Абмеркаваны і прыняты праект помніка пісьменніку, які ўсталююць перад нашым пасольствам у Кіеве.Камень, што засведчыў узвядзенне трэцяга помніка ў гонар аўтара, якога сёння называюць класікам, у канцы мінулага года быў закладзены міністрамі культуры дзвюх краін каля ўваходу ў наша пасольства ў Кіеве.
Абмеркаваны і прыняты праект помніка пісьменніку, які ўсталююць перад нашым пасольствам у Кіеве.Абмеркаваны і прыняты праект помніка пісьменніку, які ўсталююць перад нашым пасольствам у Кіеве.Камень, што засведчыў узвядзенне трэцяга помніка ў гонар аўтара, якога сёння называюць класікам, у канцы мінулага года быў закладзены міністрамі культуры дзвюх краін каля ўваходу ў наша пасольства ў Кіеве. Чаму менавіта там? Раней, чым у Мінску, раней, чым у Рагачове — караткевічавым Болдзіне, дзе ў хаце дзядзькі Грыневіча былі напісаны многія яго творы?
У тым, як многа значыла Україна для Караткевіча і ён для Украіны, як сардэчна любілі яго кіяўляне, я пераканаўся позняй вясной 1979 года ў час Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай славянскім культурам. Праводзілася яна пад эгідай ЮНЕСКА ў Кіеве ў час, калі ўжо адцвілі каштаны, жыва апісаныя ў яго аповесці “Лісце каштанаў”, ды раскашавалі ружы. Жонка Уладзіміра Сямёнавіча, Валянціна Браніславаўна, выступала там з дакладам пра падрыхтоўку у АН БССР сямітомніка “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”, мая ж тэма была звязана з узаемадзеяннем літаратур.
— Выдатна! — казаў Валодзя. — Пакуль вы будзеце там засядаць, я нарэшце сустрэнуся з універсітэцкімі аднакурснікамі. А потым разам будзем па-казацку вячэраць у “Куранях”.
Але “Курані” з дужа смачнымі баршчом і варэнікамі былі адкладзены на пазней. У першы ж вечар ён павёў нас да помніка Уладзіміру-Хрысціцелю, у гонар якога Караткевіч і быў названы. Помніцца, на беразе Дняпра, гледзячы кудысьці на поўнач, у бок роднай Оршы, пісьменнік сказаў: “Усе мы выйшлі адсюль. Усе тры нашы літаратуры. Прыйдзе час — і мы нармальна глянем на хрышчэнне”.
Назаўтра Уладзімір Караткевіч пайшоў з намі на пасяджэнні. Адны даклады хваліў, з іншымі не пагаджаўся. На кожным кроку сустракаў аднакурснікаў, знаёмых па Кіеўскім універсітэце. Засталіся ў памяці перакладчык валодзіных твораў на ўкраінскую мову Карла Скрыпчанка, славак Мольнар, у якога Караткевіч выйграў пары, звязанае з творчасцю Шаўчэнкі. А жонка Скрыпчанкі Ганна Зотаўна тут жа запрасіла нас у музей Тараса Шаўчэнкі. Уладзімір Сямёнавіч паводзіў сябе там як дасканалы знаўца творчасці Кабзара: расказваў невядомыя эпізоды пра яго сувязі з Беларуссю, раіў змяніць некаторыя экспанаты ці подпісы пад карцінамі. І яго слухалі! А на адыход усе ўтраіх мы атрымалі па “Кабзару”.
Яшчэ праз дзень мы пайшлі да трамвайнага спуску ля ўніверсітэта, дзе з Караткевічам здарылася дзіўная гісторыя. Аднойчы, перад стыпендыяй, ён ехаў на трамваі без білета. Кандуктарка рашуча высадзіла яго перад спускам — і ён, аддаляючыся, раптам пачуў за сабой магутны грукат. Гэта трамвай сышоў на павароце з рэек, цалкам урэзаўся (“увайшоў, нібы нож у масла”) у браму пасярэдзіне мураванага дома. Тады ў жывых з пасажыраў не засталося амаль нікога...
— Табе тут, аспід, — жонка так жартам называла Валодзю, — калі-небудзь помнічак паставяць…—Толькі не тут, — Уладзімір Сямёнавіч, усхвалявана закурваючы “беламорыну”, прымаў правілы гульні. — Лепш ужо ў тым двары, дзе пасля вайны жыў я ў цёткі і дзе буяна цвілі каштаны.
Але тады, у брэжнеўскі застой, нават летуценны Караткевіч не мог і ў марах дапусціць думку, што праз пару дзесяцігоддзяў незалежная Беларусь адкрые ў Кіеве сваё пасольства, а перад ім паўстане яго бронзавая постаць. Сёлета ўвесну прайшоў першы тур конкурсу, было прадстаўлена каля дваццаці праектаў, і адзін выбралі для дапрацоўкі. А нядаўна скульптары, жывапісцы, пісьменнікі, журналісты, грамадскія дзеячы ўважліва агледзелі новы варыянт работы Канстанціна Селіханава і Алега Варвашэні ды аднагалосна пацвердзілі: Караткевіч у іх атрымаўся падобным, узвышаным.
На пасяджэнні журы я згадваў тыя шматлікія жыццёвыя творчыя ніткі, што звязваюць Караткевіча з Украінай. А калі ўзважыць усё напісанае ім, у тым ліку па-украінску, то смела можна лічыць яго пісьменнікам не толькі беларускім, але і ўкраінскім, і рускім. А на адыходным папрасіў у скульптараў даслаць у “Голас Радзімы” эксклюзіўны, як сёння гавораць, здымак скульптуры. Ён перад вамі.
P. S. Што ж датычыцца помніка Караткевічу ў Мінску, то варыянты яго размяшчэння таксама абмяркоўваліся пад час пасяджэння журы. Згадвалася, што ў апошнія месяцы жыцця, калі пісьменнік жыў ля тэатра імя Янкі Купалы, ён часта выходзіў у скверык, сядаў каля фантана на лаўку, а да яго, ведаючы пра гэта, прыходзілі сябры, пачаткоўцы з рукапісамі… То чаму б і цяпер не падысці да бронзавага ўжо Караткевіча, не прысесці побач з ім, не пагаварыць у думках?!
Адам Мальдзіс, "Голас Радзімы"