Беларусь-Амэрыка: лёсы землякоў. Браты Чарныя

У мястэчку Дукора, што пад Менскам, у канцы 19-га ст. нарадзіліся трое братоў, якіх лёсам закінула ў Амэрыку, дзе яны пакінулі значны сьлед і памяць аб сабе.

У мястэчку Дукора, што пад Менскам, у канцы 19-га ст. нарадзіліся трое братоў, якіх лёсам закінула ў Амэрыку, дзе яны пакінулі значны сьлед і памяць аб сабе.

У сям’і Чарных усяго разам было 6 дзяцей. Бацька, любавіцкі хасід, рана памёр (1889 г.), і ўвесь цяжар узгадаваньня 5 хлопчыкаў і дзяўчынкі лёг на маці, якая трымала гарбарную крамку. Мястэчка Дукора, колішняя маёмасьць Сапегаў і Агінскіх, мела  значную колькасьць гэбрайскага насельніцтва – блізу 600 чалавек у 1897 г., каля паловы ўсіх жыхароў. У мястэчку жылі таксама татарскія сем’і, што займаліся гарбарствам і гародніцтвам. Продак па лініі маці, Брохі Горавіц, славуты рабін Ешаягу Горавіц, быў прыкладам і натхненьнем для хлопчыкаў, калі тыя пачалі вучыцца ў хэдары (пачатковай рэлігійнай школе). Посьпехі старэйшых братоў, Шмуэля і Боруха, дазволілі маці аддаць іх вучыцца на рабінаў у Менскі ешыбот. Акурат у той час, у 1880–1890-я гады, на беларускіх і летувіскіх землях узьніклі палітычна-грамадзкія рухі, што вызначылі гістарычныя лёсы гэбрайскага народу. Гэта былі гэбрайскі сацыялізм Бунду, сіянізм, аўтанамізм – рух за культуру ідыш, і расейская сацыял-дэмакратыя. Беларуска-летувіскія гэбраі (“літвакі”) спрычыніліся да заснаваньня і разгортваньня ўсіх гэтых грамадзкіх рухаў, што пасьля пераўтварыліся ў партыі. Браты Чарныя, прыцягнутыя грамадзкімі віхурамі, так і не зрабіліся рабінамі. Лёс рыхтаваў для іх іншыя шляхі.

Браты Чарныя: Даніэль, Борух, Шмуэль

 

Шмуэль Чарны (Шмуэль Нігер) (1883-1955) – літаратурны крытык

Старэйшы з трох братоў, Шмуэль, напачатку хіліўся да сацыялістычнага руху Па’алей-Цыён, а затым стаў адным з заснавальнікаў і актывістаў партыі сіяністаў-сацыялістаў. У яго рана выявіліся літаратурныя здольнасьці, і ён з 1906 г. пачаў друкавацца пад псэўдонімам “Нігер” (алюзія на сваё прозьвішча па-польску). За нелегальную палітычную дзейнасьць Нігер-Чарны быў зьняволены і сядзеў у турмах Кіева, Варшавы і Адэсы. Падчас першай рускай рэвалюцыі 1905-1906 гг. Нігеру пагражала сьмяротнае пакараньне ад вайсковых трыбуналаў, але яму пашанцавала вызваліцца, і ён вярнуўся ў Вільню, дзе працягваў пісаць па-гэбрайску і на ідыш у мясцовым друку.

У 1907 г. выйшаў ягоны крытычны артыкул пра творчасьць пісьменьніка Шолема Аша, і гэта вызначыла кірунак дзейнасьці Шмуэля на ўсё наступнае жыцьцё. Ён адыйшоў ад палітычнай дзейнасьці, але застаўся гэбрайскім нацыяналістам, паставіўшы свае літарацкія таленты на службу ідысага руху. Нігер стаў займацца літаратурнай крытыкай і выдаўніцтвам, заснаваўшы літаратурны часапіс “Літарарышэ монатшрыфт” (Месячнік літаратуры), імкнучыся ўвесьці ў літаратуру ідыш новыя формы і тэмы, прыцягваючы маладыя таленты, сярод якіх былі Ш. Аш, Д. Эйнгорн, Перац Гіршбэйн, Дэр Ністар, Г.-Д. Номбэрг.

