскіх атэляў — яму гадоў 700 ці 800. І яны падтрымліваюць яго ў належным старым выглядзе, еўрарамонту няма. Адтуль да Лондана ехаць 40 хвілін цягніком. Потым, пасля канцэрта, мы жылі ў Беларускім доме ў Лондане. Ён, дарэчы, ХVІІІ стагоддзя. А яшчэ там ёсць на Фінчлі ўніяцкая царква і бібліятэка, якімі апякуецца айцец Аляксандр Надсан. Бібліятэка нас, безумоўна, вельмі ўразіла!.. Там ёсць арыгіналы Купалы, Коласа, дакументы Францыска Скарыны, старыя мапы беларускай тэрыторыі тысяча чатырыста нейкага года, доследы сярэднявечных падарожнікаў з Нямеччыны, Францыі ці Англіі, якія праязджалі праз Беларусь. Ёсць арыгінал Статута Вялікага Княства... Пачыталі, наколькі змаглі (усміхаецца)...

— Ці былі ў вас нейкія стэрэатыпы пра Брытанію і брытанцаў перад паездкай?

— Не, не было — нас папярэдзілі, пра ўсё падрабязна распавялі (усміхаецца). Мы мелі з сабой нават мапы — мапу метро, спіс месцаў, дзе ўсё-ткі варта пабываць. І мы мэтанакіравана што маглі — наведалі, астатняе адклалі на наступны раз. Мяне, напрыклад, уразіў Тэйт Мадэрн — музей сучаснага мастацтва. Уваход туды, як і ў многія іншыя музеі, дармовы. Там была выстава Поля Гагена... Паглядзелі ў тым ліку і на нашых майстроў — Шагала, Малевіча... Убачылі абсалютна дзівосную інсталяцыю кітайскага мастака, з каменнай крошкі. Адмыслова ў кар'ерах здабывалі камяні, пасля іх ператваралі ў пудру, потым замешвалі ў такі рошчын (гэта ўсё паказвалася на экранах) — ён з усяго гэтага вырабіў такія семкі, якія не адрозніш ад звычайных. Яны размаляваныя ўручную, імі была засыпаная велізарная зала. Людзі ў іх валяліся разам з дзецьмі, сядзелі там з лаптопамі, зарываліся — толькі галава тырчала... Мы не ўтрымаліся і ўзялі па адной семцы на памяць — але іх там былі напраўду мільёны!..

— Ок, у вас не было стэрэатыпаў, але ў многіх ёсць — што англічане вельмі сур'ёзныя, чопарныя, сэры, пэры... Наколькі гэта пацвярджаецца, калі туды прыязджаеш?

— Магчыма, гэта ёсць на ўзроўні арыстакратыі, графаў там ці баронаў... Мы з такой праслойкай не сутыкаліся. А што датычыць клеркаў ці бізнэсоўцаў, то яны цэлымі офісамі ідуць у абед у паб (дзе мы таксама сабе рабілі перапынкі паміж гэтай беганінай). А паб — гэта таксама англійская культура, з якой варта пазнаёміцца "на родзіне героя", а не дзе-небудзь у іншай краіне. Ім па 200-300 гадоў!.. Дык вось, лонданцы прыходзяць у абед у паб і выпіваюць па піву, нічога не ядуць. У сэнсе, можа яны дзе пасля і ядуць, але ў пабе толькі піва п'юць.

— А колькі там піва каштуе?

— У сярэднім 3,5 — 4 фунты. Каля 15 тысяч на нашыя. Шчыра сказаць, добрае піва, якое прывозяць адтуль, і ў Мінску столькі каштуе ў бары — таму розніца невялікая. Выбар піва там вельмі вялікі, сідраў розных шмат.

— А ўвогуле кошты там гэткія атамныя, як гавораць?

— Такія, як у нас прыкладна. Акрамя транспарту — ён вельмі дарагі, бо яго з дзяржаўных рук аддалі ў "ненадзейныя рукі спекулянтаў". У выніку гадавы праязны на ўсе віды транспарту каштуе ад 4 да 5 тысяч фунтаў — гэта 7500 долараў!!! "Трэвэл кард" — на цэлы дзень на ўсе віды лонданскага транспарту (без прыгарадных электрычак) — 6 фунтаў (27 тысяч рублёў)...

— Слухайце, дык за гэтыя грошы машыну набыць можна!..

