Згуртаванне беларусаў Канады адзначыла 100-я ўгодкі з дня народзінаў слаўнай беларускай паэткі, сакратара Рады БНР і пакутніцы сталінскіх ГУЛАГАЎ Ларысы Геніюш.
Праграма імпрэзы была разнастайнай: урыўкі з дакументальнага фільма пра Ларысу Геніюш, успаміны пра сустрэчы і песні на яе словы, а таксама жывы голас паэткі, які гучаў у прыціхлай залі як запавет любіць Беларусь, служыць ёй да скону і не здраджваць сваёй душы.
Марыя Ганько, Вольга Іпатава, Віялета Кавалёва
Аўтаркай першай кнігі, дваццацічатырохгадовай паэткай разам з Васілём Быкавым, Аляксеем Карпюком і Данутай Бічэль упершыню прыехала ў госці да Ларысы Антонаўны цяпер ужо знаная пісьменніца Вольга Іпатава. Яна ж разам з Адамам Мальдзісам ад імя Саюза пісьменнікаў і прысутнічала на паховінах Геніюш у 1983 годзе. Ларыса Геніюш не раз цёпла ўзгадвала і Вольгу, і яе сына Руслана ў сваіх лістах.
Прысутныя з вялікай цікавасцю выслухалі яе ўспаміны, а таксама аповед Віялеты Кавалёвай пра яе адзіную, але на ўсё жыццё запамінальную сустрэчу ў Зэльве з жанчынай, чыё імя і пасля смерці палохае ўлады.
В. Кавалёва таксама зачытала лісты Ларысы Геніюш да Раісы Жук-Грышкевіч. Трэба адзначыць, што канадыйская эміграцыя яшчэ ў 1970-м годзе адзначыла 60-годдзе паэткі, і ўступнае слова да даклада зрабіў Вінцэнт Жук-Грышкевіч, які вучыўся разам з Янкам Геніюшам ў Празе.
Урыўкі са “Споведзі”, якую некалі з перасцярогай вынес з хаты Геніюшаў археолаг і пісьменнік Міхась Чарняўскі, прачытаў Алесь Кот. Вершы Ларысы Антонаўны чытала Алена Лявончанка.
Алена Лявончанка
Алесь Кот
Асабліва кранальна гучалі песні і рамансы на словы паэткі, якія выконвалі Ала Асадчая (разам з маленькай дачушкай), Аляксей Парэцкі, а таксама вядучая імпрэзы, старшыня Згуртавання беларусаў Канады Валянціна Шаўчэнка.
Ала Асадчая
Аляксей Парэцкі
Валянціна Шаўчэнка
У канцы імпрэзы адбылося чарговае – ужо другое – уручэнне прэміі імя выдатнага грамадскага дзеяча Канады Міколы Ганька. На гэты раз пасля Вольгі Іпатавай лаўрэаткай стала Віялета Кавалёва – за вялікую асветніцкую працу і прапаганду духоўных дасягненьняў беларускай эміграцыі у Канадзе. Марыя Ганько, фундатарка прэміі, спадзяецца на шырокую актыўнасць беларускай грамады ў асвятленні эміграцыйнай дзейнасці беларусаў Паўночнай Амерыкі, і асабліва Канады.
Ю. Трубец