Ад нядаўняга часу на паліцах віленскіх кнігарань з’явілася ўнікальнае выданне – “Ivano Luckevičiaus Kitabas / Китаб Ивана Луцкевича” з падзагалоўкам “Помнік народнай культуры літоўскіх татараў” (Інстытут літоўскай мовы, Вільня 2009).
Тоўсты фаліянт на 800 старонак прысвечаны аднаму з важнейшых рукапісаў татараў Вялікага княста Літоўскага, Рускага і Жамойцкага – кітабу Івана Луцкевіча, які да 1945 года захоўваўся ў Беларускім музеі імя І. Луцкевіча ў Вільні, а пазней быў перададзены Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы.
Акрамя факсіміле рукапісу, транслітэраванага тэксту, перакладаў рукапісу на літоўскую і рускую мовы выданне змяшчае таксама шэраг артыкулаў аб рукапісе, праблемах транслітэрацыі і прынцыпах перакладу.
У прадмове да выдання, у прыватнасці, гаворыцца, цытую:
“…Выбар рукапісу ў якасці аб’екта даследвання абумоўлены некалькімі прычынамі. Па-першае, са знаходжаннем І. Луцкевічам (1915) рукапісу ў вёсцы Сорак Татараў (Віленскі раён) пачынаюцца інтэнсіўныя даследванні культурнай спадчыны літоўскіх татараў у міжваенны перыяд, які стаў перыядам нацыянальнага адраджэння татарскай супольнасці Літвы. Па-другое, моўныя і фактычныя даныя рукапісу дазваляюць думаць, што аналізуемы тэкст ствараўся ў той час, калі працэс моўнай асіміляцыі татараў яшчэ ня быў завершаны, але сярод татараў ужо былі людзі, якія ня ведалі мовы сваіх продкаў і выкарыстоўвалі мову іншанацыянальнага атачэння ў якасці роднай. Гэта ў сваю чаргу надае асаблівую значнасць моўным сведчанням, якія ўтрымоўваюцца ў помніку. І, нарэшце, у сувязі з тым, што змест кітаба надзвычай багаты і разнастайны, рукапіс можна лічыць своеасаблівай энцыклапедыяй жыцця мусульманаў Вялікага княства Літоўскага”, – канец цытаты.
У артыкуле “Палеаграфічнае апісанне рукапісу” сцвярджаецца, што “…Калі не прымаць пад увагу вельмі нешматлікіх польскіх ці польска-беларускіх тэкстаў, рукапіс напісаны на беларускай мове з параўнальна невялікай колькасцю фанетычных і лексічных паланізмаў…”
У працы скарыстана сістэма транслітэрацыі, распрацаваная Антонам Антановічам.
Падрыхтавала выданне доктар гуманітарных навук, дацэнт Віленскага ўніверсітэта Галіна Мішкінене пры падтрымцы:
Дырэкцыі па святкаванні тысячагоддзя Літвы пры канцылярыі Прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі; Фонда падтрымкі культуры Літоўскай Рэспублікі; Дэпартамента нацыянальных меншасцей і эміграцыі пры Ўрадзе Літоўскай Рэспублікі; Літоўскага дзяржаўнага фонда па навуцы і адукацыі; Навуковай рады Літвы.
Тыраж – 300 экз. Валянцін Стэх, westki.info