Беларусь-Амэрыка: лёсы землякоў. Лейвік Гальперн

Выдатны гэбрайскі паэт і драматург, клясык літаратуры ідыш Лейвік Гальперн (пісаў пад імем “Лейвік Г.”) нарадзіўся ў 1888 годзе ў мястэчку Ігумен Менскай губэрні (цяпер Чэрвень).

Беларусь-Амэрыка: лёсы землякоў

Лейвік Гальперн

(1888 - 1962)

Лейвік ГальпернВыдатны гэбрайскі паэт і драматург, клясык літаратуры ідыш Лейвік Гальперн (пісаў пад імем “Лейвік Г.”) нарадзіўся ў 1888 годзе ў мястэчку Ігумен Менскай губэрні (цяпер Чэрвень).У сям’і было 11 дзяцей, бацька – хатні настаўнік для дзяўчынак, і маці – пекарка, не давалі рады выбіцца з галечы, іхных заробкаў не хапала на ўтрыманьне сям’і. У дадатак бацька, высока адукаваны ў гэбрайскім традыцыйным сэньсе чалавек, нашчадак Ар’е-Лейба Гінцбурга (“Шаагат Ар’е”) – выбітнага менскага рабіна і найбліжэйшага вучня Віленскага Гаону, нудзіўся сваёю “нізкаю”, як ён лічыў, працаю і выліваў сваю незадаволенасьць на дзяцей. Успаміны дзяцінства пасьля сталі вершамі й выявамі ў творчасьці Лейвіка. Зусім малым Лейвік стаў сьведкам таго, як сястра, гуляючы ля печы, калі побач не было дарослых, моцна абпалілася і памерла ў страшэнных пакутах.

У 5 гадоў Лейвік пачаў традыцыйную гэбрайскую адукацыю ў хэдэры, а ў 10 гадоў яго адправілі вучыцца ў рэлігійную школу-ешыву (ешыбот) у м. Беразіно. Там ад вальнадумнага настаўніка Моўшы Рубенчыка Лейвік даведаўся пра сьвет па-за мястэчкам і ешыботам, стаў чытаць кнігі гэбрайскіх асьветнікаў-“маскілаў”, пачаў вывучаць сьвецкія навукі. Увесь час вучні ешывы галадавалі, “ядучы дні” ў жыхароў мястэчка, калі ў вызначаныя дні тыя бралі паасобных вучняў да сябе на абед. Ежы не хапала, і ад голаду Лейвік меў галюцынацыі, а ногі ягоныя абсыпала струпамі. Разам з тым той цяжкі час стаў часам фармаваньня характару і захапленьняў Лейвіка і пакінуў сьлед на усё жыцьцё. Пасьля году працы ў Мікалаеве, куды сям’я пераехала ў пошуках лепшае долі, але мусіла вярнуцца ў Ігумен, Лейвік правёў два сэмэстры ў Менскай ешыве пры Сінагозе ваданосаў, але ў 1903-м годзе кінуў вучобу і наняўся парабкам да гэбрайскага селяніна-ішэўніка ў вёсцы Дамавіцк пад Ігуменам. У тыя цяжкія часы Лейвік, пад уплывам навакольнай прыроды і сялянскага жыцьця пачаў пісаць вершы па-гэбрайску.

У 1905 годзе Лейвік стаў сябрам гэбрайскай рэвалюцыйнай партыі Бунд, пачаў пісаць на ідыш, і кінуў хадзіць у сынагогу. Лейвік быў арыштаваны на бундаўскай дэманстрацыі ў Ігумене, але яго выпусьцілі, і ён перабраўся ў Менск, дзе дапамагаў арганізоўваць страйкі. Калі Лейвік наведаў Ігумен у 1906 г., паліцыя зноў арыштавала яго. Гэтым разам пры Лейвіку была нелегальная літаратура і ўлёткі. Яго трымалі тры месяцы ў Ігумене, а потым два гады Лейвік адседзеў у Менскай вязьніцы, чакаючы суду. Лейвік пазьней пісаў, што словы “катарга”, “Сыбір” выклікалі дваістыя адчуваньні – як месца жахаў і пакутаў, і  як шлях, праз які прайшлі найбольш адданыя і мужныя змагары з царскім самаўладзьдзем. Вырок суду быў: 4 гады турмы і вечнае пасяленьне ў Сыбіры. Па выроку Лейвіка закавалі ў кайданы, ягонае турэмнае жыцьцё пагоршылася, пачаліся карцары, галодныя страйкі, зьбіцьцё. У Менскай турме Лейвік напісаў сваю першую драматычную паэму “Кайданы Машыяха”.