У 1909-1913 гг. Шмуэль Нігер вывучаў філязофію і крытычную тэорыю  на ўнівэрсытэтах у Бэрліне і Бэрне, не перарываючы  актыўнасьці у ідыскім друку. Там Нігер зрабіўся адным з лідэраў гэбрайскага нацыяналізму дыяспары, крытыкуючы пагляды сіяністаў ды іх тэарэтыка Ахад-Гаама. У 1913 г. Нігер пачаў выдаваць штомесячны часапіс “Ды ідышэ вэлт” (Гэбрайскі сьвет), які хутка зрабіўся вядучым ідысцкім перыёдыкам па ўсім сьвеце.

Сярод тэмаў часапісу, якія Шмуэль Нігер уздымаў як рэдактар, былі гісторыя і сучасны стан народаў Расейскай імпэрыі, сярод якіх жылі гэбраі. У ліку гэтых народаў Нігер асабліва выдзяляў беларусаў, іхнюю мову, этнаграфію, пачаткі літаратуры. Па запрашэньні Нігера А. Луцкевіч надрукаваў з працягам у некалькіх нумарох часапісу нізку артыкулаў пра Беларусь і беларусаў. У 1913 г. Нігер таксама пачаў рэдагаваць Віленскі штогадовік “Дэр Пінкес” (Летапіс), што паклаў пачатак навуковаму вывучэньню мовы і літаратуры ідыш. Менавіта ў гэты час Вільня пачала рабіцца цэнтрам ідыш-літаратуры, пасунуўшы у гэтым асьпекце ўбок Варшаву і Адэсу. У 1914 г. Нігер стаў рэдактарам фундамэнтальнай энцыкляпэдыі “Лексікон літаратуры і прэссы на ідыш”.

З заняцьцем Вільні немцамі ў 1915 г. Нігер апынуўся ў Петраградзе і там працягваў дзейнасьць па разьвіцьці й папулярызацыі літаратуры на ідыш. Не прыняўшы дзяржаўны перакул бальшавікоў, Нігер напрыканцы 1918 г. перабраўся ў Вільню, дзе супрацоўнічаў у мясцовым друку (“Ды Вох”, “Ды Нае вэлт”). Калі ў 1919 г. Вільню захапілі палякі, Нігер быў арыштаваны як магчымы камуніст, і асуджаны на сьмерць. Дзякуючы заступніцтву кіраўнікоў віленскай гэбрайскай грамады, што зьвярнулася да Пілсудскага, а таксама пры дапамозе брата Боруха, які тады ўжо жыў у Амэрыцы, Нігеру было дазволена выехаць зь Вільні ў Нью-Ёрк, дзе і прайшлі наступныя гады ягонага жыцьця.

Асноўным месцам працы Нігера стала рэдакцыя штодзённай ідыш-газэты “Дэр Тог” (Дзень),  дзе ён загадваў аддзелам крытыкі й меў адмысловую літаратурную калёнку. Ён быў рэдактарам і дапісчыкам вядучага літаратурнага часапісу “Ды Цукунфт” (Будучыня) і актыўна ўдзельнічаў у працы Гэбрайскага дасьледчага інстытуту ІВО, як у віленскі, так і ў нью-ёрскі пэрыяды дзейнасьці гэтага інстытуту.

Па сваім значаньні як крытыка для літаратуры ідыш зь Нігерам ня можа параўнацца ніводзін іншы крытык ані перад, ані пасьля яго. Па ягонай сьмерці бібліяграфія ягоных твораў складала 4083 пазыцыі, матэрыялы аб ім – 1607 пазыцыяў. Ухвала або крытыка Нігерам літаратараў фактычна была прысудам, які ствараў або зьнішчаў рэпутацыі.

