Пра першага беларускага студэнта ў Чэхіі

Хто з нашых землякоў у далёкай мінуласці першым апынуўся ў Чэхіі? На такое пытанне немагчыма даць канкрэтны адказ, бо відавочна, што паміж дзвюма землямі існавалі сувязі, перадусім гандлёвыя.

Хто з нашых землякоў у далёкай мінуласці першым апынуўся ў Чэхіі? На такое пытанне немагчыма даць канкрэтны адказ, бо відавочна, што паміж дзвюма землямі існавалі сувязі, перадусім гандлёвыя. І нашыя купцы яшчэ ў раннім сярэдневеччы маглі наведваць Прагу, якая была буйным гандлёвым цэнтрам, але іх імёны да нас не дайшлі. Першае ж імя нас адсылае ў другую палову ХІV ст. у часы, калі Вялікае Княства Літоўскае, што было ў вачох тагачаснай Еўропы паганскім краем, супрацьстаяла націску Тэўтонскага ордэну.

Гісторыя супрацьстаяння была доўгая і крывавая, і мелі месца ў ёй як гераічныя учынкі, так і здрада з подласцю. Адным з эпізодаў гэтага змагання стаў перабег сына князя Кейстута Бутаўта да крыжакоў у 1365 годзе. Бутаўт, які быў князем драгічынскім, стаў першым з дынастыіі Гедымінавічаў, хто прыняў каталіцкі хрост. Адбылося гэта 25 ліпеня 1365 года ў Кёнігсбергу. Крыжакі разлічвалі выкарастаць Бутаўта, які прыняў новае імя Генрых, для таго каб захапіць літоўскую сталіцу Вільню. І сапраўды Генрых-Бутаўт правёў крыжацкае войска бродамі аж пад віленскія муры, чаго ніколі дагэтуль не здаралася. Крыжакі аднак не змаглі захапіць горад, і іх выправа скончылася паразай. Перабежчык стаў Ордэну непатрэбны, і Генрых-Бутаўт пакінуў крыжацкія землі.

Сын Кейстута урэшце рэшт знайшоў сабе месца пры двары імператара Святой рымскай імперыі, якім быў у той час чэшскі кароль з дынастыі Люксембургаў Карл IV. Ад імператара Бутаўт атрымаў тытул герцага і нейкую зямлю ва ўладанне. Ажно да смерці Карла IV ў 1377 годзе, можна было знайсці Генрыка-Бутаўта сярод світы імператара ў Празе, якая была тады сталіцай імперыі, у Італіі ці Германіі, як герцага літоўскага (dux Lithwanie) ці нават як караля літвінаў (rex Litwinorum).

Пасля 1377 нам нічога невядома пра Бутаўта. Але хронікі паведамляюць пра ягонага сына Войдата, які збег у 1381 годзе “ад літвінаў і русінаў” у прускі горад Рызенбург, адкуль скіраваўся ў Прагу на двор чэшскага караля Вацлава IV, рымскага караля і сына Карла IV, каб прыняць хрост. Ёсьць падставы лічыць, што менавіта Войдат, прыняўшы імя Ян, стаў пасля ў 1401 годзе другім рэктарам адноўленага Ягайлам кракаўскага ўніверсітэта. Ян памёр падчас свайго рэктарскага тэрміну. Цікава, што ягоны наступнік, узгадвае аб тым, што Ян “вывучаў тэалогію ва ўнівэрсітэце”. Верагодна, што ўнівэрсітэтам тым быў унівэрсітэт у Празе. Таму з пэўнай доляй верагоднасці Яна-Войдата можна лічыць першым вядомым студэнтам з беларускіх і літоўскіх земляў у Празе.

"Беларускі квартал"