На традыцыйнай імпрэзе ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве 28 жніўня прысутнічаў Зянон Пазняк. Сама ж імпрэза была прысвечана сотым угодкам з дня нараджэння самай вялікай беларускі ХХ стагоддзя – Ларысе Геніюш.
Выступленне распачаў старшыня ТБК Хведар Нюнька, які кораценька распавёў пра гэту гераічную жанчыну і святкаванне яе стогадовага юбілею у Зэльве 7-8 жніўня
У другой частцы праграмы быў паказаны відэафільм пра тых, хто стаяў ля вытокаў беларускага адраджэння ў савецкай Беларусі і дзякуючы каму і адбылося яе адраджэнне ў канцы
Па заканчэнні прагляду стужкі перад прысутнымі выступіў Зянон Пазняк. Гэтым разам ён засяродзіўся на асобе Ларысы Геніюш. У сціслай форме распавёў аб асабістых з ёй сустрэчах і сваіх уражаннях аб іх. Сустрэч з ёй было толькі тры. Першая – калі пазнаёміўся і яны прагаварылі разам ўсю ноч, другая – калі памёр яе муж, і трэцяя – калі яна была ўжо ў труне. Спадар Зянон не адзін раз падкрэсліваў моц духа гэтае жанчыны, яе інтэлігентнасць, нескаронасць і нязломнасць. Нягледзячы на ўсе пакуты і пераследванні рэжыму, яна не скарылася, не зламалася, а галоўнае – не абазлілася. Яна заўжды стаяла вышэй за гэтую сістэму. Пішучы пра лагер, яна не апускалася да ўзроўню зэкаўскага жаргона, а пісала вельмі лагодна, інтэлігентна. Менавіта такія асобы, працягваў далей сп. Пазняк, і гартуюць нацыю, захоўваюць яе, робяць культурнай нацыяй. У шматлікіх лагерах ведалі Ларысу Геніюш як нязломную высокаінтэлігентную беларуску і шанавалі, незалежна ад нацыянальнасці. Яе вершы падтрымлівалі духам вязняў ГУЛАГу розных нацыянальнасцяў і поглядаў. Яны таемна перадаваліся, чыталіся і былі падтрымкай у тыя журботныя дні. Далей спадар Зянон адзначыў чалавечнасць асобы Ларысы Геніюш і яе ўменне паважаць іншых людзей незалежна ад поглядаў і веравызнання. Яна не прыняла савецкага грамадзянства і была незалежнай ад гэтай сістэмы, заўжды была аптымістычнай і верыла ў тое, што Беларусь стане незалежнай. Асаблівую ўвагу Зянон Пазняк засяродзіў на тым, што дзейнасць такіх людзей, як Ларыса Геніюш выхоўвала і фармавала беларусаў. Як прыклад, прывёў асобу Святаполка-Мірскага, які толькі ў лагеры, пасля сяброўства з ёй, стаў свядомым беларусам.
Пасля выступу, прысутныя задалі некалькі пытанняў Зянону Пазняку. У асноўным яны тычыліся сёняшняй палітычнай сітуацыі ў Беларусі і яго бачання разгортвання далейшых палітычных падзей.
Напрыканцы імпрэзы выступіў Раман Кавальчук, які заклікаў беларусаў быць беларусамі. Бо, як ён адзначыў, што ў Беларусі моладзь вельмі часта забываецца, што яны ў Беларусі і беларусы. І як вынік, на вуліцах Мінска вельмі часта пачуеш: “А ў нас в Росіі”. Такога не павінна быць.
Пасля моладзь яшчэ доўгі час не разыходзілася, размаўляла з Зянонам Пазняком, брала ў яго аўтографы і дзялілася з ім сваімі думкамі.
Алесь Адамковіч, Вільня