Шведскія беларусы правялі сацыялагічнае апытанне сярод шведаў з мэтай даведацца аб іх стаўленні да Беларусі. Вынікі даследавання шакавалі нават арганізатараў. “Расія”, “гарэлка” і “халодна” — гэтыя словы прыходзяць да галавы шведу, калі ён чуе назву нашай краіны.
Не “Vitryssland”, а “Belarus”
Грамадзянскую кампанію "За Belarus", арганізаваную прадстаўнікамі беларускай дыяспары, падтрымалі шведскія палітыкі, якія лічаць гэта надзвычай важным для ўмацавання незалежнасці Беларусі і ўспрымання краіны без шлейфа савецкага мінулага. Цікава, што "За Belarus" выказаўся і амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, а вось пасольства Беларусі ў Швецыі яе праігнаравала.
Палова шведаў: Беларусь — гэта Расія
Сярод асацыяцыяў з Беларуссю амаль 21% апытаных ўзгадалі “Расію” і амаль 37% — “Расію” ці адно з яе аднакаранёвых словаў (“расійцы”, “расійскі” і г.д.). Сярод асацыяцыяў ёсць і іншыя, якія найчасцей атаясамліваюцца з нашай усходняй суседкай. Гэтак, на другім месцы ў рэйтынгу свабодных словаў — “гарэлка”, якую згадалі 16.3%, на трэцім — “халодна” (15,7%) . Шмат рэспандэнтаў узгадалі “вушанку”, “футру”, “аўтамат Калашнікава” ды “кактэйль Молатава”.
Арганізатары адзначаюць, калі скласці разам усе асацыяцыі, якія маюць наўпроставае дачыненне да Расіі, атрымліваецца, што больш за 49 % шведаў атаясамліваюць Беларусь з нечым расійскім.
У якасці красамоўнай ілюстрацыі вынікам апытання нагадаем, як летась дзяржаўнае “Радыё Швецыя” закрыла сваю беларускую праграму, якая за чатыры гады працы стала цэнтрам беларускага жыцця ў Скандынавіі. Прычына — прыход новага начальніка, які не разумеў розніцы паміж Беларуссю і Расіяй, і паставіў крыж на унікальным праекце.
Ніводнай пазітыўнай асацыяцыі
36 % ад усіх шведскіх асацыяцыяў маюць дачыненне да вайны ці зброі, 24,3% звязаныя з алкаголем ды п’янствам, 15% — са злачынствамі ды карупцыяй, 14,5% — з жабрацтвам. Яшчэ 10,9 % узгадваюць пра дыктатуру ды аўтарытарызм і амаль 8% — пра прастытуцыю ды жанчын лёгкіх паводзінаў.
Заўважым, ніхто з апытаных не ўзгадаў пра “чорную пляму” на іміджы Беларусі — Чарнобыль. Верагодна, гэта люстра грамадскага меркавання, якое атаясамлівае чарнобыльскую трагедыю выключна з суседнімі Украінай і Расіяй.
З хакеем Беларусь самі звязваюць толькі 9,8% апытаных шведаў, з Мінскам — усяго 5,2%. Пры гэтым 19,1 % рэспандэнтаў праводзяць залежнасць паміж Беларуссю і СССР ды камунізмам, што на думку арганізатараў апытання, сведчыць пра сціранне з памяці шведаў згадак пра “імперыю зла”.
Самы вядомы “беларус” — гэта... Гітлер
Паміж расійцамі і НАТО
З прапанаваных словаў з Беларуссю ў шведаў пераважныя асацыяцыі выклікае “расіец” (69%), “вушанка” (56,2%), “Пуцін” (54,3%), “шпіён” (51,8%), “Калашнікаў” (51,1%), “танк” (50,4%), “мафія” (50%), “ядзерная зброя” (49,8%), “гарэлка” (48,8%), “Ленін” (48),... “нафта” (36,7), ... “Гітлер” (30,6), ... “гандаль людзьмі” (21,7) і г.д.
З пазітыўных рэчаў і з’яваў варта згадаць “балет” і “фігурнае катанне”, якія, на думку шведаў, маюць большае дачыненне да Беларусі, чым да Фінляндыі, Эстоніі, Літвы, Украіны ці Латвіі. Што да “хакея” і гістарычнай перамогі над шведамі ў чвэрцьфінале Алімпіяды-2002, тут мы саступаем толькі фінам (22,4 % супраць 56,9 %).
