На працягу ўжо 20 гадоў спадарыня Лілія Плыгаўка ўзначальвае кафедру беларускай філалогіі Віленскага педагагічнага ўніверсітэта. У мінулым годзе кафедра атрымала статус Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры, і цяпер Лілія Плыгаўка – дырэктар Цэнтра. Гэтая мяккая, пяшчотная жанчына на працягу 20 гадоў стварае ў Вільні свой беларускі свет.
Які ён, гэты свет, над чым цяпер працуе Лілія Плыгаўка, як адбудзецца святкаванне 20-гадовага юбілею кафедры беларускай філалогіі ў Вільні, даведаемся ад першай асобы.
-- Спадарыня Лілія, раскажыце, калі ласка, пра сябе. Якія самыя першыя і яскравыя ўспаміны з дзяцінства.
Мой родны горад – Баранавічы. Цяпер там жыве мая мама і сястра, таму прыязджаю туды часта. У прыгарадзе Баранавічаў ёсць вясковы дом і вялікі ўчастак спадчыннай зямлі, дзе таксама бываю з вялікім задавальненнем. Закончыла Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф.Скарыны па спецыяльнасці беларуская і руская мовы і літаратуры, там жа – аспірантуру. Абараніла кандыдацкую дысертацыю ў Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі, працую над доктарскай. Есць таксама яшчэ адна спецыяльнасць – культуралогія. Да Вільні працавала ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот, дзе прайшла вельмі цудоўную школу жыцця. Потым у звычайнай сярэдняй школе выкладала беларускую мову і літаратуру. Ніколі раней не ўяўляла, што так доўга буду жыць і працаваць на адным месцы, але вось ужо 20 гадоў жыву ў Літве і працую ў педагагічным універсітэце.
Са студэнтамі ля Трох крыжоў у Вільні
Падабаецца падарожнічаць, шмат гадоў прысвяціла воднаму турызму, цяпер падарожнічаю на машыне. Дарога і супакойвае, і дапамагае акрэсліць свае ідэі, і сілы жыццёвыя дае. Часам здаецца, што маё жыццё – гэта суцэльная паездка, толькі пункты прызначэння розныя. З дзяцінства люблю кнігі, маю багатую бібліятэку. Інтарэсаў было шмат і розных – і шыла адзенне, і кветкі разводзіла, і аэробікай займалася, і торцікі смачныя пякла. Некалькі гадоў з сынам удзельнічалі ў археалагічных экспедыцыях. Майму сыну 12 гадоў, ён вучыцца ў Віленскай беларускай школе. У нас жыве чорны пушысты кот, які разам з намі нават падарожнічае.
У жыцці вельмі і вельмі шмат цікавага, якое хочацца спазнаць, таму захапленні мяняюцца. Цяпер, напрыклад, займаюся ўсходнімі танцамі.
Адно з самых яскравых успамінаў дзяцінства – першая паездка ў Вільню. Канешне, я не ведала тады, што і беларусы маюць да горада нейкае дачыненне. Памятаю думкі, накшталт, якія літоўцы шчаслівыя, што ў іх такі горад, як цудоўна ў ім жыць. Потым, прыязджаючы да сяброўкі ў госці, захапленне горадам толькі ўзмацнілася. Канешне, думкі пра тое, што я магу трапіць жыць у гэты горад, не было, надта ж яна была нейкая прывідная і недасягальная. І цяпер, гуляючы па старым горадзе, часта ўзгадваю сваё першаснае пра яго ўражанне.
-- Як прыйшлі да працы загадчыка кафедры беларускай філалогіі? Што паўплывала на Ваш выбар прафесіі?
Колькі сябе памятаю, столькі хацела быць настаўніцай, праўда, у розных класах – па розных прадметах. Я вучылася аднолькава выдатна па ўсіх прадметах, і толькі ў апошнім класе выбрала філалогію, хаця працягвала вучыцца ў завочнай фізіка-матэматычнай школе ў Пецяргофе. Калі ў падлеткавым узросце сутыкнулася з дзецьмі, кінутымі сваімі бацькамі, з’явілася жаданне працаваць менавіта з імі. Таму пасля ўніверсітэта разам са сваёй сяброўкай паехала працаваць у Жлобінскую школу-інтэрнат, хаця была магчымасць будаваць кар’еру ў грамадскай працы або працаваць ва ўніверсітэце і вучыцца ў аспірантуры. Ва ўніверсітэт я ўсё ж вярнулася, але ўжо не ў свой, а за межамі Беларусі.