Сам Шмуэль Чарны-Нігер быў заангажаваны фактычна ў кожным зь літарагурных рухаў ідыш-літаратуры і мовы ў першай палове 20 ст. і паказаў кірункі разьвіцьця культуры на ідыш. Ён спрычыніўся да таго ўзроўню выкшталцонасьці й багацьця жанраў і стыляў, якія дасягнула культура на ідыш пасьля Першай сусьветнай вайны. Адным зь першых ён паказаў важнасьць навуковага падыходу да разьвіцьця культуры ідыш, якой, у адрозьненьне ад культураў навакольных народаў, няма як было спадзявацца на дзяржаўную падтрымку. Ягоны вялікі архіў сёньня захоўваецца ў Інстытуце ІВО ў Нью-Ёрку.

Борух Чарны-Ўладэк (1886-1938) – грамадзкі й прафсаюзны дзеяч

Другі з трох братоў, Борух, пасьля ешыботу рыхтаваўся да паступленьня ў гімназію і зацікавіўся сацыялістычнымі ідэямі, стаў выкладаць у нелегальнай школе для рабочых эканоміку і літаратуру. За гэтую дзейнасьць ён быў арыштаваны ў студзені 1904 году і правёў паўгады ў Менскай турме, дзе пакрыёма выкладаў арытмэтыку і геаграфію “непісьменным мужыкам”. Выйшаўшы зь зьняволеньня, Борух стаў сябрам партыі Бунд, і пачаў весьці прапаганду сярод гэбрайскіх працаўнікоў Менску. Падчас закліку да генэральнага страйку Борух, які дзейнічаў пад псэўдонімам “Уладэк”, аб’явіў пра сход у менскай харальнай сынагозе. У той дзень каля сынагогі сабраліся 10 тыс. чалавек, што вылілася ў найвялікшую працоўную дэманстрацыю ў тагачасным Менску, і Ўладэка ўхвалялі як “новага Ласаля” (у гонар лідэра нямецкіх рабочых у 19 ст.).

Затым 19-гадовы Ўладэк быў абраны прадстаўніком ад страйкуючых рабочых для ўдзелу ў перамовах з уласьнікамі і адміністрацыяй прадпрыемстваў. З таго часу бярэ пачатак ангажаванасьць Уладэка ў працоўны рух і змаганьне за правы работнікаў, якім ён прысьвяціў сваё жыцьцё.

Калі ў Менск на месца губэрнатара-лібэрала Мусін-Пушкіна быў прызначаны Курлоў, паліцыя ўзмоцніла пошукі рабочых лідэраў. Уладэк мусіў пакінуць Менск, працягваючы дзейнасьць па гарадох і мястэчках Беларусі пад мянушкамі “Шварц” і “Буне Брохэс”. У гэты-ж самы час Уладэк пачаў пісаць, дасылаючы вершы і прозу ў літаратурныя часапісы. Шмат хто прадказваў яму літаратурную кар’еру, але Ўладэк для сябе вырашыў пайсьці па шляху сацыяльнай барацьбы.

У 1907 г., як дэлегат ад Бунду, Чарны-Уладэк браў удзел у 5-м зьезьдзе Расейскай сацыял-дэмакратычнай партыі ў Лёндане. Уражаны сілаю характару Леніна, Уладэк прагаласаваў за яго пры выбарах у выканаўчы камітэт партыі. Галасуючы насуперак інструкцыям Бунду, Уладэк сваім голасам забясьпечыў унутрыпартыйную перамогу Леніну, аб чым сам Уладэк пазьней моцна шкадаваў.

Вярнуўшыся назад, у атмасфэры палітычнай рэакцыі й пашырэньня рэпрэсіяў, Борух Чарны-Ўладэк вырашыў эміграваць у Амэрыку. Неўзабаве пасьля свайго прыезду ў Нью-Ёрку у 1908 г. “малады Ласаль” ужо выступае на сходках работнікаў на Ніжнім Іст-Сайдзе. У Амэрыцы, дзякуючы прэсе і сьведчаньням паплечнікаў па Бунду, Уладэк набраў рысаў паўлегендарнага героя, яго з энтузіязмам запрашалі на сустрэчы і лекцыі па ўсёй Амэрыцы. Аднак для радыкалізаванага барацьбою супраць царызму Ўладэка сацыяльныя канфлікты ў Амэрыцы падаліся занадта млявымі, а дзеяньні мясцовых сацыялістаў і прафдзеячоў – нерашучымі й баязьлівымі.