Здзіўляе, што больш за траціну (33,6%) апытаных асацыююць Беларусь з Палтавай (з Украінай — толькі 20,5%) і амаль траціна (26,3%) — з НАТО (болей толькі ў Фінляндыі — 28,6%). А вось спрадвечна беларускую “дуду” да Сінявокай дапасоўваюць у перадапошнюю чаргу.
Каментар арганізатара: “Трэба дыстанцыянавацца ад Расіі”
Майк Сэндэр, сябра Рады “Беларусаў у Швецыі”:
Жудасныя вынікі апытання сведчыць таксама аб тым, што кожны беларус будзе разглядацца шведамі праз гэтыя прыкрыя уяўленні. Можна паскардзіцца, што большасць асацыяцыяў неабгрунтаваныя, што шведы надта недасведчаныя... Але ўпэўнены, што падобныя вынікі мы атрымалі б і ў многіх іншых краінах. Трэба глядзець праўдзе ў вочы: у Беларусі дрэнны імідж у свеце і з гэтым трэба нешта рабіць.
Усе мы, пакідаючы межы радзімы, становімся іміджмэйкерамі Беларусі. Таму едучы за мяжу, добра было б, каб кожны прыхапіў з сабой вынікі нашага апытання ды стараўся паводзіць сябе так, каб не нагадаць ніводнае са слоў з “чорнага спісу”. Рэпутацыя — гэта не тое, кім ты ёсць, а тое, як цябе ўспрымаюць іншыя. Менавіта таму “Беларусы Швецыі” вырашылі дамагацца змены афіцыйнай шведскай назвы Беларусі праз урад Швецыі. Частковых зменаў мы ўжо дамагліся.
Чаму шведы ТАК думаюць?
Беларусь = Атлантыда
У апошнія 5-7 гадоў вядомасць Беларусі ў Швецыі пашырылася найперш дзякуючы статусу “апошняя дыктатура Еўропы”. Аднак веды большасці палітыкаў — нават тых, хто займаецца пытаннямі глабальнай палітыкі — вельмі павярхоўныя, прызнаецца міністр па справах Еўразвязу Біргіта Ульсан.
Шведы трохі чулі пра поспехі беларусаў у спорце, добра памятаюць паразу ад нашай хакейнай зборнай ў чвэрцьфінале Алімпіяды. Аднак спортам глыбока цікавіцца абмежаванае кола насельніцтва.
Шведскія СМІ не пішуць пра Беларусь
“Чаму мы не пішам пра Беларусь? — кажа журналіст уплывовай газеты "Sydsvenska Dagbladet" Калле Кнійвіля — Бо, па вялікім рахунку, у вашай краіне нічога не адбываецца”.
Шведскае грамадства — інфармацыйнае, шырокую ўвагу якога прыцягвае нешта дынамічнае. “З гэтага гледзішча у нас, сапраўды, нічога не адбываецца. З другога, у Беларусі няма ані нафты, ані газу”, — разважае стваральнік беларускай праграмы “Радыё Швецыя” Дзмітры Плакс.
Шведаў цікавяць свае ласі
У апошнія дзесяцігоддзі Швецыя здзейсніла прарыў наперад, пераарыентавала эканоміку на экспарт і стала адыгрываць ролю на палітычнай арэне. Аднак ментальнасць так хутка не мяняецца.
Беларусь нічога не робіць
“Пра што казаць, калі за 20 год незалежнасці Інстытут гісторыі нашай АН так і не выдаў ніводнай "Гісторыі Беларусі" па-ангельску!" — абураецца выкладчык гісторыі ўніверсітэта Паўднёвага Стакгольма, аўтар кнігі “Шведы ў культуры і гісторыі беларусаў” Андрэй Катлярчук.
Слова | Колькасць адказаў | Доля рэспандэнтаў |
Расія | 117 | 20.9% |
Гарэлка | 91 | 16.3% |
Халодна | 88 | 15.7% |
Вайна | 81 | 14.5% |
Снег | 64 | 11.4% |
Белы | 59 | 10.6% |
Мафія | 42 | 7.5% |
Вушанка | 41 | 7.3% |
Зброя | 40 | 7.2% |
Бяднота | 38 | 6.8% |
Кастусь Лашкевіч, ТUT.BY