Дні аднаго жыцця

Заўсёды любіў і люблю чытаць успаміны, дзёньнікі, ліставаньне. Але тое было чытво пра чужых, незнаёмых. Упершыню трымаю ў руках кнігу дзёньнікаў чалавека блізкага, роднага – Зоры Кіпель.

Заўсёды любіў і люблю чытаць успаміны, дзёньнікі, ліставаньне. Але тое было чытво пра чужых, незнаёмых. Упершыню трымаю ў руках кнігу дзёньнікаў чалавека блізкага, роднага – Зоры Кіпель.

Хоць збольшага дзёньнікі часу, калі мы яшчэ ня ведалі адзін аднаго – ад 1978 г. да 1999 г., яны – пра агульных знаёмых, агульныя месцы, агульныя справы. Укладальнік Сяргей Шупа, прысьвяціўшы амаль тысячастаронкаваму тому чатыры гады жыцьця, піша ў прадмоўцы: “Фактычным суаўтарам гэтай кнігі быў Вітаўт Кіпель – Зорын спадарожнік жыцьця, яны пазнаёміліся яшчэ ў акупаваным Менску, а ад канца 40-х гадоў ужо фактычна не разучаліся – так што іх імёны часьцей за ўсё ўжываліся разам. “Не ўяўляю сабе маё жыцьцё бязь Вітаўта”, - сказала Зора ў сваім апошнім інтэрвію 14 лютага 2003 году. І сапраўды, іх жыцьцё было настолькі неразьдзельнае, што ў дзёньніку Вітаўт прысутны амаль у кожным радку. Пры падрыхтоўцы гэтай кнігі ён тлумачыў і камэнтаваў Зорыны запісы – жыва й спантанна, часам дадаючы нейкую інфармацыю, часам нібы ўступаючы ў дыялёг з тэкстам, дапаўняючы Зору або й спрачаючыся зь ёю”.

Гэта варта было бачыць: выбухнога, вульканічнага Вітаўта і спакойную, шляхотную Зору, якая адна, здаецца, была здольная ня даць спаліць усё навокал.

Сярод немалой, параўнальна, колькасьці ўспамінаў нашае эміграцыі ня знойдзеш побытавага, жыцьцёвага – усё палітычнае, усё пра “дзейнасьць з праніклівым і практычным падыходам”. Тут-жа – людзі, якія й працавалі, і жылі, хадзілі ў крамы, рабілі фрызуру, пісалі, сварыліся, крыўдавалі, і ты пазнаеш іх, і, пазнаўшы знаёмых, верыш апісаньням і характарыстыкам ведамым табе толькі з гісторыі, і дзякуеш Вітаўту, што пакінуў дзёньнікі, як яны былі, не выкідаючы часам рэзкія, гострыя запісы – у тым ліку й пра яго самога.

Такой кнігі ў нас яшчэ ня было. Прынамсі, пра эміграцыю.

Пра гэтую кнігу яшчэ буду пісаць, як здолею, як любіў паўтараць Віцьбіч, абстрагавацца ад яе, пакуль-жа: выданьне Зьміцера Коласа 500 асобнікаў, толькі-толькі з друкарні.Зора і Алена

vidymus.livejournal.com