Я вучылася ў аспірантуры, калі ў 1991 г. па пастанове Савета міністраў Літоўскай Рэспублікі адчынялі кафедру беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Віленскім педагагічным універсітэце. Па запрашэнні Таварыства беларускай культуры і трапіла ў Вільню, горад, у якім часта бывала і які любіла з дзяцінства. Ехала выкладаць беларускую мову, марачы пра адраджэнне беларускай школы на Віленшчыне, але прызначылі і выкладаць, і загадваць, г.зн. ствараць усё з нуля – планы, праграмы, сваё асяроддзе і свой свет. Так і ствараю яго на працягу дваццаці гадоў да гэтага часу, і, здаецца, канца і краю гэтаму няма.
З айцом Аляксандрам Надсанам
Сустрэча са студэнтамі з Беластока
-- Ці былі калі-небудзь у жыцці моманты адчаю? Што дапамагала ў такія моманты?
Поўнага адчаю, дзякуй Богу, пакуль не было, мне цікава жыць, ствараць, быць і сярод людзей, і сам-насам. Сама нешта прыдумляю і сама свае ідэі ажыццяўляю. Безумоўна, моманты, калі нешта не так, калі адчуваеш сябе ў роспачы, часам нават незразумелай, былі ў жыцці. Як без іх? Думаю, у жыцці павінна быць усё: і памылкі, і расчараванні, і перашкоды, і ўзлёты, і павароты, і перамогі. Дапамагае разуменне, што заўсёды ў любой сітуацыі ёсць выйсце, і што ўсё ў гэтым жыцці мае свой пачатак і свой канец, як добрае, так і дрэннае. І яшчэ дапамагае здольнасць да аналізу сітуацыі: так я знаходжу розныя варыянты, а потым выбіраю адзін, які зноў выводзіць мяне на мой шлях.
-- Што, на Ваш погляд, варта зрабіць, каб паправіць становішча беларускай мовы ў сучасны грамадстве Беларусі?
На мой погляд, трэба зрабіць адно – выконваць Закон аб мовах.
-- Наколькі я ведаю, у наступным годзе кафедра, якой Вы кіруеце, будзе адзначаць 20-годдзе. Як Вы ацэньваеце тое, што зроблена за 20 гадоў? Ці ёсць нейкія планы па святкаванні юбілею?
Акрамя падрыхтаваных спецыялістаў-беларусістаў, а іх ужо больш за 200 чалавек, і гэта як грамадзяне Літвы, так і іншых краін, зробленае пералічу коратка:
– створана і паспяхова дзейнічае Віленская беларуская школа (сярэдняя школа ім. Ф.Скарыны ў Вільні);
– адноўлена дзейнасць Таварыства беларускай школы ў Літве;
– кафедра – адзін з ініцыятараў стварэння літуаністыкі ў Беларусі (цяпер дзейнічае Цэнтр літуаністыкі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка);
– ініцыяваны новы кірунак дзейнасці факультэта – міжкультурная камунікацыя з акрэдытацыяй новай навучальнай праграмы;
– распрацаваны навучальныя праграмы і стандарты па беларускай мове для Літоўскай Рэспублікі
– традыцыйная міжнародная навуковая канферэнцыя “Мова і міжкультурная камунікацыя” (сумесна з факультэтам рускай філалогіі БДПУ ім. М.Танка);
– комплекснае даследаванне беларускай культуры і мовы ў Літве і яе трансфармацыі ў полікультурным асяроддзі.
Прыкладная праграма святкавання 20-годдзя ўжо ёсць. Яно адбудзецца 19 мая 2011 г. пад час правядзення ІІІ міжнароднай навуковай канферэнцыі “Мова і міжкультурная камунікацыя”. На свята мы запрашаем сваіх выпускнікоў і ўсіх тых, з кім мы супрацоўнічалі за гэты час і супрацоўнічаем цяпер.
Праграма, якую ўбачаць нашы госці ў дзень святкавання, рыхтуецца нашымі студэнтамі і выпускнікамі, і яе аб’ём залежыць ад сродкаў, якія мы зможам знайсці. Пакуль толькі раскрыю адзін сакрэт – з сольным канцэртам выступіць наш студэнт, лаўрэат міжнародных конкурсаў, эстрадны спявак Аляксандр Заўгародні.
Плануем выдаць памятную кнігу, прысвечаную нашай дзейнасці ў Літве. На працягу наступнага году будуць таксама арганізаваны 20 сустрэч у ВПУ з цікавымі людзьмі, якія маюць дачыненне да Беларусі.
-- З якімі праблемамі сутыкаліся і сутыкаецеся падчас працы?