— І нармальную машыну! Але там такія заторы ў горадзе, што на машыне куды даехаць значна цяжэй, чым на метро. Мала таго, што ў Лондане жыве больш за 10 мільёнаў чалавек, дык туды яшчэ бясконца з усяе краіны едуць паглядзець на гэтага "бацьку гарадоў англійскіх" і Тэмзу — "маці рэк брытанскіх". Англічане, між іншым, ездзяць імпэтна, перавышаюць хуткасць часта, могуць і рэзануць. Але агульная дысцыпліна, у параўнанні з нашай... Я адразу сюды прыехаў, сеў за стырно... І адразу быў уражаны адкрытым хамствам кіроўцаў. І тым, што па ўсім горадзе стаіць ДАІ і разрульвае, каб нейкі там высокі госць праехаў. Там шмат паліцыі, але яна спяшаецца па сваіх справах з міргалкамі. Альбо на "заціхаронных" машынах прыватнага тыпу раптам выстаўляюць міргалку — і таксама кудысьці едзе змагацца з чарговым злачынствам. Ці спыняюць за перавышэнне хуткасці.

— Ёсць такое?

— За перавышэнне спыняюць ва ўсім свеце. Але без дай прычыны (як у нас: "Праверка дакументаў") — там такое немагчыма.

"Не ўтрымаўся — і набыў сабе гарнітур!"

— Набылі сабе што?

— Для тых, хто любіць тарыцца адзеннем — там проста шопінг-рай! Ёсць такія крамы, дзе розныя якасныя рэчы прадаюцца без падаткаў. Я не ўтрымаўся — і гарнітур набыў сабе.

— Смокінг?

— Не, звычайны. Дзе ў нас у смокінгу хадзіць, якія ў нас уручэнні прэміяў?..

— Англійская мова, якую вы там пачулі, — яна сапраўды адрозніваецца ад "астатняй англійскай мовы"?

— Вельмі адрозніваецца! Я ўжо два гады з перапынкамі займаюся англійскай мовай з рэпетытарам. Дык вось, там усе гавораць, як выкладчыца!.. Я калі глядзеў розныя навучальныя фільмы — думаў, што там гавораць так адмыслова для вучняў, каб усё было зразумела, каб кожная літара гучала! Але яны сапраўды так размаўляюць! І нават беларусы, якія ўжо там пажылі, так навучыліся размаўляць!

— Што там самае нязвыклае для беларуса, які прыехаў упершыню?

— Вельмі нязвыкла, што ў краме ніхто цябе не будзе штурхаць! Будуць, наадварот, праходзіць за метр ад цябе і казаць "Ай'м соры", "Экск'юз мі"!.. Для нашых гэта дзіўнае ўражанне: "Ды пайшлі вы к чорту, што вы лезеце да мяне!.." (смяецца). Што ўвесь рух наадварот — не справа, як у нас, а злева. І стырно ў машыне не з таго боку, і перадачы левай рукой пераключаць трэба. Але для мяне гэта было дзіўна, што BMW, Сhrуslеr, Fоrd — машыны, якія мы бачым у нас кожны дзень — таксама ўсе робяцца з правым рулём.

— Не паспрабавалі за стырном праехаць так экзатычна?

— Я не рызыкнуў, шчыра кажучы! Нашыя людзі скардзяцца на завялікую колькасць кругавых развязак на дарозе — ледзьве не кожныя 500 метраў. І не заўжды зразумееш, як з іх выехаць. І я не хацеў сядаць, бо баяўся, што вярнуся — і буду палосы блытаць! (усміхаецца). Хоць я і ездзіў на месцы пасажыра, але пастаянна ламіўся за стырно — яно ж там, дзе ў нас пасажыр сядзіць!.. Вярнуўся — і адчуванне, што па сустрэчнай едзеш!.. Я запытаўся, адкуль у іх гэта пайшло. Распавялі, што калі ўсе яшчэ ездзілі на конях (а ездзілі прадстаўнікі "сярэдняга і вышэйшага класа, і трэба было падаць руку прадстаўніку арыстакратыі — так зручней! (усміхаецца).

"Калі санстанцыя зачыніла паб — людзі зладзілі масавы пратэст!.."

— Тамтэйшая архітэктура вас уразіла?

—Пасля Мінску, дзе архітэктура збольшага "спакойная" — там увесь час натыкаешся на нейкую неверагодную, велічную готыку! Едзеш на аўтобусе — і раптам з'яўляюцца Каралеўскія корты з выдатнай разной готыкай!.. Там ёсць дух — вуліцы, якім не адно стагоддзе... Там усё імперскае, з размахам. Калі плошча — дык гэта ўжо плошча. Калі там будзе адмірал Нэльсан на слупе — дык слуп гэты будзе належнага памеру!..

