"Яваровых людзей" цёпла віталі на фестывалі рамёстваў

Беларускі фальклорны гурт з Канады "Яваровы людзі" 18 верасня выступіў на 54-м штогадовым сьвяце ў Black Creek Pioneer Village. Другі год запар “Яваровы людзі” бяруць удзел у гэтым фэстывалі, які ладзіцца ў найбуйнейшым таронтаўскім музеі пад адкрытым небам.

Беларускі фальклорны гурт з Канады "Яваровы людзі" 18 верасня выступіў на 54-м штогадовым сьвяце ў Black Creek Pioneer Village. Другі год запар “Яваровы людзі” бяруць удзел у гэтым фэстывалі, які ладзіцца ў найбуйнейшым таронтаўскім музеі пад адкрытым небам.

Сотні наведнікаў, якія прыйшлі на свята ў "вёску першых пасяленцаў", мелі магчымасць пабачыць, як працуюць майстры-рамеснікі -- як прадуць воўну, ткуць ручнікі, робяць мяцёлкі і свечкі, друкуюць літаграфіі, мелюць зерне на муку і г.д. Як заўсёды, вельмі папулярным быў аўкцыён "квілтаў"-- маляўнічых посцілак, вырабленых з рознакаляровых лапікаў тканіны майстрыхамі з менаніцкіх абшчынаў. Госці фестывалю частаваліся самаробным марозівам і яблычным сідрам, а таксама іншымі традыцыйнымі вясковымі прысмакамі. У культурнай праграме свята, апроч беларускіх выканаўцаў, удзельнічаў танцавальны гурт нямецкага фальклорнага таварыства, а таксама мужчынскі квартэт адной з суполак менанітаў.

Свой сёлетні выступ на свяце сямёра ўдзельніц "Яваровых людзей"-- Наталля Белка, Віялета, Каміла і Дамініка Кавалёвы, Алена Лявончанка, Ларыса Міхайлава, Валянціна Шаўчэнка -- вырашылі зрабіць інтэрактыўным. На прапанову далучацца да выканаўцаў гледачы і на першым, і на другім канцэрце адгукаліся з вялікім імпэтам (беларускія артысты паўтарылі сваю праграму двойчы). Людзі розных узростаў, ад малых да старых, з задавальненьнем танчылі беларускія народныя танцы "Ойра" і "Кракавяк", а дзеці, якім удзельнікі гурта раздалі шумавыя інструменты, утварылі цэлы "аркестр", у суправаджэнні якога гучала беларуская народная песня "А дзе ж тая крынічанька". І хаця сярод гледачоў амаль не было людзей, якія маглі зразумець беларускую мову, ніхто не сумаваў, бо Алена Лявончанка, якая выдатна вяла праграму, вельмі падрабязна і дасціпна тлумачыла сэнс кожнай песні.

Супрацоўнікі "вёскі першых пасяленцаў" таксама засталіся задаволенымі выступам "Яваровых людзей" і адразу ж запрасілі удзельнікаў калектыву ўзяць удзел у свяце і на наступны год. Застаецца толькі пажадаць, каб налета сярод гледачоў канцэрту ў Poineer Village з’явіліся і таронтаўскія беларусы.

"Беларусы Канады"