Студэнты ЕГУ заклікаюць да салідарнасці!

Студэнцкае прадстаўніцтва ЕГУ і Моладзевая ініцыятыва StudAlliance выражаюць сваю глыбокую заклапочанасць у сувязі з утрыманнем пад вартай на працягу больш месяца студэнта ЕГУ Мікалая Дзядка.

Студэнт 2 курса завочнай формы навучання ЕГУ Мікалай Дзядок быў арыштаваны на трое сутак 3 верасня 2010 года ў якасці падазронага па справе "аб нападзе на амбасаду Расійскай Федэрацыі".

Не сабраўшы дастатковай колькасці доказаў, што пацвярджаюць дачыненне Мікалая да вышэйназванай справы, праваахоўныя органы ўвесь час працягваюць тэрмін затрымання, прыпісваючы яму іншыя супрацьпраўныя дзеянні.

Прадстаўнікі студэнцкай супольнасці Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта выказваюць абурэнне бягучым становішчам, пры якім Мікалай Дзядок фактычна з'яўляецца закладнікам СІЗА-1 і дзяржаўных следчых органаў.  З гэтай нагоды студэнцкае прадстаўніцтва ЕГУ і Моладзевая ініцыятыва StudAlliance распаўсюдзілі адкрыты ліст “Салідарнасць з Мікалаем Дзядком”.

“Мы рашуча выступаем супраць варварскіх, абсурдных метадаў працы беларускіх спецслужбаў і праваахоўных органаў. Мы заклікаем студэнцкую супольнасць Беларусі, незалежныя моладзевыя арганізацыі, беларускіх праваабаронцаў, а таксама ўсіх тых, хто занепакоены бесперапыннай самаўпраўнасцю і беззаконнем, што пануюць у беларускіх сілавых ведамствах, праявіць салідарнасць ва ўсеагульнай маральнай падтрымцы Мікалая Дзядка, далучыцца да патрабавання неадкладна вызваліць яго з-за кратаў і спыніць пераследы грамадска актыўнай моладзі”, -- гаворыцца ў лісце.

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"