Дзень Беларусі пройдзе на Маскоўскай кніжнай выстаўцы 2 верасня

Дзень Беларусі пройдзе на XXIII Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы 2 верасня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі Беларусі.

Ужо распрацавана і зацверджана праграма ўдзелу Беларусі як ганаровага госця XXIII Маскоўскай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Спецыяльна для гэтага Міністэрствам інфармацыі створаны аргкамітэт, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Расіі, міністэрстваў адукацыі і культуры, Нацыянальнай акадэміі навук, Саюза пісьменнікаў Беларусі, выдавецкіх, паліграфічных і кнігагандлёвых арганізацый. Праграма мае дзелавы, культурны характар і насычае кожны выставачны дзень мерапрыемствамі па розных тэматычных напрамках: 1 верасня - Дзень ведаў, 2 верасня - Дзень Беларусі, 3 верасня - Дзень Садружнасці, 4 і 5 верасня - Дні чытача. Цырымонія адкрыцця беларускай экспазіцыі адбудзецца 1 верасня. Паколькі ў гэтым годзе Беларусь з'яўляецца ганаровым госцем выстаўкі-кірмашу, нацыянальная экспазіцыя разгорнецца на пляцоўцы 320 кв.м (раней паведамлялася, што гэта будзе 300 кв.м). Узоры сваёй прадукцыі прадставяць больш за 40 вядучых выдавецтваў і паліграфічных прадпрыемстваў краіны. Сярод беларускіх удзельнікаў праекта таксама Нацыянальная кніжная палата, Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальны інстытут адукацыі, Саюз пісьменнікаў Беларусі. Сярод мерапрыемстваў першага выставачнага дня - прэзентацыя захавальніка кніжнай спадчыны Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, "Планета ведаў" з дырэктарам Інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя доктарам фізіка-матэматычных навук Васілём Стражавым. Акрамя таго, у гэты дзень Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы будзе ўручаны падарачны сертыфікат на атрыманне лепшых беларускіх выданняў. У Міністэрстве інфармацыі адзначылі, што адным з важнейшых мерапрыемстваў праграмы з'яўляецца правядзенне 2 верасня Дня Беларусі з прэзентацыяй нацыянальнай экспазіцыі, якая пройдзе на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы кніжнага форуму з удзелам творчых калектываў краіны. Сярод мерапрыемстваў Дня Беларусі асаблівай увагі заслугоўваюць літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная 65-годдзю Вялікай Перамогі, прэзентацыя факсімільных выданняў Беларускага экзархату "Слуцкае Евангелле" (з перадачай кнігі ў дар Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы), а таксама першакнігі беларускай нацыі "Полацкае Евангелле". XXIII Маскоўская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш пройдзе з 1 па 6 верасня.

“БЕЛТА”