— Калі стаіш там на вуліцы — адчуваецца, што ў гэтым горадзе жыве больш за 10 мільёнаў чалавек?

— Адчуваецца! Гэтая плынь чалавечая... Прычым рознакаляровая — абсалютна розныя нацыі, нагадвае Нью-Ёрк.

— Не хочацца за кішэні трымацца? Каб грошы не пакралі?

— Нас папярэджвалі, што трэба. Таму мы не бралі з сабой шмат наяўных грошай, карысталіся карткамі.

— Апроч "папсовых турыстычных месцаў" кшталту Біг Бэна ці Таўэра, што наведалі?

— Наша знаёмая дызайнерка Саша Белавокая, якая ўжо гадоў пяць жыве ў Лондане, вадзіла па такіх месцах, куды звычайна турысты не ходзяць. Непадалёк ад Таўэра мы пабачылі затоку, дзе стаяць яхты мільярдэраў. Самі мільярдэры жывуць тут жа, у дарагім квартальчыку. А гэтая затока — як паркінг для іх!.. Яшчэ там ёсць вуліца Брык Лэйн — такая багемна-мастацкая, артавая. Там вельмі цікавы кірмаш, дзе мастакі прадаюць зробленыя тут жа рэчы, дызайнерскую вопратку... Там жа ёсць і нейкія дзікія сэканд-хэнды, дзе можна знайсці які-небудзь цыліндр 1859 года, нейкія старыя гарнітуры, валізкі, "кацялкі"...

— Як прайшоў сам канцэрт?

— Канцэрт нечакана для мяне прайшоў на вялікім уздыме! Быў колішні амбасадар Брытаніі ў Беларусі Брайан Бэннэт, былі беларускія консулы... Дарэчы, канцэрт быў якраз на 70-ю гадавіну Джона Ленана — што таксама ў пэўным сэнсе сімвалічна для мяне...

— Дзе вы паспелі пабыць, апроч Лондана і Калчэсцера?

— Былі ў Кембрыджы..

— Паступалі?

— Не-не, мы правалілі ўсе іспыты, апроч літаратуры (смяецца)! Класна ім там вучыцца, я гляджу! У кожнага каледжа свая капліца ёсць — некаторыя з іх большыя разы ў два за нашы касцёлы!.. У інтэрнаце жывуць па адным чалавеку ў пакоі. Дарэчы, там можна паабедаць у іх сталоўцы... У некаторых каледжах ёсць свае старажытныя вінныя лёхі — па важных святах там можна папіць вельмі і вельмі старога шапманскага. Там ёсць такі паб "Ігл", дзе вынайшлі ДНК. Чаму ў пабе? Напэўна, пайшлі паабедаць — здарыўся прыліў крыві да мазгоў — і адбылося адкрыццё!.. (смяецца).

— Лявон, як яны з такім рытмам жыцця ў гэтым агромністым мегаполісе паспяваюць нараджаць дзяцей, кахаць?..

— А ў іх у пятніцу наступае канец працы. Усё, канец працы, усе ідуць у паб! А суботу-нядзелю яны прысвячаюць сям'і. Рытм у іх, я вам скажу!.. Усе бягуць страшэнна заклапочаныя! Потым смяюцца ў пабе ў абед, потым зноў нясуцца страшэнна заклапочаныя, потым увечары смяюцца ў пабе, здымаюць напружанне — і едуць дахаты. І мам з дзецьмі мы там убачылі шмат!

— Чаму нам варта павучыцца ў брытанцаў?

— Шанаваць сваё. Мяне захапіла, як брытанцы захоўваюць сваю культуру, свае традыцыі... Амаль ва ўсім свеце ездзяць па правай паласе — а яны, я ўпэўнены, не адмовяцца ад свайго левага руху!.. Мы зайшлі ў адзін вінны бар, якому больш за 300 гадоў. Нам распавялі пра яго гісторыю. Прыйшла туды санстанцыя і кажа: "Як гэта вы тут за апошнія 90 гадоў нічога не змянілі?! Антысанітарыя, мы вас часова закрываем, пакуль не прыбераце недахопы!" І што вы думаеце — паднялася хваля пратэсту, людзі пачалі абурацца!.. І санітарная служба была вымушаная адступіць: "Ды піце вы ў свінюшніку, калі хочаце!.." У хатах у прыбіральні вы пабачыце два краны — адзін з гарачай вадой, другі з халоднай. І хоць гэта нязручна, хоць можна зрабіць адзін — але такая традыцыя...

 

Глеб Лабадзенка, "Звязда"

Фота з архіва Лявона Вольскага