Благаславенне ад Скарыны

Беларуска Эля і англічанін Джым пазнаёміліся ў Полацку — дзякуючы 500-гадоваму юбілею асветніка і першадрукара. Нядаўна яны адзначалі чарговы Дзень першага спаткання.

Эля Дынглі на выставе кветак у паўночным лонданскім раёне Фінчлі

Ці памятаеце: у верасні ў Францыска Скарыны былі 520-я ўгодкі. Між іншым, некаторыя навукоўцы сцвярджаюць: будучы першадрукар быў пахрышчаны ў полацкай царкве як Георгій (а Францыск, Францішак — гэта, кажуць, пазнейшае, цэхавае імя сярод рамеснікаў-друкароў), і дзень нараджэння яны святкуюць на Юр’я-Георгія, у красавіку. Ды не будзем удавацца ў дэталі, пакінем спрэчкі архівістам. І згадаем: на пачатку верасня ў Полацку ў 1990-м шырока святкавалася 500-годдзе Скарыны. Сабралася шмат гасцей, навукоўцаў з усяго свету.

І менавіта ў той юбілей Скарына, па сутнасці, і звёў у Полацку мінчанку Элю з яе Джымам. На той час Эля Зянькова, маючы адукацыю філолага, папрацавала ўжо ў школе і выкладала рускую мову як замежную для курсантаў з-за межаў Саюза ў адным прэстыжным ваенным вучылішчы. Падпрацоўвала і ў замежнай рэдакцыі Беларускага радыё, робячы рэпартажы па-беларуску. А летам 90-га Эля Віктараўна з’ездзіла ў Крым, дзе цудоўна адпачыла і загарэла, ды, як сама жартуе, і “ўтрая танейшай была”. Вярнулася — яе на вялікае свята ў Полацк, па рэпартаж пасылаюць. Месцаў у полацкім гатэлі, праўда, не было, ды ці перашкода гэта для чалавека, народжанага пад знакам Авена? “Для вас месца знойдзецца...” — урэшце пачула яна ў тэлефоннай трубцы голас старшыні Наваполацкага гарвыканкама.

Далей паслухаем Элю. “Было ўрачыстае адкрыццё свята, вялікі прэзідыум, — а я ж нікога не ведаю! І бачу: чалавек з белай галавой. А гэта хто? Мясцовы журналіст кажа: нашчадак Скарыны. Тут якраз аб’яўляюць — будзе выступаць прафесар Джым Дынглі з Лондана, і гэта для мяне, для рэпартажу што трэба. Бачу: ідзе да мікрафона гэты, з белай галавой. А там, як вядома, быў іншы нашчадак, Стэнлі Скарына з Канады. Карацей — неразбярыха, а ён яшчэ і па-беларуску загаварыў! Я падумала: мама мая дарагая! Нашчадак, прафесар, па-беларуску гаворыць!.. Запісала ўсё-усё. А пазней быў прыём, банкет, на які паклікалі гасцей, начальства, спонсараў свята і журналістаў. Уявіце сабе: прарыў у зносінах з замежжам! Гэта ж яшчэ Саюз, і больш за год да Белавежскай пушчы… Там мы з Джымам і пазнаёміліся. Дарэчы, я ўзяла ў яго інтэрв’ю, але палова не запісалася. Ці нельга, папытала, запісаць яшчэ? Мы абмяняліся адрасамі. Нешта ў мяне тады ёкнула — і ўсё. Бо я ніколі не верыла ў каханне з першага погляду. Ніколі! І мы пачалі пісаць адзін аднаму лісты, з інтэрвалам у 2-3 дні. Ні я, ні Джым ніколі столькі не пісалі — ні да, ні пасля. А ліст ішоў дзён 20 тады з Вялікабрытаніі, ад нас — увогуле дзён 40”.

Прафесар Адам Мальдзіс, які таксама з цікавасцю слухае ўспаміны Элі, заўважае: эх, той эпісталярны раман выдаць бы цяпер! “А што, гэта так класна, на пяці мовах усё, — падхоплівае Эля Дынглі. — Там жа такія нюансы! Мы з год дасылалі адзін аднаму лісты, і ўрэшце закахаліся па перапісцы. І прыйшлі да высновы, што жыць адзін без другога не можам…”

Мінула 20 гадоў... Цяпер у сям’і старшыні Англа-беларускага таварыства Джыма Дынглі і ягонай жонкі Элі растуць дзве дачкі: Алена і Аляксандра-Вікторыя, ім па 15 і 17 гадоў. Эля працуе ў прыватнай школе ў Кентэрберы — “старадаўнім, напоўненым утульнасцю горадзе ў Англіі, у графстве Кент”, як сцвярджаюць энцыклапедыі. Эля, трапіўшы ўпершыню ў Англію, чула мову як “незразумелы шум мора”, цяпер цудоўна яе асвоіла і выкладае англійскую для замежнікаў. У яе вучнях былі арабы, тайваньцы, тайцы, украінцы, французы, немцы, іспанцы, партугальцы і нават бразільцы. Зрэшты, ёй без розніцы, каго навучаць. У сям’і Дынглі цесныя сувязі з беларускай дыяспарай у Вялікабрытаніі. Эля згадвае, што “айцец Аляксандр Надсан хрысціў нашых дачок, яны ўніяткі. Дарэчы, хросная нашай Алены — Лёля Міхалюк, яна жыве ў Манчэстэры, узначальвае ЗБВ — згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі. Кожны год мы ездзім на Купалле, якое праводзіцца ў паўночным Лондане, у Фінчлі, скачам там цераз вогнішчы”. На пытанне, ці наведвае яе часам настальгія, Эля ўсміхаецца: “А чаму ж я тут, у Мінску!..” І тут жа дадае: “Я думаю, што і Джым па Беларусі сумуе. Помню, быў тут два тыдні — вярнуўся малады і ўвесь свеціцца. “Спадабалася?” — пытаю. Ён: “Ой, спадабалася! Мінск — такі прыгожы горад, такі чысцюткі…” І калі ён доўга сюды не едзе — ужо сумуе…” А Полацак для нас увогуле святое месца, бо там мы сустрэліся з Джымам”. Я б толькі дадаў: пры благаславенні Францыска Скарыны…

Іван Ждановіч, "Голас Радзімы"