У эстонскім горадзе Кохтла-Ярвэ адкрываецца беларускі клас

У адной са школ эстонскага горада Кохтла-Ярвэ ў гэтым месяцы адчыніцца беларускі клас. Акрамя таго, калі ўсё пойдзе добра, арганізатары плануюць на працягу навучальнага года набраць яшчэ адзін беларускі клас ды стварыць беларускую нядзельную школу ў Таліне.

У адной са школ эстонскага горада Кохтла-Ярвэ ў гэтым месяцы адчыніцца беларускі клас. Акрамя таго, калі ўсё пойдзе добра, арганізатары плануюць на працягу навучальнага года набраць яшчэ адзін беларускі клас у той жа школе ды стварыць беларускую нядзельную школу ў Таліне. Пра падрабязнасці гутарым з арганізатарам беларускай школы і яе будучым настаўнікам Дзмітрыем Панфіленка.

- Дзмітрый, распавядзіце, калі ласка, як рухаецца справа, чым цяпер займаецеся?

- Зараз займаюся пошукам вучняў для нядзельнай школы, ужо ёсць жадаючыя. Акрамя таго, я ўжо набраў людзей ў беларускі клас у школе ў Кохтла-Ярвэ. Адкрыццё ў гэтым месяцы. Такі клас ствараецца ўпершыню. У гэтым сэнсе мы піянеры. У планах на гэты год яшчэ адзін клас.

- Раскажыце, калі ласка, пра сябе. Як узнікла ідэя стварэння беларускага класа?

-  Я з Гомеля. Гісторык. У Эстоніі знаходжуся па еўрапейскай праграме абмену. Арганізацыя, у якой я практыкуюся, займаецца пытаннямі вучнёўскага самакіравання.  Ідэя ўзнікла сыходзячы з вучэбнага заканадаўства Эстоніі, там такія пытанні прапісаны. Тым больш, што ўжо існуе падобны ўкраінскі клас.

- Чаму абралі менавіта горад Кохтла-Ярвэ?

- Бо там шмат беларусаў. У планах стварыць беларускія класы і ў іншых гарадах.

-  Якім чынам будзе ісці навучанне ў беларускім класе?

- У школьную праграму навучання  ўнесены 2 гадзіны беларусазнаўства, і дзеці, пачынаючы ад пятага класа, будуць вывучаць гэты прадмет 2 гадзіны ў тыдзень.

- А які ўзрост дзяцей у класе? Гэта адзін школьны клас ці сабраныя дзеці з розных класаў?

- Клас зборны ад 10 да 18 гадоў. Усе дзеці маюць беларускія карані. У класе каля 20 вучняў.

- Я так разумею, гэта ў нечым падобна на факультатыў па беларусазнаўству, на які запісаліся жадаючыя з розных класаў?

- Так, але гэты прадмет унесены ў расклад, ёсць праграма і ёсць адзнакі. І абавязковае наведванне заняткаў.

- Скажыце, калі ласка, якім чынам збіраецеся арганізоўваць навучальны працэс? Якія ёсць праблемы?

- Складзена праграма навучання, але сітуацыя такая, што адсутнічае ўсё, няма ні падручнікаў, ні тэхнікі. Ёсць толькі праграма навучання, напісаная мною, якую я, як мог,  прыстасоўваў на мінімум выкарыстання падручнікаў.  Тэрмінова патрэбныя буквары,  падручнікі, сшыткі па вывучэнню беларускай мовы і літаратуры, так званыя “беларускія сшыткі”. Гэта ў першую чаргу. Таксама патрэбны  кнігі па гісторыі, культуры, геаграфіі, жывёльным і раслінным свеце Беларусі. Таксама было б добра атрымаць прыгожы ілюстратыўны матэрыял па ўсім, пералічаным вышэй, і прадметы  народнай творчасці, касцюмы, ручнікі, вышыўкі, вырабы з саломкі, гліны і г.д. або дыскі з выявай усяго вышэйназванага. І канешне аўдыё і відэа матэрыялы з беларускімі песнямі і фільмамі на беларусазнаўчую тэматыку.

- Што тычыцца нядзельнай школы ў Таліне, на якім этапе зараз справа? Ці атрыманы дазвол на адкрыццё школы?

- Пакуль не, але гэта не праблема. Мы вялі перамовы з эстонцамі на гэты конт. І яны зацікаўленыя, і гэта галоўнае.  Зараз я пішу праграму і афармляю дакументы. Галоўнае, каб былі людзі, а яны ў нас ёсць.

- А колькі дзяцей ужо ёсць і якога узросту?

- Дзве групы: 3-5 год і 7-12 год. Ужо ёсць 7 жадаючых вучыцца, усяго плануем набраць 16 вучняў.

- Ці ёсць ужо памяшканне для заняткаў?

- Так. У нас нават ёсць памяшканне для харэаграфіі. Плануем танчыць. Нам патрэбны беларускія харэографы, і ў прынцыпе мы іх ужо знайшлі. У першую чаргу плануем навучаць дзяцей беларускай мове, таксама даваць веды па беларускай літаратуры, гісторыі, культуры, геаграфіі. Падчас заняткаў будуць выкарыстоўвацца дыдактычныя гульні, будуць таксама камбінаваныя заняткі.

- Дзякуй за размову. Поспехаў Вам!

Гутарыла Таццяна Печанко,
прэс-сакратар МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"