“Гэта быў фурор у Беластоку”

Маленькаму Кандрату Косціну 4 гады. Жывучы з бацькамі ў Беластоку ён на зайздрасць добра гаворыць па-беларуску. Такі поспех абумоўлены не толькі тым, што хлопчык з маленства чуе беларускую мову ў сям’і. Вось ужо другі год Кандрат наведвае беларускі садок ў Беластоку.

Маленькаму Кандрату Косціну 4 гады. Жывучы з бацькамі ў Беластоку ён на зайздрасць добра гаворыць па-беларуску.

Такі поспех абумоўлены не толькі тым, што хлопчык з маленства чуе беларускую мову ў сям’і. Вось ужо другі год Кандрат наведвае беларускі садок ў Беластоку. Ягоны бацька, журналіст радыё “Рацыя” Зміцер Косцін, гаворыць, што калі прыйшоў час аддаваць сына ў дзіцячы садок, ён абраў менавіта беларускі, аб чым цяпер зусім не шкадуе.

Зміцер Косцін з сынам Кандратам

“Я два гады жыву ў Беластоку. За гэты час ужо паспеў увайсці ў жыццё мясцовых беларусаў, --  распавядае Зміцер Косцін. -- Беларусы ў Польшчы маюць сваё беларускае жыццё, падтрымліваюць сваю беларускасць. Есць і пэўныя праблемы, звязаныя з адсутнасцю падтрымкі з боку беларускай дзяржавы. Большасць беларусаў Польшы заангажаваныя ў праекты Польскай дзяржавы. Польшча досыць ліберальна ставіцца да нацыянальных меншасцяў, і   большасць мерапрыемстваў, якія ладзяцца беларусамі Польшчы, рэалізуюцца пры падтрымцы Польскай дзяржавы. Што тычыцца беларускага садка ў Беластоку, то яго цалкам закладалі бацькі. Гэта, бадай, адзіны такі прыклад самаарганізацыі. Гэта быў своеасаблівы фурор у Беластоку. Бацькі самі ўсё выхадзілі, самі выбіралі настаўнікаў. Тут трэба адзначыць унёсак Барбары Пякарскай, Аліны Ваўранюк, Яўгена Вапы, Ганны Кандрацюк-Свярубскай і многіх іншых беларусаў Польшчы.”

“Беларускі” садок у Беластоку працуе ўжо 15 год. На сённяшні дзень у садку дзейнічае тры групы з беларускай мовай навучання, якія наведвае каля 90 дзяцей. Увесь выхаваўчы працэс ідзе на беларускай мове, толькі некаторыя дысцыпліны, кшталту рытмікі і англійскай мовы, выкладаюцца па-польску. Гэта адзіная падобная выхаваўчая пляцоўка на Падляшшы.

ў выхаванцах садок не мае. “Штогод на адно месца ў садку прэтэндуе 3-5 дзяцей, -- гаворыць Зміцер Косцін, -- бо ўсе ведаюць, што ў беларускім садку весела, цікава, добра. Дзеці ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, конкурсах, і спяваюць , і танчаць, і  ў тэатральных пастаноўках граюць”.

Па словах Зміцера Косціна, беларускі садок для многіх дзяцей -- гэта адзіная магчымасць пачуць беларускую мову, бо многія бацькі ўжо не гавораць па-беларуску, але хацелі б, каб іх дзеці ведалі беларускую мову.

“Беласток быў для мяне вельмі цікавы, -- дзеліцца ўражаннямі Зміцер Косцін, -- бо я пабачыў тут беларускую сітуацыю. Афіцыйна паўсюль прысутнічае польская мова, польская культура. Гэтую польскасць цяжка не заўважаць. Але ў той жа час прысутнічае і беларускасць. Існаванне беларусаў маргіналізаванае, але яны ёсць. Гэта нагадвае сітуацыю беларускамоўных у Беларусі. Яны таксама жывуць у нейкім сваім маргіналізаваным асяроддзі, толькі робяць гэта ў сваёй краіне”.

У агуле з беларускай адукацыяй у Беластоку праблемаў няма. Тут створана бесперарыўная сістэма навучання. Ёсць і пачатковая школа, і гімназія, і ліцэй, дзе вывучаецца беларуская мова. Акрамя таго, у Беластоку існуе праваслаўная школа імя Кірыла і Мяфодзія, дзе вывучаюцца беларуская, руская і украінская мовы. Так што бацькі маюць выбар, было б толькі жаданне навучаць дзіцёнка беларускай мове.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”