Разам з тым, езьдзячы па Амэрыцы, знаёмячыся зь яе людзямі й сацыяльнымі інстытутамі, Борух адчуў розьніцу паміж становішчам працоўных у Амэрыцы і ў Расеі. У ягоных поглядах на шляхі дасягненьня сацыяльнай справядлівасьці адбылася зьмена.  У 1916 г. Уладэк стаў намесьнікам рэдактара асноўнай газэты на ідыш “Форвэртс” і ў тым-жа годзе пачаў палітычную кар’еру ў Амэрыцы, арганізуючы кампанію па выбарах Мэера Лёндана, першага кангрэсмэна-сацыяліста ад Нью-Ёрку. У 1917 г. сам Уладэк быў абраны ў заканадаўчую Раду алдэрмэнаў Нью-Ёрку (аналяг сёнешняй Гарадской рады).

Уладэк браў актыўны ўдзел у працы дапамаговай арганізацыі для імігрантаў ХІАС, і дапамагаў у выпрацоўцы заканадаўства для падтрымкі работнікаў і абяздоленых нью-ёркаўцаў. З утварэньнем камуністычных структураў у Амэрыцы Ўладэк падняўся ў абарону прафсаюзаў, якія камуністы імкнуліся апанаваць праз субэрсыўную дзейнасьць і раскол. У гэтай справе саюзьнікам яму быў другі сацыяліст паходжаньнем зь Беларусі Давід Дубінскі, адзін з найвядомых прафсаюзных лідэраў.

У 1934 г. Уладэк быў прызначаны мэрам Фіярэлам ЛаГуардыя ў жыльлёвую камісію гарадской рады, і на гэтай пасадзе ён актыўна агітаваў за пабудову таннага жытла для працоўных. Калі ў Эўропе ўзьнікла пагроза фашызму, Уладэк стаў адным з стваральнікаў Гэбрайскага Камітэту Працоўных, што аказваў дапамогу працоўным за мяжою і змагаўся супраць антысэмітызму.

У 1936 г. Уладэк наведаў Палестыну і Эўропу, і ў тым ліку Менск, дзе яму наладзілі ўрачыстую сустрэчу і далі магчымасьць пабачыў турму і цэлю, у якой сядзеў у 1904 г. Саветы спрабавалі фліртаваць зь ім, перацягнуць на свой бок, аднак Уладэк застаўся апанэнтам камунізму.

У 1937 г. Уладэк быў абраны ў гарадскую раду Нью-Ёрку ад Амэрыканскай працоўнай партыі, у дзейнасьці якой Уладэк бачыў шмат пэрспэктываў па кансалідацыі рабочага руху і пераадоленьні савецкіх і камуністычных уплываў.

Прынцыповасьць, арганізацыйны талент і дзейнасьць па ўдасканаленьні жыцьцёвых умовах працаўнікоў прынесьлі Ўладэку шмат прыхільнікаў сярод нью-ёркаўцаў. Аднак неўзабаве сьмерць абарвала ягоную дзейнасьць. У пахавальнай працэсіі, начале якой ішлі мэр Ф. ЛаГуардыя, губэрнатар Гэрбэрт Леман і сэнатар Робэрт Вагнэр, узялі ўдзел некалькі сотняў тысяч чалавек.

Архівы Боруха Чарнага-Ўладэка захоўваюцца ў бібліятэцы Нью-Ёрскага унівэрсытэту.

Сёньня імя Ўладэка носяць у Нью-Ёрку жыльлёвы комплекс на Ніжнім Іст-Сайдзе, і невялікі парк на Мангэтане паміж вуліцамі Мэдысан, Джэксан, Ўотар і Гувэрнёр.

