Дзмітры Плакс працуе прадзюсэрам на Шведскім радыё, займаецца прадзюсіраваннем радыёпастановак і іншых радыёпраграм, як сваіх уласных, так і іншых. На конкурс Шведскае радыё прадстаўляе дзве пастаноўкі ў катэгорыі “мастацкая радыёпастаноўка”: “Ужо тады ліса была паляўнічым” Герты Мюллер у пастаноўцы Осы Мельдаль і "Мы, сотня" Юнаса Хассена Хеміры ў пастаноўцы Мелікі Мелані.
“Радыётэатр – гэта, вядома, самы вялікі тэатр у Швецыі, бо яго могуць "бачыць" усе, хто слухае радыё, -- распавядае Дзмітры Плакс. -- Радыёпастаноўкі - новая для мяне галіна, хаця я маю тэатральны досвед, пісаў для тэатра, перакладаў, удзельнічаў іншым чынам. Прадзюсіраванне менавіта радыёпастановак -- трохі болей скаладаная справа, чым прадзюсіраванне іншых праграм, бо больш людзей умешана: рэжысёр, акцёры, кампазітар, рэквізітар і г.д. Акрамя таго, што прадзюсер павінен быць падтрымкай і даваць "фідбэк" ім усім, трэба яшчэ адміністрыраваць усю гэтую працу, сачыць за аўтарскімі адлічэннямі, за бюджэтам, за дэдлайнам і г.д, але гэта цікавая праца".
Па словах Дзмітрыя Плакса, Шведскае радыё не ўпершыню ўдзельнічае ў фестывалі “Prix Europa” і ўжо атрымлівала прызы, так што шанцы на перамогу добрыя. На сёлетнім фестывалі будуць прадстаўлены пастаноўкі з 22 краін уключна са Швецыяй.
“Для мяне асабіста магчымы прыз -- вядома, таксама прыемнае здарэнне, але галоўнае для мяне - удзел у працы фестывалю, бо гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з тым, чым займаюцца калегі ў іншых краінах Еўропы, -- гаворыць Дзмітры Плакс.
Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”