Потым Лейвіка перавялі ў Бутырскую турму ў Маскве, а пазьней па этапу выслалі ў Сыбір, у паселішча Віцім на рацэ Лена. Здольнасьць да маляваньня і веданьне розных фахаў дапамаглі Лейвіку перажыць суворую зіму 1912-1913 гг. Адтуль у 1913-м годзе Лейвік з дапамогаю сяброў і на грошы арганізацыі ў Нью-Ёрку, што займалася дапамогаю палівязьням Расеі, уцёк у Амэрыку.

Вынесеныя з турмы празь сяброў вершы Лейвіка пачалі друкавацца ў амэрыканскай прэсе на ідыш, першы – яшчэ ў 1907 годзе (газ. “Цайтгайст”, Нью-Ёрк).  Аднак на чыста літаратурную працу ўладкавацца было немагчыма, і Лецвік пачаў працаваць на фабрыцы адзеньня ў Філядэльфіі за 6 дал. на тыдзень. Там ён быў уведзены ў мясцовыя літаратурныя колы, праз рэдактара “Ды Ідышэ Вэлт” Манэ Каца і земляка з Дукоры Баруха Ўладэка-Чарнага, што быў загадчыкам філіі “Форвэртс”.

У 1915-м годзе Лейвік перабраўся ў Нью-Ёрк і стаў працаваць маляром-шпалернікам, працягваючы займацца літаратурнаю дзейнасьцю. У 1918-м годзе Б. Ўладэк дапамог Лейвіку выдаць першы зборнік вершаў “Пад замком”. Зборнік уключаў цыклі вершаў, прысьвечаныях дзяцінству, зьняволеньню, бядзе і галечы. Поўныя журбы вершы тым ня менш поўныя трапных выяваў, мастацкіх параўнаньняў, абразкоў жыцьця таго часу. У іх знайшлі адлюстраваньне прырода і людзі Беларусі, цяжкая доля сялянства, аптымізм і часам нават гумар. Лейвік у другім зборніку вершаў (1919) стаў хіліцца да містычных матываў, кшталціў мэтрыку і рытм вершаў. Ён уводзіў у творчасьць мэтады, характэрныя для сымбалізму, зь ягонай абстрактнасьцю і адстароненасьцю выяваў.Лейвік стаў на пачатку 1920-х адным з заснавальнікаў літаратурнай групы “Ды Юнге” (“Маладыя”), куды ўваходзілі таксама Апатошу, Ігнатаў, М. Лейб, М.-Л. Гальперн, З. Ландой ды інш. Увесь час паэт актыўна друкаваўся у газэтах і часапісах на ідыш, у тым ліку камуністычнай “Фрайгайт”, але потым парваў зь ёю сувязі і заснаваў тыднёвік “Ды Вох”, што зьмяшчаў крытычныя матэрыялы пра Саветы.

Лейвіка цікавілі агульначалавечыя і нацыянальныя праблемы, месца творцы ў нацыянальным руху свайго народу. Лейвік напачатку 1920-х, пад уплывам падзеяў у Эўропе 1914-1921 гг., напісаў шэраг паэмаў аб надыходзячай пагрозе пагромаў, дыктатураў і рэпрэсіяў, якія аказаліся прарочымі. Адначасна Лейвік працаваў над драматычнаю паэмаю “Голем” (1921). Ён уключыў у сярэднявечную легенду пра ажыўленага глінянага ідала спадзевы на рэвалюцыю як абнаўленьне жыцьця і выратаваньне сьвету, постаці гэбрайскага Мэсыі – Машыяха, Хрыста і рабіна Магараля – стваральніка Голема. Паднятыя ў паэме пытаньні пра слушнасьць рэвалюцыяў, суадносіны героя і натоўпу, творцы і стварэньня пададзеныя ў мадэрнісцкай форме і насычаныя агульначалавечым зьместам. Нездарма “Голем” стаў адною з найбольш вядомых працаў Лейвіка і клясыкаю літаратуры ідыш, ня раз ставіўся ў тэатрах як на ідыш, так і ў перакладах на іншыя мовы (першая пастаноўка – тэатар “Габіма” у Маскве, 1925 г.). У наступных творах  паэт зьвяртаўся да тэмаў канфлікту асабістых і грамадзіх інтарэсаў, індывідуальнага тэрору, маральнасьці мэтаў і сродкаў змаганьня (“Транты”, “Гірш Лекерт”, “Ланцугі”).