Даніэль Чарны (1888-1959) – паэт і журналіст

Дзеля слабога здароўя Даніэль атрымаў толькі хатнюю адукацыю, але змалку пачаў цікавіцца літаратураю і вершаскладаньнем. Пасьля Даніэль жыў з сваімі братамі Шмуэлем і Борухам у Менску і Вільні. Першы ягоны верш быў надрукаваны ў 1907 г. у выдаваным Г.-Д. Номбэргам альманаху “Вінтэр-блэтэр”, а ў 1908 г. у віленскай газэце “Ды Цайт” выйшла ягонае першае апавяданьне. Падчас Першай сусьветнай вайны Даніэль працаваў у арганізацыях па дапамозе бежанцам у Петраградзе і Маскве (“ЕКОПО”, “ОРТ”). Нейкі час ён правёў у войску, але быў камісаваны па стане здароўя. Даніэль Чарны быў актыўным сябрам партыі “фалькістаў” (Фолькспартэй), створанай славутым гісторыкам і грамадзкім дзеячам Шыманам Дубнавам (родам з Мсьціславу), выконаваў абавязкі прадстаўніка партыі ў Маскве.

Супрацоўніаючы ў 1917-1918 гг. у фалькісцкіх выданьнях, Чарны асьвятляў такія падзеі, як стварэньне Беларускай Рады, правядзеньне Першага Ўсебеларускага кангрэсу, і абвешчаньне БНР, з сымпатыяй выказваўся пра беларускі нацыянальны рух.

Бачачы ў Савецкай Расеі пэрспэктывы для разьвіцьця гэбрайскай нацыянальнай культуры на ідыш, Чарны паступова зрабіўся “папутчыкам” і браў удзел у літаратурных і мастацкіх асацыяцыях “Культур-ліга”, “Маскоўскі гурток гэбрайскіх літаратаў і мастакоў”, стаў рэдактарам камуністычных выданьняў “Дэр Эмэс” (Праўда), “Ды Камуністышэ вэлт”, “Култур ун білдунг”.  Па выдавецка-літаратурных справах і для лячэньня Даніэль Чарны выяжджаў з Саветаў у Эўропу, жыў у Бэрліне, дасылаючы карэспандэнцыі й артыкулы ў вядучыя ідыш-газэты сьвету, найбольш у нью-ёрскі “Дэр Тог”. У 1925 г. Даніэль Чарны паспрабаваў дабрацца ў Амэрыку, дзе ўжо жылі ягоныя браты, але на Эліс-Айлэндзе ён быў прызнаны непрыдатным для ўезду і адасланы назад у Эўропу, пра што Чарны напісаю сэрыю артыкулаў “Да Эліс-Айлэнду і назад”.

У канцы 1920-х гадоў адносіны Чарнага з савецкімі ўладамі пагоршыліся, і ён застаўся з савецкім пашпартам за мяжою, туляючыся па розных краінах – Нямеччыне, Латвіі, Летуве, Польшчы. У гэты час Даніэль Чарны выдаў некалькі кнігаў сваіх вершаў, а таксама празаічныя працы пра сваё дзяцінства ў Дукоры й Менску. Чарны актыўна насьвятляў культурнае і грамадзкае жыцьцё гэбраяў Усходняй Эўропы, адкрываў для шырэйшага сьвету новых пісьменьнікаў і літаратараў, за што атрымаў неафіцыйны тытул “амбасадар ідыш-літаратуры”. Ягоныя апісаньні гэбрайскіх грамадаў міжваеннага часу, а таксама дзёньнікі дасюль застаюцца каштоўнымі сьведчаньнямі жыцьця гэбрайства ў міжваенны пэрыяд, у тым ліку на беларускіх землях.

З 1936 году Чарны настала асеў у Парыжы, дзе працягваў сваю творчую працу. З пачаткам Другой сусьветнай вайны і акупацыяй Францыі Чарны спрабаваў выехаць у Амэрыку і, нарэшце, у красавіку 1941 г. ён прыехаў у Нью-Ёрк. Чарны адразу далучыўся да літаратурнага працэсу на ідыш, зрабіўся саратаром саюзу гэбрайскіх  пісьменьнікаў і пасьля – Ідыш ПЭН-клюбу. Д. Чарны працягваў актыўна пісаць, выдаў некалькі твораў, у тым ліку кнігу пра сваё роднае мястэчка –  “Дукора” (1951).

Віталь Зайка"Беларус" № 574 (лістапад 2010 г)