Беларускі гурт "Без Билета" зладзіў свой сольны канцэрт у літоўскай сталіцы. Пры падтрымцы маладзёвай ініцыятывы StudAlliance, Студэнцкай службы і непасрэдна Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта адбыўся дэбютны выступ "Без Билета" ў Вільні.
У першай палове дня ўладальнікі беларускай рок-кароны наведалі Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, дзе прайшла сустрэча са студэнтамі і фанамі групы. Удзельнікі групы адказвалі на самыя розныя пытанні: у тым ліку і на класічныя "а чаму ў вас так гурт завецца?", а таксама больш надзённыя "каго будзеце падтрымліваць на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі?". Сустрэча прайшла ў сяброўскай атмасферы з вялікай колькасцю пытанняў і шчырымі адказамі.
Увечары ўладальнікі запаветных квіткоў, а таксама адмыслова запрошаныя госці ўніверсітэта, змаглі ўбачыць і пачуць жывы выступ "Без Билета". Пасля больш чым палутарагадзіннай праграмы музыкі не адмаўлялі ні ў фотаздымках, ні ў аўтографе.
Трэба адзначыць, што канцэрт групы "Без Билета" стаў лагічным завяршэннем адаптацыйнага тыдня для студэнтаў першага курсу ЕГУ, якіх знаёмілі з жыццём унутры ўніверсітэта, а таксама жыццём у Вільні. "Без Билета" зрабіў шыкоўны падарунак сваім прыхільнікам і проста тым, хто прыйшоў добра правесці час.