Лейвік у 1925 годзе наведаў Савецкі Саюз,  у тым ліку родныя мясьціны ў савецкай Беларусі. Ён пабываў , між іншага, у Інбелкульце і быў моцна ўражаны працаю, якую вяла беларуская інтэлегенцыя ў аднаўленьні нацыянальнае культуры. Пазьней, пры сустрэчы з гэбрайскімі дзеячамі ў Маскве, Лейвік адзначаў: “Нажаль, у вашай працы адчуваю нейкую боязь, заціснутасьць... Няма таго патасу, таго трымценьня, зь якім беларусы ставяцца да сваёй культуры...” Лейвік лічыўся ў саветах “пралетарскім паэтам”, ягоныя вершы некалькі разоў выдаваліся ў Кіеве і Маскве. Аднак неўзабаве “пралетарскі крытык” М. Літвакоў стаў бэсьціць Лейвіка за “неразуменьне савецкага шляху разьвіцьця”, “сацыяльны пэсымізм”. Наведаньне СССР адкрыла Лейвіку вочы на сапраўдны стан справаў у “раі працоўных” і “краіне дружбы народаў”. У далейшым савецкая крытыка перавяла Лейвіка ў катэгорыю “дробнабуржуазных нацыяналістаў”. Канчатковае пагаршэньне адносінаў з Саветамі выклікала пазыцыя Лейвіка адносна падзеяў у Палестыне ў канцы 1920-х.

Увесь гэты час, да 1932 году, Лейвік днём працаваў шпалернікам, а ўначы пісаў вершы. Улетку 1932 году абвастрылася ягоная хвароба – сухоты, і паэт з дапамогаю сяброў трапіў у санаторыю для сухотнікаў у Дэнвэры, дзе правёў 3 гады, а затым перабраўся ў санаторыю “Арбэтэр Рынк” у Лібэрты, штот Нью-Ёрк. Гэты пэрыяд стаў найбольш плённым у ягонай творчасьці. Матывы яе з рэвалюцыйных пераходзяць да інтраспэктыўна-філязофскіх, паэт шукае сэнс жыцьця, ягоныя маральныя і этычныя падваліны, выкарыстоўваючы перш за ўсё біблійныя і сярэднявечныя сюжэты (“Вершы з раю”, “Збаўленчая камэдыя”, “Зьвязаньне Ісака”, “Садом”, “Абэляр і Эляіза”). Ачуняўшы ад хваробы, Лейвік наведаў у 1937 годзе Палестыну і выдаў кнігу падарожных нататак аб ёй.

Моцны ўплыў на далейшую творчасьць паэта зрабіла Другая сусьветная вайна і катастрофа эўрапейскага гэбрайства. Зборнікі вершаў “Цуд у геце”, “Я ня быў у Трэблінцы”, “Вясельле ў бары” напісаныя па выніках падзеяў той пары і наведаньня лягераў уцекачоў у паваеннай Эўропе. Адзінота чалавека і ягоная няздольнасьць спачуваць пакутам іншых адлюстраваныя ў драматычнай паэме “У дні Іёва” (1953). Лейвік стаў агульнапрызнаным клясыкам літаратуры ідыш, былі апублікаваныя ягоныя зборы твораў, ягоныя вершы друкаваліся ў школьных падручніках, яго запрашалі на розныя імпрэзы. Аднак духовыя пошукі паэта працягваліся, і ён пакрыёма стаў пытацца ў сябе: “ці мая краіна – Амэрыка?” У 1950 і 1957 Лейвік двойчы наведаў Ізраіль, і па некаторых зьвестках меўся пераехаць туды. Аднак у 1958 годзе прыйшла трагедыя – яго разьбіў паралюш, і ў 1962 г. паэта ня стала.

Лейвік дасюль застаецца адным з найдасканалых майстроў лірычна-філязофскага радка на ідыш і клясыкам ня толькі літаратуры на ідыш, але сусьветнай літсратуры. Ягоныя творы дасюль ставяцца на сцэнах сьвету.

Віталь Зайка, "Беларус", № 571 за жнівень 2010 г.

Фота: newswe.com