Пабачыла свет беларускае выданне кнігі Станіслава Станкевіча “Беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі”.
У кнізе аўтарам даследуецца беларускі рэгіяналізм як адметная з’ява ў еўрапейскай культуры пачатку XIX стагоддзя. Гэтая з'ява нарадзілася “зацікаўленасцю і даследаванняммі” беларускага фальклору з боку патрыятычна настроенай ліцвінскай моладзі, якая пачала выкарыстоўваць беларускую народную творчасць у сваіх літаратурных працах. З гэтага пункту гледжання аўтарам аналізуецца творчасць Тамаша Зана, Яна Чачота, Ануфрыя Петрашкевіча, Тэадора Лазінскага, Антона Эдварда Адынуа, Аляксандра Ходзькі і іншых паэтаў.
Асноўная частка кнігі прысвечана творчасці Адама Міцкевіча, аналізу беларускіх элементаў у ягоных творах.
“Зробленае Станкевічам уражвае сваёй маштабнасцю, грунтоўнасцю. Значэнне ягонае кнігі не траціцца з часам. Менавіта даследаванні такога тыпу, даследаванні, якія даводзяць уплыў беларускае архаікі на светапогляд А. Міцкевіча, на ягоную творчасць, даюць падставы сцвярджаць: паэзія Адама Міцкевіча - гэта беларуская польскамоўная паэзія, -- піша перакладчык кнігі Мікола Хаўстовіч у прадмове.
Даследаванне Станіслава Станкевіча “Беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі” ўпершыню было выдадзена ў 1936 на польскай мове. Сенат Віленскага ўніверсітэта прысудзіў за яго аўтару (пасля здачы неабходных іспытаў) ступень доктара філасофіі ў галіне польскай і славянскай філалогіі.
***
Станіслаў Станкевіч. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі. Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010, 211 стар.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"