Паколькі адначасова студэнтаў, вучоба якіх фінансавалася дзяржавай, у нас вучылася не шмат, і таму штатных адзінак мала, то праблема была адна – нас пастаянна ліквідоўвалі, рэарганізоўвалі, аб’ядноўвалі, г. зн. мы ўвесь час знаходзіліся пад пагрозай закрыцця. Дарэчы, і цяпер таксама, бо на дзённым аддзяленні цяпер толькі адзін чацвёрты курс. Спадзяюся, сітуацыю выправіць Праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствамі адукацыі Літвы і Беларусі, дзе прадугледжана распрацоўка асобнай праграмы дзейнасці Цэнтра беларусістыкі ў Літве і літуаністыкі – у Беларусі. З мэтай захавання сябе як структуры і пашырэння спектра дзейнасці, з 2009 г. мы перайшлі ў статус Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры.
-- Які ён – сённяшні студэнт беларускай філалогіі? Ці ёсць нейкія тэндэнцыі ў гэтым сэнсе?
Сёння ў нас вучыцца 6 чалавек на дзённым аддзяленні (дзяржаўнае фінансаванне) і каля 100 на завочным (платнае навучанне). Студэнты дзённага аддзялення беларускую мову вывучаюць як замежную, Беларусь спасцігаюць як незнаёмую краіну. Толькі некаторыя з іх пасля заканчэння могуць працаваць па спецыяльнасці, таму што ў Літве мала прафесійных беларускіх асяродкаў, але ўсё роўна кожны з іх спарадычна выкарыстоўвае ў сваёй прафесіі веды пра Беларусь, яе мову і культуру і папулярызуе іх у грамадстве.
Нашы завочнікі – гэта, у асноўным, грамадзяне Беларусі, жыхары памежных з Літвой раёнаў, людзі, якія досыць паспяховыя ў сваім прафесійным жыцці, сталыя па ўзросце, вельмі цікавыя і неардынарныя асобы. Таму з імі вельмі цікава працаваць, бо кантакты з імі пашыраюць уласны кругагляд у розных жыццёвых сферах.
-- Вы былі рэдактарам кнігі "Беларусы ў Літве: учора і сёння". У чым асаблівасці кнігі?
Асаблівасць кнігі ў яе спалучэнні дня ўчарашняга і сённяшняга, архіўных матэрыялаў і інтэрв’ю з сучаснымі беларусамі Літвы. Аўтарскага “Я” амаль няма – гэта спрыяе самастойнаму разважанню чытача і выпрацоўцы ім аб’ектыўнага погляду на працэсы беларускага жыцця Віленшчыны як у 20-30-х гг. ХХ ст., так і сёння, амаль праз стагоддзе. Працаваць было цікава, а калі працуеш з задавальненнем, то складанасці і складанасцямі не ўяўляюцца. Менавіта ў працэсе супольнай працы з аўтарам Алесем Адамковічам узнікла ідэя падрыхтаваць серыю кніг, аб’яднаных агульнай думкай – беларусы ў Літве: учора і сёння.
-- Распавядзіце, калі ласка, пра іншыя свае навуковыя працы і кнігі.
Мая навуковая дзейнасць звязана, у першую чаргу, з паўднёва-ўсходняй часткай Літоўскай Рэспублікі (Віленскі край) – надзвычай унікальным полікультурным рэгіёнам, дзе гістарычна жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Як праяўляецца беларускі культурны і моўны феномен у гэтым рэгіёне, як ён уплывае на іншыя культуры і як іншыя культуры ўплываюць на яго – асноўная тэма маіх даследаванняў. Гэтай тэме прысвечана манаграфія “Беларуская мова ў Літве: сацыякультурныя і лінгвістычныя асаблівасці”, якая выйшла ў выдавецтве Віленскага педагагічнага універсітэта ў 2009 г. Іншыя тэмы маіх навуковых публікацый – узаемакантакты ў полікультурнай прасторы, адукацыя нацыянальных меншасцей, выкладанне роднай мовы ў іншамоўным асяроддзі, беларуская мова як замежная, камунікатыўныя паводзіны прадстаўнікоў розных культур.
-- Над чым цяпер працуеце, ці рыхтуеце нейкую новую кнігу?
Працую над доктарскай дысертацыяй, прысвечанай рэалізацыі беларускай мовы ў полілінгвістычным асяроддзі, і навучальны дапаможнік па міжкультурнай камунікацыі для студэнтаў, якія навучаюцца па спецыяльнасці “руская філалогія і міжкультурная камунікацыя”.
Таксама з удавой Лявона Мурашкі, які доўгі час узначальваў Згуртаванне беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве, рыхтуем кнігу пра яго і паралельна шукаем спонсараў для яе выданння. Да канца гэтага года будзе падрыхтаваны макет кнігі.
-- Дзякуй за размову. Поспехаў Вам!